Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТ паказала сюжэт пра нібыта дзейнасьць у Беларусі агентаў украінскіх спэцслужбаў. Паказалі беларуса, якога вінавацяць у выбуху на БАМе


Сяргей і Павал Кабарчукі
Сяргей і Павал Кабарчукі

У стужцы расказваецца пра тры апэрацыі КДБ Беларусі, якія нібыта перадухілілі захаваньне выбухоўкі на беларускай тэрыторыі.

Апэрацыі праводзіліся ў Драгічыне, Маларыце і ў Лельчыцах. Паводле аўтараў стужкі, выканаўцы атрымлівалі заданьне ад украінскіх спэцслужбаў зрабіць схованкі ў Беларусі і схаваць там выбухоўку, перапраўленую выканаўцамі з тэрыторыі Ўкраіны.

У трэцім сюжэце фігуруюць грамадзяне Ўкраіны — бацька і сын Сяргей і Павал Кабарчукі, якія нібыта перавозілі выбухоўку з Украіны ў Беларусь. Пра затрыманых Кабарчукоў КДБ і дзяржаўныя мэдыя паведамлялі яшчэ ў лютым сёлета. Падчас допыту на відэакамэру Сяргей Кабарчук тлумачыў, што меў заданьне «на Белоруссию протащить» выбухоўку.

У сюжэце з Маларыты фігуруе Яўген Грук, які кажа, што па заданьні ўкраінскіх спэцслужбаў фатаграфаваў вайсковые аб’екты ў Беларусі і меў заданьне зьезьдзіць у Расею ў Маскву і Пецярбург для фатаграфаваньня вайсковых абʼектаў там. Таксама Грук расказаў, што яму ўкраінскія спэцслужбы прапаноўвалі заданьне — разьмясьціць бесьпілётнік на тэрыторыі Расеі.

Допыт яшчэ адной асобы, паказанай у фільме, Сяргея Ерамеева, у фільме перабіваецца кадрамі наступстваў выбуху чыгуначнай цыстэрны.

Сяргея Ерамеева арыштавалі ў Расеі ў сьнежні 2023 году. Яму ставяць у віну арганізацыю падрываў двух грузавых чыгуначных саставаў у тунэлі БАМ у лістападзе 2023 году, у выніку чаго магістраль была паралізаваная.

Расейскія спэцслужбы паведамлялі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі.

У сакавіку паведамлялася, што Ерамееў знаходзіцца ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве.

У стужцы АНТ «Зачыстка» паведамляецца, што ён атрымаў выбухоўку ад ўкраінскіх спэцслужбаў.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што нідзе ў стужцы не гаворыцца, што выбухоўку меркавалася выкарыстоўваць на тэрыторыі Беларусі.

Праўдзівасьць зьвестак, агучаных у стужцы, можа быць пастаўленая пад сумнеў. Беларускія ўлады з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Ўкраінай вядуць кампанію дыскрэдытацыі ўкраінскіх уладаў і дзяржаўных органаў. Стужка, паказаная па АНТ, можа быць часткай гэтай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG