2024 — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Васіль Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Свае ўспаміны пра Васіля Ўладзімеравіча пад назвай «Вясна з Быкавым» я напісаў і апублікаваў яшчэ ў 2005 годзе. З таго часу здавалася, што ўсё, што мне хацелася сказаць пра яго, было тады сказана. Але 100-гадовы юбілей вялікага беларуса прымусіў зноў задумацца над неверагоднай сілай яго таленту і ўдакладніць некаторыя высновы.
Памятаю, тэкст я пачаў з думкі пра вялікую шляхетнасьць і далікатнасьць Быкава як чалавека. Сёньня я думаю, што ён — самы вядомы ў сьвеце беларускі творца, які ў максымальнай ступені акумуляваў і прадэманстраваў народны архетып беларуса. Быкаў стаў найвышэйшым інтэлектуальным і творчым выяўленьнем беларускага этнасу і этасу.
Я лічу, што крыніца творчай сілы Быкава і матывацыя ўсёй яго творчасьці — гэта яго гранічная чалавечая прыстойнасьць, якая ў нашым выпадку зьяўляецца сынонімам прыстойнасьці народнай, сялянскай, зразуметай як сукупнасьць этычных нормаў, нораваў і звычаяў, якую яшчэ ў антычныя часы назвалі этасам.
Існуюць розныя погляды на існаваньне нацыянальнага характару, які яшчэ называюць мэнталітэтам. Адны гісторыкі яго адмаўляюць, іншыя лічаць, што нейкі спэцыфічны лад мысьленьня і сыстэма вобразаў, пры дапамозе якіх той ці іншы народ складае сваё ўяўленьне пра сьвет і сваё месца ў ім, усё ж існуе і што менавіта ён вызначае паводзіны і ўчынкі людзей. Я таксама думаю, што нацыянальны характар існуе.
Гэтага нельга было ня ўбачыць у традыцыйнай беларускай вёсцы, якая, нягледзячы на сацыяльныя і эканамічныя трансфармацыі ХІХ і ХХ стагодзьдзяў, дажыла прынамсі да 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Беларус стагодзьдзямі рэалізоўваў сябе на невялікай, адваяванай у лесу прасторы ва ўмовах свабоды, а пасьля — частковага ці поўнага прыгону, цяжкіх войнаў і іншых гістарычных катаклізмаў. Дапамогі чакаць не было ад каго, трэба было спадзявацца толькі на сябе (адсюль у беларускіх небыліцах героі самі сябе выцягваюць з балота).
Беларус — гэта асьцярожны, троху недаверлівы, зьнешне стрыманы чалавек, які дакладна ведае розьніцу паміж «сваім» і «чужым» і які, нягледзячы на купалаўскую «крыўду» на плячах, глыбока хавае ў сабе прытоены аптымізм і надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасьці.
Беларус ня любіць ваяваць і да апошняга адцягвае вайну, асабістую ці агульную. Занадта цяжкі быў яго гістарычны шлях і вопыт. Але калі ён трапляе ў нявыкрутку, то пачынае змагацца і за сябе, і за радзіму — дысцыплінавана, сумленна і зацята.
Але ня толькі гэта. Беларускія сяляне за стагодзьдзі выпрацавалі спэцыфічную мараль і этычныя правілы паводзінаў, якія стварылі і вартую захапленьня бытавую культуру. Адна цырымонія супольных сямейных трапезаў у сялян чаго вартая! Або прыродная асабістая годнасьць вяскоўцаў, якую не змаглі за стагодзьдзі вынішчыць шматлікія заваёўнікі і гаспадары.
Усё гэта захавала беларуская вёска. У горадзе зь яго эканамічнай канкурэнцыяй і барацьбой народныя этыка і мараль вельмі хутка адыходзілі на другі плян і забываліся ў наступных пакаленьнях. А вось у вёсцы, дзе за стагодзьдзі прыгону было менш эканамічнай канкурэнцыі, але больш творчага спаборніцтва ў сельскагаспадарчых практыках, народныя этыка і мараль самаўзнаўляліся з пакаленьня ў пакаленьне.
Таму для нас, сучасных беларусаў, ключавым момантам культурнай гісторыі нацыі стала нараджэньне Васіля Быкава ў беларускай вёсцы, яго сялянскае паходжаньне. Менавіта там, пры наяўнасьці розных людзей і розных жыцьцёвых калізій — зайздрасьці, рэўнасьці, подласьці, сямейных і межавых канфліктаў — народ агулам яшчэ захоўваў сваё векавое імкненьне да справядлівасьці, сваю этыку.
Памятаеце, як у жніўні 2020 году, падчас пратэстаў па ўсёй краіне пасьля выбараў прэзыдэнта, просты работнік «Гроднажылбуду» падчас мітынгу сказаў літаральна наступнае:
«Я сапраўды ганаруся сваім беларускім народам. Мне ня трэба ні NATO, ні Расеі. Мы павінны быць адны — з нармальным, сумленным кіраўніцтвам. На чале краіны павінен быць такі ж самы сумленны прэзыдэнт, як і мы».
Я ўжо цытаваў неяк гэты неверагодны выступ і назваў яго «маніфэстам нашага спрадвечнага сьціплага і культурнага народу, які стагодзьдзямі цярпеў ад сваіх і чужых гаспадароў і марыў усяго толькі пра спакойную працу на сябе самога і сваіх дзяцей».
Цяпер магу дадаць, што гэта было і вяршыннае выяўленьне народнага імкненьня да справядлівасьці, якое ў выпадку Васіля Быкава ператварылася ў яго імкненьне да ісьціны, да праўды. Вось як ён сам пра гэта аднойчы сказаў:
«Нават калі нічога ніхто не пачуе, усё роўна наш абавязак, абавязак творцаў — гэта тварыць, памятаючы, што ісьціна ўсё-ткі за намі. За імі, тымі, хто выступае супраць, — перамога, а за намі ісьціна».
Гэтае народнае імкненьне да справядлівасьці, да праўды яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі вельмі дакладна адчуў і зразумеў Кастусь Каліноўскі, які вырас у беларускай вёсцы. Таму ён назваў першую беларускую газэту «Мужыцкай праўдай» і напісаў: «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па сьвеце!».
Васіль Быкаў стаў увасабленьнем беларускага народнага імкненьня да праўды. Адсюль, ад яго беларускіх народных вытокаў паходзіць жаданьне пісьменьніка паказаць вайну без ідэалягічнага шалупіньня, без плякатаў і пераможных гімнаў. Адсюль яго пагарда да «асабістаў» і іхнай згубнай ролі для простага чалавека на вайне. Адсюль такія героі, многія зь якіх зьяўляюцца як бы маральнымі копіямі самога Быкава, носьбітамі яго чалавечай беларускай прыстойнасьці.
І адсюль уся лінія яго жыцьця, якая вызначаецца, з аднаго боку, адмовай ад кар’еры, якая нярэдка вымагае кампрамісаў з сумленьнем, а зь іншага — цьвёрдым, непахісным імкненьнем да ісьціны, да праўды — або, па-народнаму, да справядлівасьці.
Вось чаму я лічу бясспрэчнай крыніцай творчай сілы Быкава і яго творчага мэтаду — глыбокую беларускую народную прыстойнасьць, якая зьяўляецца галоўным зьместам нацыянальнага этасу.
Быкаў — адзін з волатаў нашага духу.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.
Форум