Сьцісла:
- Сабраўшы каля сотні прадстаўнікоў розных краінаў, цяжка дамовіцца пра агульныя падыходы да праблемы завяршэньня вайны.
- У Швайцарыю прыедуць ня толькі тыя, хто лічыць Украіну сваім сябрам, але і тыя, каму Ўкраіна глыбока абыякавая.
- У Кіева не сфармавалася бачаньне кітайскай палітыкі.
- Ваюючы зь ядзернай дзяржавай, ня варта называць ворагам яшчэ адну ядзерную дзяржаву, другую эканоміку сьвету.
— Мы назіраем, што арганізацыя «саміту міру», які неўзабаве павінен адбыцца ў Швайцарыі, праходзіць даволі напружана, і прэзыдэнт Украіны Зяленскі рэагуе на гэта дастаткова нэрвова. Ці можна канстатаваць, што ў справе гэтай канфэрэнцыі пакуль усё ідзе не зусім так, як меркаваў афіцыйны Кіеў?
— Як казаў Станіслаў Ежы Лец, «у жыцьці ўсё ня так, як на самой справе». Я думаю, акурат гэта можна сказаць пра Швайцарскую канфэрэнцыю.
На жаль, палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны ўзяло курс на наданьне надта вялікай значнасьці гэтай канфэрэнцыі. Мне, з аднаго боку, зразумела, чаму так зроблена — гэта імкненьне адказаць на запыт на завяршэньне вайны. Зь іншага боку, я разумею, што, сабраўшы каля сотні прадстаўнікоў самых розных краінаў, вельмі цяжка дамовіцца пра нешта агульнае.
Надта вялікая колькасьць краінаў, надта розныя праблемы. І тое, што Ўладзімір Зяленскі скараціў парадак дня канфэрэнцыі да трох пунктаў — свабоднае мараплаваньне, ядзерная бясьпека і вяртаньне ўкраінскіх дзяцей з Расеі — сьведчыць пра ягонае імкненьне знайсьці гэтае агульнае.
Але гэта будзе дастаткова складана. Бо мы сутыкаемся з пэўным парадоксам, калі, з аднаго боку, украінская ўлада хоча, каб у гэтай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел як мага больш прадстаўнікоў дзяржаваў. Але, зь іншага боку, у Швайцарыю прыедуць ня толькі тыя, хто лічыць Украіну сваім сябрам, але і тыя, каму Ўкраіна глыбока абыякавая.
Таму мы бачым і даволі нэрвовую рэакцыю Ўкраіны, і імкненьне любым коштам дабіцца прысутнасьці як мага большай колькасьці кіраўнікоў дзяржаваў на гэтай канфэрэнцыі. Але відавочна, што праблемаў, зь якімі сутыкнуўся афіцыйны Кіеў, хапае.
— Можна меркаваць, што галоўная ідэя канфэрэнцыі была ў тым, каб паказаць, што на баку Ўкраіны ня толькі Захад, але і шмат краінаў Поўдня — Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. Але няўжо не было адпаведнай аналітыкі, якая паказала б, што многія краіны Поўдня не пажадаюць актыўна ўмешвацца альбо проста пабаяцца дражніць Расею і Кітай?
— На жаль, гэта не прагучала. Як мне падаецца, узьнікла пэўная ілюзія, зьявілася завышаная ацэнка. Шкада, бо будзе праблема ў тым, што невысокая эфэктыўнасьць гэтай канфэрэнцыі можа кагосьці падштурхнуць да дыялёгу з Расеяй.
Украінскія ўлады зрабілі стаўку на эмацыйную дыпляматыю, і мне гэта падаецца ня надта слушным крокам.
— Наколькі істотна зьмяніла б сытуацыю тое, калі б у канфэрэнцыі ўзяў удзел прэзыдэнт ЗША Байдэн? Ягоная адсутнасьць — гэта таксама сьведчаньне завышаных чаканьняў і ілюзіяў Кіева?
— Я думаю, так. Думаю, стаўка на тое, што Байдэна ўдасца ўгаварыць, была памылковай. Людзі, якія працавалі над гэтым, відаць, не разумеюць, што таймінг выбарчай кампаніі ў ЗША ніяк не зьвязаны з падзеямі расейска-ўкраінскай вайны.
Расея і Кітай зараз працуюць нават не над зьмяншэньнем колькасьці ўдзельнікаў саміту ў Швайцарыі — яны працуюць над зьмяншэньнем узроўню прадстаўніцтва. Бо калі за адным сталом будуць і прэзыдэнты, і, напрыклад, дарадцы па нацыянальнай бясьпецы, кіраўнікі парлямэнцкіх камітэтаў — то ўзровень канфэрэнцыі істотна зьнізіцца.
— Зяленскі ўжо даволі рэзка выказаўся пра пазыцыю Кітаю — у тым сэнсе, што Пэкін прымушае некаторыя азіяцкія краіны ня ўдзельнічаць на высокім узроўні ў швайцарскай канфэрэнцыі. І тут ужо некаторыя ўкраінскія дэпутаты крытыкуюць за гэта Зяленскага — маўляў, ня трэба было яму так нападаць на Кітай.
— Я лічу, што ў Кіева, на жаль, няма дакладнай пазыцыі ў дачыненьні да Кітаю. І гэта вельмі дзіўна, бо перад пачаткам шырокамаштабнай вайны Кітай пэўны час быў адным з асноўных гандлёвых партнэраў Украіны. У нас не сфармавалася бачаньне кітайскай палітыкі, мы ў гэтым пытаньні павінны быць самакрытычныя.
Калі не сфармуем эфэктыўную замежную дзяржаўную палітыку, нам будзе цяжка адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы. У нас даволі часта прэвалююць эмоцыі. Гэта можна патлумачыць. Больш за 800 дзён працягваецца шырокамаштабнае ўварваньне, людзі стомленыя. Аднак дзяржаўная машына павінна працаваць як гадзіньнік. А не рэагаваць эмацыйна.
— А як Кіеву не рэагаваць эмацыйна, калі Кітай дэ-факта падтрымлівае Расею ў гэтай вайне?
— Я лічу (хоць гэтая пазыцыя не заўсёды знаходзіць падтрымку ва Ўкраіне), што, ваюючы зь ядзернай дзяржавай, ня варта называць ворагам яшчэ адну ядзерную дзяржаву — другую эканоміку сьвету. Бо такі падыход проста здольны зрабіць гэтую вайну бясконцай.
Гэта не азначае, што мы павінны запабягаць перад Кітаем. Гэта азначае, што мы павінны прадэманстраваць здольнасьць весьці зь ім дыялёг. Напрыклад, адзначыць, што Ўкраіна гатовая да таго, каб кітайскія кампаніі бралі ўдзел у пасьляваенным аднаўленьні Ўкраіны. Але пры ўмове, што гэтае аднаўленьне будзе адбывацца ў міжнародна прызнаных межах Украіны — межах 1991 году. Тады гэта будзе і эканамічны, і палітычны аргумэнт.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум