На тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці з 10 па 13 чэрвеня абвясьцілі «вучэньні па праверцы гатоўнасьці дзяржаўных органаў да рэагаваньня і ўзаемадзеяньня на акты тэрарызму».
«У мерапрыемствах возьмуць удзел падразьдзелы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Міністэрства абароны, Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях і іншых дзяржаўных органаў», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Згодна з паведамленьнем, сцэнар вучэньняў прадугледжвае перамяшчэньне вайсковай тэхнікі, таму магчыма абмежаваньне аўтамабільнага руху.
Ад пачатку падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну на беларускай тэрыторыі практычна безь перапынку праходзяць вайсковыя і антытэрарыстычныя вучэньні.
Пасьля адных такіх вучэньняў, што праходзілі ў Лельчыцкім раёне, спэцыяльныя службы Беларусі абвясьцілі пра затрыманьне грамадзян, якія нібыта на заданьне Службы бясьпекі Ўкраіны рабілі схованкі зь перапраўленай з украінскай тэрыторыі выбухоўкай.
Форум