Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырасла сьмяротнасьць дзяцей ад вонкавых прычын, — Генпракуратура


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За 5 месяцаў 2024 году ад вонкавых прычын у Беларусі загінулі 42 дзіцяці, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 4 чэрвеня ў Менску начальніца ўпраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч, піша «Позірк».

«Гэтая лічба несуцяшальная, яна большая, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году, — адзначыла яна. — Асноўнымі прычынамі гібелі дзяцей зьяўляюцца суіцыды, гібель пры пажарах, утапленьні, падзеньні з вышыні і злачынныя дзеяньні ў дачыненьні да дзяцей».

Паводле Фіневіч, па 6 дзяцей сёлета загінулі на пажарах і ў дарожна-транспартных здарэньнях, адно дзіця — у выніку падзеньня з 11 паверха жылога дома (за 2023 год — 5), чацьвёра — ад злачынных дзеяньняў. Ад пачатку 2024 году патанулі трое непаўналетніх (за 2023 год — 21), расказаў начальнік прэс-цэнтру МНС Максім Клачко.

За апошнія тры гады ў Беларусі патанулі 93 дзіцяці. Асноўнымі прычынамі гібелі дзяцей пры купаньні адмыслоўцы называюць недастатковы кантроль бацькоў за дзецьмі, неналежную арганізацыю вольнага часу дзяцей, дзіцячую неасьцярожнасьць. У шэрагу выпадкаў дарослыя адышлі ўсяго на хвіліну, за якую дзеці танулі ці выпадалі з вокнаў.

У Беларусі лідэры па дзіцячым траўматызьме — Менск і Горадзенская вобласьць, паведаміў лекар траўматоляга-артапэдычнага аддзяленьня для дзяцей РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Ігар Шпілеўскі. Паводле яго, каля 80% траўмаў — побытавыя і вулічныя, збольшага дзеці пашкоджваюць ногі і рукі.

  • З 2013 па 2018 гады ў Беларусі рэалізоўваўся праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафіляктыка дзіцячага траўматызму».
  • З 2017 году прафіляктыка траўматызму стала часткай мерапрыемстваў праекту «Прафіляктыка неінфэкцыйных захворваньняў, прасоўваньне здаровага ладу жыцьця і падтрымка сыстэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), фінансаванага Эўразьвязам і рэалізаванага ПРААН, СААЗ, ЮНІСЭФ і ЮНФПА ў партнэрстве зь Мінздароўя Беларусі. Згодна з справаздачай па праекце, Беларусь атрымала ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР) пазыку ў памеры 125 млн даляраў.
  • У 2022 годзе ў сувязі з саўдзелам Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны праект быў прыпынены. 17 кастрычніка 2022 году Сусьветны банк перавёў усе пазыкі МБРР, дадзеныя Беларусі або гарантаваныя ёю, у статус плацяжоў, якія не абслугоўваюцца праз пратэрміноўку. На 14 кастрычніка 2022 году пратэрмінаваныя плацяжы Беларусі, якія належаць МБРР, складалі 68,43 млн даляраў. Непагашаная асноўная сума па пазыках МБРР — 967 млн даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG