У «Саміце міру», як чакаецца, возьмуць удзел 92 краінаў і 8 міжурадавых арганізацыяў. 15 чэрвеня саміт адкрые прэзыдэнтка Швайцарыі Віёла Амгерд, паведаміла напярэдадні прэс-служба ўраду Швайцарыі. Саміт прадоўжыцца да другой паловы дня 16 чэрвеня.
Швайцарыя з ініцыятывы Кіева арганізавала гэты міжнародны сход, каб абмеркаваць шляхі супрацьстаяньня расейскай агрэсіі і дасягненьня міру ва Ўкраіне. Мэта саміту — стымуляваньне будучага мірнага працэсу і вызначэньне практычных элемэнтаў і крокаў на шляху да такога працэсу. «Арганізуючы саміт, Швайцарыя дае плятформу для дыскусіі, дзе ўсе прысутныя дзяржавы могуць выказаць свае ідэі і бачаньне справядлівага і працяглага міру ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні швайцарскага ўраду.
Адзначаецца, што на канфэрэнцыі будуць абмяркоўваць ядзерную бясьпеку, харчовую бясьпеку і гуманітарны аспэкт (вяртаньне ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расею, абмен ваеннапалоннымі), а таксама наступныя крокі, да якіх будзе прыцягнутая Расея.
На саміце чакаюць прысутнасьці кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Японіі, Канады, а таксама шэрагу краін Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не прыедзе на мерапрыемства — краіну будуць прадстаўляць віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс і дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.
Масква, якую не запрасілі на гэтую канфэрэнцыю, назвала гэтую сустрэчу беспэрспэктыўнай. Кітай, які мае шчыльныя сувязі з Расеяй, заявіў, што не паедзе на канфэрэнцыю, паколькі яна не адпавядае патрабаваньням Пэкіну, у прыватнасьці што да ўдзелу Расеі. Як паведаміла Reuters са спасылкай на дыпляматаў, Кітай, прапускаючы «Саміт міру», лабіюе ва ўрадах свой альтэрнатыўны мірны плян.
Кавалеўскі: «АПК правёў кансультацыі з замежнымі ўрадамі дзеля ўліку інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі падчас саміту»
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі заявіў, што гэты саміт «павінен стаць практычным крокам у кірунку непасрэднага ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў мірным працэсе для Ўкраіны» і што дэмакратычныя сілы працягваюць працу па «ўліку беларускіх інтарэсаў у мірным працэсе».
«Па-першае, мы зыходзім з таго, што дасягненьне ўстойлівага міру, а не часовага рашэньня, магчымае толькі тады, калі Беларусь больш ня будзе месцам, адкуль распачнецца новая агрэсія супраць Украіны. Гэта значыць, што ўсе расейскія вайскоўцы павінны пакінуць нашую тэрыторыю назаўсёды.
Па-другое, дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўжо паказаў, што ўнутраныя рэпрэсіі вядуць да вонкавай агрэсіі. Гэта азначае, што рэгіянальны мір і бясьпека магчымыя толькі тады, калі ўлада ў Беларусі вернецца да народу і краіна будзе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі, а не абслугоўваць злачынныя авантуры Расеі. Пакуль будзе рэжым, з тэрыторыі Беларусі будуць працягвацца правакацыі супраць суседзяў», — заявіў Кавалеўскі.
Паводле яго, для Аб’яднанага пераходнага кабінэта «было прынцыпова важна дамагчыся таго, каб на саміце прагучала тэма Беларусі як краіны, інтарэсы якой павінны быць улічаныя і забясьпечаныя пры дасягненьні міру», таму за апошнія некалькі месяцаў АПК правёў «шматлікія кансультацыі з замежнымі ўрадамі дзеля ўліку інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі падчас саміту».
***
За дзень да канфэрэнцыі, 14 чэрвеня, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква спыніць агонь і гатовая пачаць мірныя перамовы, калі Ўкраіна цалкам выведзе войскі з Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей і заявіць аб адмове ўступіць у NATO. Таксама, паводле Пуціна, Захад павінен скасаваць санкцыі супраць Масквы.
У МЗС Украіны заявілі, што «ўсе агучаныя Пуціным ультыматумы ўжо шмат разоў гучалі з Масквы і накіраваныя на тое, каб увесьці ў зман міжнародную супольнасьць». Украінскія дыпляматы адзначылі, што паказальны час абвяшчэньня заявы Пуціна, бо, «закідваючы такія сыгналы ў інфармацыйную прастору напярэдадні саміту міру ў Швайцарыі, Пуцін мае толькі адну мэту: перашкодзіць удзелу лідэраў і краін у гэтым саміце».
Форум