Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адключэньне чарговых банкаў ад SWIFT, ліміт на перавод у ЭЗ больш за 100 тыс. эўра. Што азначаюць сэктаральныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі


Белаграпрамбанк. Ілюстрацыйнае фота.
Белаграпрамбанк. Ілюстрацыйнае фота.

Сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу сярод іншага прадугледжваюць адключэньне ад SWIFT чарговых беларускіх банкаў, а таксама ліміт для ўсіх грамадзянаў Беларусі на перавод больш за 100 тыс. эўра ў ЭЗ.

Як паведамляецца на сайце Эўрапейскай Рады, «пасьля абмежавальных мер, прынятых 2 сакавіка ў адказ на ўдзел Беларусі ў неапраўданай і не справакаванай расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, і з улікам сур’ёзнасьці сытуацыі, якая захоўваецца, Эўрапейская Рада сёньня прыняла дадатковыя сэктаральныя санкцыі, накіраваныя на фінансавы сэктар Беларусі».

На сайце цытуюць Жузэпа Бурэля, Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі:

«Гэтымі дадатковымі сэктаральнымі санкцыямі мы пасылаем рашучае пасланьне: несправакаваная і неапраўданая ваенная агрэсія, якую вядзе супраць Украіны рэжым Пуціна пры падтрымцы Лукашэнкі, мае высокую цану. Мы закрываем шчыліны нашых існуючых санкцый і ўводзім дадатковыя меры ў дачыненьні да фінансавага сэктара Беларусі».

Узгодненыя санкцыі будуць адзначаць наступнае:

  • абмежаваньне прадастаўленьня SWIFT (сыстэма, якую выкарыстоўваюць банкі для абмену плацяжамі паміж краінамі — РС) Белаграпрамбанку, Банку Дабрабыт і Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, а таксама іх беларускім даччыным структурам;
  • забарона апэрацый з Нацыянальным банкам Беларусі, зьвязаных зь кіраваньнем рэзэрвамі або актывамі, а таксама прадастаўленьнем дзяржаўнага фінансаваньня для гандлю з Беларусьсю і інвэстыцый у Беларусь;
  • забарана лістынгу і аказаньня паслуг у дачыненьні да акцый беларускіх дзяржаўных арганізацый на гандлёвых пляцоўках ЭЗ;
  • істотнае абмежаваньне фінансавых паступленьняў зь Беларусі ў ЭЗ, забарона прымаць дэпазыты, якія перавышаюць 100 000 эўра ад беларускіх грамадзян або рэзыдэнтаў Беларусі, трымаць рахункі беларускіх кліентаў у цэнтральных дэпазытарыях каштоўных папер ЭЗ, а таксама прадаваць каштоўныя паперы, намінаваныя ў эўра, беларускім кліентам;
  • забарана пастаўкі ў Беларусь банкнот эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG