Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 ліпеня іншаземцы для працы ў Літве павінны атрымліваць часовы дазвол на пражываньне


Дэпартамэнт міграцыі Літвы, аддзяленьне ў Коўне. Афіцыйнае фота
Дэпартамэнт міграцыі Літвы, аддзяленьне ў Коўне. Афіцыйнае фота

У Службе занятасьці Літвы раней паведамлялі, што найбольшую колькасьць дазволаў на працу ў краіне выдалі грамадзянам Беларусі.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы паведамілі, што зь першага ліпеня іншаземцы, якія прыяжджалі на працу на падставе нацыянальных ці шэнгенскіх візаў, на падставе дазволаў на пражываньне, выдадзеных у іншых краінах Эўразьвязу або ў межах бязьвізавага рэжыму, больш ня змогуць працаваць у Літве без наяўнасьці часовага дазволу на пражываньне ў краіне.

«Пасьля таго, як набылі моц зьмены ў закон „Аб прававым становішчы іншаземцаў“, накіраваныя на больш эфэктыўнае рэгуляваньне патокаў працоўнай міграцыі, становіцца больш жорсткім парадак працаўладкаваньня грамадзян іншаземных дзяржаў. З гэтага моманту такія асобы павінны будуць атрымліваць дазвол на часовае пражываньне, выдадзены ў Літве», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

У міграцыйнай службе Літвы адзначылі, што дазвол на часовае пражываньне не спатрэбіцца толькі ў выключных выпадках, калі іншаземцы прыбываюць у Літву на законных падставах і дадаткова адпавядаюць пэўным крытэрам, якія вызваляюць іх ад абавязку атрыманьня дазволу на працу.

Такія выключэньні распаўсюджваюцца на іншаземцаў, камандзіраваных у Літву ў якасьці супрацоўнікаў кампаніі, створанай у краіне ЭЗ, на экіпажы суднаў, якія ходзяць па міжнародных маршрутах пад сьцягам Літвы, на іншаземцаў, якія прыяжджаюць у Літву ня больш як на тры месяцы за год для вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з заключэньнем дамоў, іх выкананьнем, навучаньнем пэрсаналу або ўстаноўкай абсталяваньня.

Дазвол на пражываньне ў Літве не спатрэбіцца прадпрымальнікам, якія зьяўляюцца акцыянэрамі і кіраўнікамі кампаній, спартоўцам, сьпевакам, журналістам, акрэдытаваным у МЗС, асобам, якія афіцыйна займаюцца рэлігійнай дзейнасьцю або для рэалізацыі дзяржаўных ці валянтэрскіх праграм дзейнасьці, прызнаных Эўразьвязам, а таксама выкладчыкам і дасьледчыкам, якія прыяжджаюць для правядзеньня навуковых дасьледаваньняў на падставе адпаведных дамоў з навуковымі або навучальнымі ўстановамі Літвы.

У выключэньні таксама ўключылі «грамадзян эканамічна разьвітых краін (Аўстраліі, Японіі, Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, ЗША, Канады, Новай Зэляндыі, Паўднёвай Карэі), якія прыбылі на працу або займаюцца іншай легальнай дзейнасьцю.

«Тыя іншаземцы, якія пачалі працаваць у Літве да ўступленьня ў сілу паправак у закон, будуць мець права працаваць да канца легальнага знаходжаньня або набудуць права на працу па іншых падставах, прадугледжаных згодна з гэтым законам.

Напрыклад, грамадзянін Беларусі, які прыехаў у Літву з польскай нацыянальнай візай і працаўладкаваны тут паводле сьпісу адсутных прафэсій, зможа працаваць, пакуль у яго дзейнічае віза. Калі такі іншаземец жадае працягваць працаваць у Літве, ён павінен як мага хутчэй падаць заяву на выдачу літоўскага дазволу на часовае працоўнае пражываньне. У такіх выпадках Дэпартамэнт міграцыі раіць зьвяртацца па новыя дазволы ня менш чым за 4 месяцы да заканчэньня тэрміну дзеяньня існых дакумэнтаў», — падкрэсьлілі ў Дэпартамэнце міграцыі Літвы.

У Дэпартамэнце нагадалі, што падача заявы на атрыманьне дазволу на часовае пражываньне не дае іншаземцу права заставацца і працаваць у Літве, калі тэрмін дзеяньня ранейшага дазволу ўжо скончыўся.

«Праца без адпаведнага допуску зьяўляецца незаконнай, а наймальнік, які ў такіх выпадках парушае заканадаўства, прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасьці. Акрамя таго, наймальнік, аштрафаваны за дапушчэньне нелегальнай або незадэкляраванай працы або парушэньне парадку прыёму на працу іншаземцаў, ня зможа прымаць на працу новых іншаземцаў цягам аднаго году», — заявілі ў міграцыйным дэпартамэнце.

У канцы чэрвеня ў Службе занятасьці Літвы паведамілі, што найбольшую колькасьць дазволаў на працу ў краіне выдалі грамадзянам Беларусі, але апошнім часам імкліва павялічваецца колькасьць працоўных з краін Цэнтральнай Азіі. Згодна зь інфармацыяй ведамства, дазволы на працу ў Літве атрымалі 48 600 грамадзян Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG