Дэлегацыя МУС Беларусі на чале з начальнікам Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу Дзьмітрыем Мядзьведзевым прыняла ўдзел у Эўрапейскай рэгіянальнай канфэрэнцыі Інтэрпола, якая прайшла ў сталіцы Альбаніі Тыране, паведаміла прэс-служба ведамства.
У канфэрэнцыі, якая прайшла 11-13 чэрвеня, удзельнічалі каля 160 прадстаўнікоў праваахоўных органаў з 54 краінаў. Яны абмеркавалі новыя пагрозы бясьпецы ў Эўропе, барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю і будучыя выклікі паліцыі. У прыватнасьці, гаворка ішла пра міграцыю, кібэрзлачынствы і наркатрафік, паведамляе прэс-служба Інтэрполу.
Эўрапейскі рэгіён Інтэрполу зьяўляецца самым актыўным: у 2023 годзе ў базах дадзеных арганізацыі было ажыцьцёўлена 4,2 мільярда пошукавых запытаў, што складае амаль палову ўсіх праверак у сьвеце, паведамляе прэс-служба ведамства.
- Інтэрпол ахоплівае 195 краін, і ў кожнай краіне ёсьць свой філіял Інтэрполу (Нацыянальнае цэнтральнае бюро), які падпарадкоўваецца мясцовым праваахоўным органам.
- Беларусь апошнім часам нярэдка выкарыстоўвае Інтэрпол для міжнароднага вышуку палітычных апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. Адзін з апошніх прыкладаў — беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт, якога арыштавалі ўлады Сэрбіі ў кастрычніку 2023 году на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. Сэрбскі суд пастанавіў экстрадаваць беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта ў Беларусь.
- Ініцыятыва BelPol у кастрычніку 2021 году апублікавала вынікі расьсьледаваньня, паводле якога рэжым выкарыстоўвае Інтэрпол для рэпрэсій супраць беларусаў, што ўцяклі за мяжу. Пры гэтым для запыту як прыкрыцьцё для палітычнага вышуку выкарыстоўваюць крымінальныя артыкулы, якія фармальна не адносяцца да тых, што выкарыстоўваюцца ў палітычных рэпрэсіях.
- Пра злоўжываньні Інтэрполу з боку аўтарытарных рэжымаў папярэджвае і справаздача праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch аб транснацыянальных рэпрэсіях, апублікаваная 22 лютага. У дакладзе гаворыцца, што гэта адзін з мэтадаў, якія ўрады выкарыстоўваюць, каб прымусіць замаўчаць сваіх грамадзян, якія лічацца крытыкамі рэжыму і знаходзяцца за мяжой.
- Беларуская апазыцыя патрабуе выключыць Беларусь з Інтэрполу. BelPol разам з камандай Ціханоўскай накіравалі ў Інтэрпол ліст, у якім папрасілі спыніць супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі ў сувязі з парушэньнем прынцыпаў працы, прадугледжаных статутам гэтай міжнароднай арганізацыі.
- Інтэрпол у адказ на крытыку не адмаўляе рызыкі злоўжываньняў, але адзначае, што арганізацыя пастаянна кантралюе і ўдасканальвае свае сыстэмы, каб яны заставаліся максымальна эфэктыўнымі.
Форум