Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік клінікі «Новы зрок» адказаў на спэцвядзеньне: «Успрымаю гэта як народную ўзнагароду»


Алег Каўрыгін
Алег Каўрыгін

Ад колішняга кіраўніка менскай клінікі «Новы зрок» Алега Каўрыгіна, які жыве за мяжой, патрабуюць, каб ён зьявіўся да сілавікоў.

23 траўня Алегу Каўрыгіну ў рамках завочнага вядзеньня — так званага спэцвядзеньня выставілі 13 розных абвінавачаньняў па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Колішні кіраўнік менскай клінікі «Новы зрок» даўно жыве за мяжой.

Сілавікі патрабуюць ад яго зьявіцца для разбору ў крымінальнай справе.

  • Мэдычны цэнтар «Новы зрок» пачаў працаваць у 1999 годзе, яго заснаваў беларускі прадпрымальнік Алег Каўрыгін.
  • Усяго ў Беларусі было 5 клінік з такой назвай.
  • Вясной 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў заявіў, што ў клініках нібыта выплачвалі грошы супрацоўнікам у канвэртах.
  • На заснавальніка Алега Каўрыгіна завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў.
  • Празь некалькі месяцаў «Новы зрок» пазбавілі ліцэнзіі.
  • Пяць клінік сеткі «Новы зрок» у Беларусі знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
  • 19 сакавіка 2024 году Алег Каўрыгін ехаў у Беларусь, каб трапіць на суд аб адабраньні прыбытку з даходаў мэдцэнтру за 2022 год. Аднак на мяжы яго затрымаў Інтэрпол. Дзе ён цяпер, Алег у мэтах бясьпекі не паведаміў.
  • Цяпер Алег Каўрыгін працуе над праектамі клінік у Вялікай Брытаніі і на Мальце. Таксама ягоныя цэнтры дзейнічаюць у Літве, Расеі, Украіне, Нарвэгіі.

У Беларусі спэцвядзеньне адбываецца ў адносінах да некалькіх дзясяткаў чалавек. Гэта вядзеньне ў крымінальнай справе супраць абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі краіны.

Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.

Рэакцыя Каўрыгіна: «Гэтым рашэньнем мяне прызналі сумленным чалавекам»

Алег Каўрыгін расказаў Свабодзе, як ставіцца да шэрагу абвінавачаньняў, якія ўлады высунулі супраць яго.

«Гэта было чакана, я 15 год жыву ў Літве, плачу падаткі, да мяне тут няма прэтэнзій. На момант майго адʼезду зь Беларусі да мяне прэтэнзій таксама не было. Пасьля адʼезду на мяне завялі тры крымінальныя справы, якія скончыліся абсалютна нічым і паказалі, што я не вінаваты. Яны закрытыя за адсутнасьцю складу злачынства. Я паглядзеў артыкулы, якія мне зараз інкрымінуюць: там і „захоп улады“ ў Беларусі, і „экстрэмізм“, і „тэрарызм“, цэлая куча ўсяго, што дазваляе судзіць завочна.

Магу сказаць з гэтай нагоды, што ёсьць людзі, якія выклікаюць страх ва ўладаў Беларусі. І, напэўна, я выклікаю ў іх панічны страх.

Чаму яны мяне баяцца, зьвяртаюцца ў Інтэрпол, а цяпер хочуць завочна судзіць, хочуць, каб я ні ў якім выпадку не прыехаў у Беларусь, ня быў на судзе? Яны ведаюць, што я ня буду на судзе фізычна, у мяне чырвоная карта Інтэрпола.

Іх дзеяньні прадыктаваныя дзьвюма рэчамі.

Першая — гэта фінансавы складнік, адбор сродкаў замежнага інвэстара, каб набіваць свае кашалькі.

Другая — гэта страх. Ён заключаецца ў тым, што я не зьяўляюся прафэсійным палітыкам, я не атрымліваў нейкіх грантаў, не навучаўся ў нейкіх інстытутах, яны ня могуць мяне папракнуць. Але ёсьць людзі, якія выклікаюць давер у насельніцтва, па родзе сваёй дзейнасьці я меў зносіны зь вялікай колькасьцю людзей у Беларусі. Я там вывеў мікрахірургію вока з каменнага веку на эўрапейскі ўзровень. І тыя людзі, якія праапэраваліся, а іх сотні тысяч, — сотні тысяч праапэраваных вачэй, сотні тысяч пацыентаў, якія не засталіся інвалідамі па зроку, — у іх ёсьць свая думка пра мяне. А таксама пастаўшчыкі, контрагенты… Я дамогся таго, каб усе даўгі перад імі былі пагашаныя за кошт сродкаў інвэстараў.

Няма ніводнай арганізацыі і ніводнага чалавека, які б пра мяне сказаў, што зь імі не разьлічыліся. Я трымаю сваё слова ў адносінах пацыентаў. Дай бог, каб у Беларусі, пасьля таго як я сышоў, так было і надалей, захавалася гэта. Хоць я ў гэтым сумняваюся, чакаю шлях стагнацыі і „балота“, і гэта адабʼецца на простых людзях.

Я цяпер спакойна жыву, займаюся сваёй справай, справай майго жыцьця, будаўніцтвам лякарняў. У мяне зараз ідуць праекты, і я буду разьвіваць іх, яны будуць тычыцца розных краін, акрамя Беларусі. Бо пэўныя пэрсанажы вырашылі забраць сабе тое, што ім не належыць. Гэта не эканоміка, а палітычны перасьлед чалавека. З мэтай завочна асудзіць і мець магчымасьць пасадзіць на 15–20 гадоў, калі я да іх траплю.

Зь Беларусьсю мяне цяпер зьвязваюць магілы маіх бацькоў. Але я думаю, мала таго, што я вярнуся ў Беларусь, — хай яны падумаюць, куды будуць уцякаць, калі я вярнуся.

Не магу сказаць, што мяне яны зьдзівілі, што я спалохаўся. Пляваць я на іх хацеў. Але, думаю, пайшоў адваротны адлік для гэтай улады. Яны імкнуцца захаваць рэшткі таго грамадзтва, якое існуе, але ня думаю, што людзі ім дадуць такую магчымасьць. Мяркую, што ў мяне і нармальных людзей усё будзе добра, а ня ў тых, якія парушаюць нармальнае жыцьцё.

Я расцэньваю гэтае рашэньне, што фактычна мяне прызналі сумленным чалавекам. Як быццам мне далі нейкую ўзнагароду, што я абсалютна сумленны ў адносінах Беларусі, як народную ўзнагароду».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG