Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галасаваньне онлайн, але не з-за мяжы». У Беларусі распрацавалі канцэпцыю лічбавізацыі выбарчага працэсу


Ігар Карпенка, архіўнае фота
Ігар Карпенка, архіўнае фота

У Беларусі папярэдне распрацавалі канцэпцыю лічбавізацыі выбарчага працэсу, заявіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1». Яна прадугледжвае магчымасьць онлайн галасаваньня для асобных катэгорый грамадзян.

На пытаньне, ці змогуць беларусы калі-небудзь галасаваць онлайн, Карпенка адказаў, што онлайн-галасаваньне — «гэта толькі адна невялікая рыска ў лічбавізацыі». Паводле Карпенкі, канцэпцыя лічбавізацыі прадугледжвае стварэньне інфармацыйнай сыстэмы, якая ахоплівае ўсе стадыі выбарчага працэсу. Напрыклад, будзе створаны адзіны рэгістар выбарнікаў.

Як адзначыў старшыня ЦВК, Беларусь ужо прымяніла асобныя элемэнты лічбавізацыі на «адзіным дні галасаваньня»: напрыклад, складала выбарчыя сьпісы на аснове рэгістру насельніцтва, які вядзецца ў краіне, стварала сыстэму пошуку выбарчага ўчастку па ўведзеным адрасе.

Паводле Карпенкі, у рамках лічбавізацыі выбарчага працэсу асобныя катэгорыі грамадзян атрымаюць магчымасьць галасаваць онлайн, але з-за мяжы электроннае галасаваньне, выглядае, даступна ня будзе.

«Ну і як адзін з элемэнтаў — магчымасьць электроннага галасаваньня для асобных катэгорый грамадзян. Дарэчы, калі нехта наіўна мяркуе, што ў першую чаргу гэта для грамадзян, якія выехалі ў камандзіроўку за мяжу, гэтая сыстэма, то яны памыляюцца. Напрыклад, у Расейскай Фэдэрацыі яны ўвогуле электроннае галасаваньне з-за мяжы адключаюць, таму што, як правіла, гэты элемэнт выкарыстоўваецца для нападаў на адзіную сыстэму галасаваньня», — сказаў Карпенка.

Старшыня ЦВК адзначыў, што канцэпцыю лічбавізацыі папярэдне распрацавалі і будуць абмяркоўваць, а пасьля вызначаць паэтапны плян дзеяньняў. Таксама ён падкрэсьліў, што Беларусі варта абапірацца «ў першую чаргу на свой праграмны прадукт, айчынны», бо «часта бывае так: купілі нейкую прыладу, укаранілі яе, яна зламалася, тут увялі санкцыі, дэталі не даюць і гэтак далей».

  • Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка нібыта набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
  • Ужо ўвечары 9 жніўня ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і затрыманьні пратэстоўцаў. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль.
  • Захад не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі, Лукашэнку ў Эўразьвязе лічаць нелегітымным прэзыдэнтам. З 2020 году ЭЗ увёў некалькі пакетаў санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.
  • Рэжым Лукашэнкі анансаваў правядзеньне чарговых прэзыдэнцкіх выбараў не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG