Як паведамляецца ў сюжэце, на аднаго зь іх завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў — «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да выбуховых рэчываў» і «Падрыхтоўку да акту тэрарызму».
Пры гэтым хлопцы расказваюць у сюжэце, што падрывалі «бутэлечкі з-пад ёду», а «аскепкаў як такіх не было, проста гучны выбух».
Інфармацыю аб дзецях КДБ Беларусі нібыта атрымаў ад «адной з заходніх замежных спэцслужбаў». Сьцьвярджаецца, што школьнікі былі падпісаныя на тэлеграм-каналы, якія «падтрымліваюць ідэалёгію нэанацызму і распаўсюджваюць мэтодыкі вырабу выбуховых рэчываў». Нібыта гэта яны рабілі «на просьбу ўдзельнікаў украінскіх нацысцкіх груповак».
У сюжэце паказалі трох падлеткаў. Як сьцьвярджаецца, двое зь іх родам з Магілёва, яшчэ адзін — зь Віцебску.
У сюжэце паведамілі, што дваім падлеткам нічога не пагражае — яны яшчэ не дасягнулі ўзросту, зь якога пачынаецца крымінальная адказнасьць (16 гадоў).
Затрыманы хлопец зь Віцебску, як паведамляецца, дзесяціклясьнік, у яго дома нібыта знайшлі запасы інгрэдыентаў для выбуховых рэчываў, а ў тэлефоне — відэа выбухаў. На яго завялі справу: па арт. 295 Крымінальнага кодэксу («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да выбуховых рэчываў») дзесяцікласніку можа пагражаць да сямі гадоў калёніі, а па арт. 289 КК («Акт тэрарызму») — да 15 гадоў.
У сюжэце АНТ сьцьвярджаецца, што акрамя паказаных у эфіры, сілавікі нібыта выявілі больш за дзесяць падлеткаў, якія «падтрымлівалі захапленьне сяброў».
Форум