Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ключ ад турмы. Чаму не вызваляюць палітвязьняў


Турма ў Горадні, архіўнае фота
Турма ў Горадні, архіўнае фота

Абвінавачаньні ў адрас лідэраў дэмакратычных сілаў у тым, што яны «не вызваляюць палітвязьняў», гучаць ня больш сэнсоўна за лукашэнкаўскі заклік «разьдзявайся і работай».

Яны дакладна не спрыяюць нічыйнаму вызваленьню, а толькі прыніжаюць тых, з кім палітвязьні могуць зьвязваць надзею на перамены і свабоду. Пры тым, што іншых такіх сілаў у беларусаў сёньня няма.

Сьцісла:

  • Становішча палітвязьняў у Беларусі сёньня выглядае безвыходным.
  • Каб знайсьці выйсьце, трэба глядзець на справу і на саміх палітвязьняў у шырэйшым, геапалітычным кантэксьце.
  • Тэрмін «палонныя», які часам ужываюць як мэтафару, насамрэч дакладна адпавядае тысячам палітвязьняў у беларускіх турмах.

Сытуацыя ў тупіку

Балючая праблема вызваленьня палітвязьняў у аднолькавай ступені тычыцца ўсіх, каго яна хвалюе і кім успрымаецца як асабістая віна, а не нагода для дыскрэдытацыі кагосьці іншага, хто быццам мае ў кішэні ключ ад турмы. Праблема якраз у гэтым ключы і ў тым, у чыёй ён кішэні.

Насамрэч дэмакратычныя сілы робяць вялізныя высілкі, выказваючы сваю салідарнасьць з палітвязьнямі. Але сытуацыя застаецца ў мёртвым пункце: людзі выходзяць, адсядзеўшы ўвесь тэрмін, уцякаюць за мяжу; іншых «перазатрымліваюць» на новы тэрмін; у кагосьці тэрміны такія, што сядзеньню не відаць канца. І пры гэтым штодня садзяць і садзяць у турмы новых «палітычных». Тысячы людзей (мы нават ня ведаем поўнае лічбы) сядзяць у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, і няма, як раней бывала пры Лукашэнку, «гандлю за санкцыі». Не зьмякчаюцца, а толькі пагаршаюцца ўмовы ўтрыманьня.

Сытуацыя ў глухім тупіку. А гэта значыць, што на гэтым узроўні праблема не вырашаецца. Магчыма, мы бачым праблему ня ў той дыспазыцыі, у якой яна можа быць вырашаная, і глядзець на яе трэба не ў кулюарным і не нацыянальным, а ў геапалітычным маштабе.

Ня раз узьнікала пытаньне: ці патрэбныя палітвязьні пэрсанальна Лукашэнку? Гледзячы на маштаб, на ранейшы досьвед «абменаў», на той самы прыклад Пачобута, за свабоду якога Польшча гатовая хоць заўтра адкрыць яшчэ адзін памежны пераход (што безумоўна патрэбна Беларусі), а нават з гледзішча агульнай сытуацыі ў краіне і яе іміджу ў сьвеце, пры ўсёй тыранічнасьці і нават дурасьці рэжыму не знаходзіцца ніякага інтарэсу ці выгады Лукашэнкі ва ўтрыманьні тысяч іншадумцаў. Пры тым Лукашэнка выдатна разумее, што палітвязьні насамрэч ніякія не тэрарысты ці загадкавыя экстрэмісты, а тыя «батанікі», якія не нясуць ніякай пагрозы для іншых (дзеля чаго ўласна і трымаюць людзей у турмах). У сваю чаргу, калі Лукашэнка ня мае інтарэсу ў палітвязьнях, значыць, ключ ад турмы не ў ягонай кішэні. Ён толькі ахоўнік і весьці перамовы пра вызваленьне не ўпаўнаважаны. А сама наша праблема — адна ў зьвязцы іншых праблем.

Беларускія палітвязьні як палонныя расейскай вайны

Расея напала на Ўкраіну ў 2014 годзе, захапіўшы Крым і Данбас. Расейская прапаганда на ўсе лады разважала пра Наваросію і ўсю Ўкраіну як недадзяржаву і пра само існаваньне яе як пагрозу для існаваньня сваёй імпэрыі. Украіну трэба было падпарадкаваць або зьнішчыць. Рабілася ўсё гэта, відавочна, не зь перапуду, а з далёкімі плянамі атакі на Кіеў. Атакаваць Кіеў найбольш зручна было з тэрыторыі Беларусі. У Беларусі тым часам падняла галаву грамадзянская супольнасьць, якая відавочна не ўхваляла вайну і магла рознымі спосабамі перашкодзіць расейскім плянам на сваёй тэрыторыі. Увесну 2020-га ў Беларусі пачынаюцца арышты, якія да восені дасягнуць гіганцкіх маштабаў. Словам, беларускія палітвязьні — гэта частка агульнай дыспазыцыі расейскай вайны супраць Украіны і самой эўрапейскай цывілізацыі. Нездарма яны самі сябе і іх так часта называюць палоннымі. Гэта зусім не мэтафара. У часе масавых арыштаў Лукашэнка пачаў бясконца лётаць «на ковер» да Пуціна і стала зразумела, хто насамрэч кіруе зачысткай «пляцдарму», у каго ў кішэні ключ ад беларускай турмы.

Адкрытым тэкстам пуцінскі плян агучыў міністар Макей. Адбылося гэта вясной 2021 году: у выпадку неадмены заходніх санкцый у Беларусі будзе зьнішчаная грамадзянская супольнасьць. Нельга ўявіць сабе, каб нехта ў нават самай-прысамай дыктатарскай краіне дазволіў сабе сказаць такое пра сваю краіну і свой народ. Усё ў гэтых словах аж настолькі «наадварот», што трэба прызнаць, што і словы гэта не Макеевы, і сьмерць Макея ўжо майгачыла дзесьці побач з гэтымі словамі...

То бок беларускіх палітвязьняў ні ў якім разе нельга разглядаць асобна ад пуцінскай агрэсіі і лукашэнкаўскай суагрэсіі супраць Украіны. Яны мусяць разглядацца ў статусе ваеннапалонных. І толькі ў такім статусе іх можна спадзявацца абмяняць і вызваліць, зрушыць праблему зь мёртвага пункту.

Лукашэнка нічога ня робіць менавіта таму, што гэта вязьні Пуціна. І заяўлены Макеем разгром чыніўся ня столькі для захаваньня пэрсанальнай улады Лукашэнкі, колькі як прэлюдыя да нападу на Кіеў. Зачыстка, між тым, працягваецца...

Данесьці праблему да перамоваў

Пра выбары Каардынацыйнай рады сказана шмат крыўдных словаў, толькі ніхто не аспрэчыць праўдзівасьці і аб’ектыўнасьці гэтых выбараў. Самая простая лёгіка падказвае, што калі машына ня едзе, яе трэба рамантаваць, а не стаяць побач і заклікаць выкінуць машыну на звалку. Іншай такой рэальна выбранай «машыны» ў нас няма. Яна мае той узровень легітымнасьці, зь якім і можа выходзіць на перамовы ад імя беларускай дэмакратычнай супольнасьці як правамоцны ўдзельнік.

Натуральна, протапарлямэнт мусіць дэкляраваць свае геапалітычныя мэты, заявіць пра шлях краіны і далучэньне да цывілізаванай супольнасьці, да ЭЗ і NATO, і прадставіць дыспазыцыю палітвязьняў-палонных. Сьвет мусіць зразумець, куды беларуская дэмакратычная супольнасьць хоча стратэгічна, а ня толькі чаго хоча ў гэтым моманце. Палітвязьні сядзяць у турме менавіта праз тое, што прадстаўляюць шлях Беларусі ў ЭЗ і NATO.

Вядома, што перамовы па Ўкраіне вядуцца ўвесь час і ўжо гавораць пра афіцыйныя мірныя перамовы, якія рана ці позна пачнуцца. Па-іншаму ня будзе, і ўжо сёньня многія гульцы думаюць пра гэты парадак дня. І беларускія палітвязьні як непасрэдныя пацярпелыя ад пуцінскай зачысткі Беларусі з мэтай нападу на Ўкраіну мусяць быць прадметам гэтых перамоваў.

Думка пра тое, што палітвязьняў трэба прыраўняць да палонных украінцаў, сустракалася ў друку. Але чаму прыраўняць? Хіба яны ня ёсьць палонныя гэтай расейскай агрэсіі — з самай першай лініі абароны? Яны, лідэры дэмакратычнай думкі, яны, што адкрыта выступілі супраць вайны, яны, партызаны з прастрэленымі каленямі, што спынялі расейскія вайсковыя цягнікі... Калі ня ўзьнікае пытаньня наконт суагрэсара зь Беларусі як арганічнага ўдзельніка вайны, ня мусіць быць і пытаньня пра дачыненьне да тых перамоваў тысяч зьняволеных, што так ці інакш супрацьстаялі гэтай суагрэсіі.

Напэўна, з гістарычнай пэрспэктывы ключ ад Лукашэнкавай турмы ўбачыць будзе лёгка — у шырэйшай дыспазыцыі гэтай вайны, якая будзе ўключаць у тым ліку кішэні Пуціна. Толькі часу на такое пашырэньне гісторыі няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG