Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі заявілі, што Пуцін можа пазьбегнуць арышту ў выпадку ягонага прыезду на наступны Саміт міру


Віёла Амгерд і Ўладзімір Зяленскі, 15 чэрвеня 2024
Віёла Амгерд і Ўладзімір Зяленскі, 15 чэрвеня 2024

15–16 чэрвеня Швайцарыя прымала Глябальны саміт міру, у якім удзельнічалі больш за 100 дзяржаў. Расеі, Кітаю і Беларусі на саміце не было.

Прэзыдэнтка Швайцарыі Віёла Амгерд заявіла аб законных магчымасьцях расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ўдзельнічаць у наступным Саміце міру без пагрозы яго арышту, калі галоўнай мэтай будуць перамовы з Украінай.

«Калі прысутнасьць [Уладзіміра Пуціна] неабходная для правядзеньня канфэрэнцыі, то можна зрабіць выключэньне, напрыклад для мірных перамоў па Ўкраіне», — адказала Віёле Амгерд на пытаньне, ці ня будзе абавязаная Швайцарыя арыштаваць Пуціна, ордэр на арышт якога выдаў Міжнародны крымінальны суд (МКС), у выпадку яго прыезду на магчымы другі Саміт міру ў Швайцарыі.

Як паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода, Віёла Амгерд заявіла пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі па выніках першага Саміту міру.

Міністар замежных спраў Швайцарыі Ігнаціё Касіс таксама заявіў, што «прыезд Пуціна на Саміт міру ў Швайцарыі можа было б арганізаваць, але трэба было б гэта ўзгадніць зь Міжнародным крымінальным судом».

«Гэта можна арганізаваць. Нашы законы гэта дазваляюць. Але мы павінны былі б зрабіць гэта разам з МКС. Аднак краіна, якая прымае, можа зрабіць выключэньні ў гэтым пытаньні», — адзначыў кіраўнік МЗС Швайцарыі.

15–16 чэрвеня Швайцарыя прымала Глябальны саміт міру, у якім удзельнічалі больш за 100 дзяржаў. Расеі, Кітаю і Беларусі на саміце не было.

80 краін і чатыры арганізацыі, сярод якіх Рада Эўропы, Эўракамісія, Эўрапейская рада і Эўрапарлямэнт, падтрымалі супольнае камюніке па выніках Глябальнага саміту міру.

У сакавіку 2023 году МКС выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і Ўпаўнаважанай у правах дзяцей у Расеі Марыі Львовай-Бяловай. Празь некалькі дзён Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу супраць пракурора і трох судзьдзяў МКС, якія выдалі ордэр.

Міжнародны крымінальны суд — міжурадавы орган крымінальнай юстыцыі, у кампэтэнцыю якога ўваходзіць перасьлед асобаў, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і злачынствы агрэсіі. Штаб-кватэры МКС знаходзіцца ў Гаазе (Нідэрлянды). У арганізацыі працуюць больш за 900 асобаў з амаль 100 краін сьвету.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG