Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаленыя вёскі: няскончаная размова. Чаго мы ня ведаем пра Беларусь у мінулай вайне


Помнік «Маці Пірчупяй», мэмарыяльны комплекс Пірчупяй, архіўнае фота
Помнік «Маці Пірчупяй», мэмарыяльны комплекс Пірчупяй, архіўнае фота

Назва літоўскай вёскі Пірчупяй шырока вядомая ў сьвеце праз сымбалічны мартыралёг паселішчаў, што былі зьнішчаныя немцамі ў часе Другой сусьветнай вайны, побач зь беларускай Хатыньню, чэскімі Лідзіцамі, францускім Арадурам...

3 чэрвеня 1944 году, 80 гадоў таму акупанты спалілі Пірчупяй разам з жыхарамі. Для Беларусі гэта масавая трагічная зьява таго часу, якая, тым ня менш, выклікае пытаньні: чаму здарылася, як здарылася, ці ня можа паўтарыцца?

Сьцісла:

  • У афіцыйным літоўскім тлумачэньні трагедыі Пірчупяй узброены напад на немцаў ля гэтай літоўскай вёскі ўчынілі савецкія партызаны зь Беларусі.
  • Спаленыя вёскі найчасьцей былі для немцаў актамі помсты мясцовым жыхарам за дывэрсіі савецкіх партызанаў.
  • Самая схаваная старонка гісторыі вайны — калі вёску зьнішчалі самі савецкія партызаны.

«Куды схаваецца народ...»

Пірчупяй (раней Пірчупіс) знаходзіцца ў Варэнскім раёне, за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Тут шмат карэннага беларускага насельніцтва. Пісьменьнік Юргіс Кунчынас, ураджэнец гэтага краю, любасна называў яго словам Падбеларусь. Вакол вёскі — Рудніцкая пушча, якая працягваецца на тэрыторыі Беларусі. У часе вайны ніякай мяжы тут не было, а сама пушча была прыстанкам найбуйнейшага ў Літве фармаваньня савецкіх партызанаў. Як сьцьвярджаецца на памятным стэндзе на месцы трагедыі, якраз зь беларускай тэрыторыі прыбылі сюды партызаны. І гэта быў пачатак гісторыі.

А 7-й раніцы таго памятнага дня на шашы каля Пірчупяй партызаны абстралялі калёну штабных аўтамабіляў вэрмахту. Забілі пяць гітлераўцаў і столькі ж узялі ў палон. Ужо аб 11-й гадзіне ў Пірчупяй увайшла калёна з двух дзясяткаў машын і трох танкаў, якія везьлі больш за 400 гітлераўцаў. Вёску ўзялі ў атачэньне... Крывавая экзэкуцыя доўжылася тры гадзіны. Вынік — спаленыя хаты і 119 апаленых целаў, у тым ліку жанчын, старых і дзяцей.

Тое масавае забойства самі немцы тлумачылі помстай: маўляў, вёска так ці інакш забясьпечвае партызанаў усім неабходным для жыцьцядзейнасьці, у тым ліку і кадрамі. Вядома, помста была б ня ўскоснай, а непасрэднай, калі б немцы сышліся з партызанамі ў баі, але ў тым і рэч, што партызаны пасьля сваёй акцыі адразу адыходзілі ў пушчу, а вёска нікуды адысьці не магла. Пра гэта пісала ў сваім вершы «Партызаны» Ларыса Геніюш: «Партызанам ёсьць куды хавацца, а куды ж схаваецца народ?».

Не чапайце нашых людзей!

Чыноўнік Зянонас Блінас, які служыў пры акупацыі старшым рэфэрэнтам у справах Усходняй Літвы, асудзіў немцаў за трагедыю ў Пірчупяй наступным чынам:

«Мэтады, якія ўжываюцца ў Расеі і Беларусі, тут не падыходзяць... асабліва калі ўжываюцца ў літоўскіх вёсках у дачыненьні да літоўцаў... Мы ня ў Азіі і ня хочам, каб немцы пастаянна практыкавалі такія мэтады... Яны не прыносяць карысьці, як бальшавікам не прынесла карысьці высыланьне літоўцаў зь Літвы. А рост і ўзмацненьне нянавісьці — у сувязі зь неабдуманымі ўчынкамі асобных нямецкіх чыноўнікаў — гэта рэч недапушчальная».

У нас скажуць, што думка літоўскага калябаранта ня вартая ўвагі. Але сэнс дакумэнту, як ні круці, у зьберажэньні жыцьцяў суайчыньнікаў, у тым, каб трагедыя Пірчупяй не паўтарылася. Нездарма Блінас параўноўвае гэтае ваеннае злачынства са сталінскімі дэпартацыямі ў Сібір. Маўляў, не чапайце нашых людзей. Мяркую, што такім самым матывам кіраваліся і чыноўнікі беларускай цывільнай адміністрацыі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, але такога ўплыву, як у Літве, ня мелі. Што да сёньняшняй афіцыйнай інтэрпрэтацыі вайны ў Беларусі, дык гэтага матыву — зьберажэньня жыцьцяў суайчыньнікаў — у ёй увогуле няма. Калябаранты — толькі прыслужнікі немцаў, мірныя жыхары — толькі ахвяры, савецкія партызаны — толькі героі.

Памяць — гэта не забіты ў сьцяну раз і назаўсёды цьвік. Памяць зьменлівая, калі яна жывая, калі дашукваецца праўды, а не інтэрпрэтацыяў. Помнік «Маці Пірчупяй» на месцы экзэкуцыі вёскі стаў адной зь візытовак Літвы, аўтар помніка атрымаў за яго найвышэйшую ў СССР Ленінскую прэмію. У незалежнай Літве, дзе савецкі пэрыяд афіцыйна названы савецкай акупацыяй, адпаведна і савецкія партызаны перасталі быць героямі, гучалі прапановы прыбраць гэты помнік у рамках кампаніі дэкамунізацыі. Але здаровы розум перамог: помнік — толькі памяць пра ахвяраў, звычайных літоўскіх людзей, нічога благога ён не гераізуе.

Пра што сьведчаць лічбы і факты

Усяго ў Літве немцы зьнішчылі 21 вёску. У Беларусі афіцыйная лічба — больш за 9 тысяч. Літва ўтрая меншая за Беларусь. Спаленых вёсак у нас, груба кажучы, у 500 разоў болей. Мэнтальна і гістарычна мы зь літоўцамі адрозьніваемся мала: 500 гадоў пражылі ў адной дзяржаве, Вялікім Княстве Літоўскім, блізкія суседзі — назаўжды. Калябарант Блінас кажа «Мы ня ў Азіі», маючы на ўвазе, вядома ж, не геаграфію Беларусі, а паноўныя парадкі, і перш за ўсё — адносіны да сваіх людзей.

Цалкам натуральна ўспомніць пра спаленыя вёскі на акупаваных землях Расеі — заходніх ускраінах вялізнай імпэрыі. І тут нас чакае адкрыцьцё. Аказваецца, яшчэ некалькі гадоў таму гэтай тэмы ўвогуле не існавала: ні для гісторыкаў, ні для публікі. Чаму? Не было такіх вёсак? Забылі? Самі забылі ці загадалі? Так ці інакш, першае выданьне на гэтую тэму «Спаленыя вёскі Расеі, 1941–1944: Дакумэнты і матэрыялы» пабачыла сьвет толькі ў 2017 годзе. Аўтары, дарэчы, ніяк не растлумачылі такое запозьненае зьяўленьне (калі, між іншым, і ў Пірчупяй, і ў Хатыні даўно стаялі мэмарыялы), але пахваліліся «ўнікальнасьцю»:

«На жаль, у цяперашні час вывучэньне нацысцкіх карных апэрацыяў на тэрыторыі Расеі (РСФСР) знаходзіцца ў зародкавым стане. У адрозьненьне ад Беларусі і Ўкраіны, у нашай краіне дагэтуль не падрыхтавана ні даведнікаў, ні электроннай базы зьвестак, прысьвечаных трагедыі спаленых вёсак.

Менавіта таму выданьне, якое вы трымаеце ў руках, зьяўляецца па-сапраўднаму ўнікальным. Зборнік дакумэнтаў, прысьвечаны спаленым вёскам і раскрыцьцю зьвязаных з гэтым ваенных злачынстваў на расейскай зямлі — першая ў Расеі аб’ёмная спэцыялізаваная публікацыя на гэтую тэму».

Паколькі выйшла праца пры падтрымцы прэзыдэнта РФ, можна дапусьціць, што каманда была дадзеная зьверху і, магчыма, мае дачыненьне да цяперашніх геапалітычных плянаў Крамля. Але гэта асобная тэма.

Партызаны, партызаны...

У прадмове аўтары пачынаюць тэму спаленых вёсак зь іншае тэмы — з партызанскага руху, пасьля зьяўленьня якога і пачаліся названыя нямецкія карныя акцыі.

«Жорсткасьць акупацыйнага рэжыму стала адной з прычын шырокага распаўсюджаньня савецкага партызанскага руху: злачынствы нацыстаў забясьпечвалі савецкім партызанам падтрымку насельніцтва. Зразумела, гэтая падтрымка не была абсалютнай: некаторыя былі занадта запалоханыя тэрорам акупантаў, іншыя ненавідзелі савецкую ўладу настолькі моцна, што гатовыя былі супрацоўнічаць нават з кáтамі ўласнага народу. Скрайне абмежаваную падтрымку насельніцтва савецкія партызаны атрымлівалі ў прыбалтыйскіх рэспубліках і на Заходняй Украіне. Затое ў акупаваных абласьцях Расеі і Беларусі падтрымка савецкіх партызанаў насельніцтвам была больш чым маштабнай».

Аўтары не тлумачаць, чаму дзе болей, а дзе меней, хоць з кантэксту і лёгікі вынікае, што там, дзе шырэйшы быў арганізаваны партыяй, НКВД і ваеннай выведкай партызанскі рух і, адпаведна, чым больш ён дапякаў нямецкім акупантам, там болей было акцыяў помсты з боку немцаў — спаленых вёсак.

Прыгадаю тут гісторыю ўласных сваякоў. Мая бабуля жыла ў вёсцы Мялешкавічы Мазырскага раёну. Дзеда забралі на фронт, дзе ён і загінуў, бабуля засталася адна з васьмярымі дзецьмі на руках. У 1942-м а чацьвёртай раніцы ганец з Мазыра пасьпеў паведаміць, што немцы едуць паліць вёску. Усе людзі рынуліся ў лес, дзе жылі ўжо да канца вайны і аўтаматычна як бы належалі да партызанаў. Хоць займаліся адно выжываньнем сваіх сем’яў.

Ізноў лічбы і факты

Лічбы пацярпелых беларускіх вёсак у розных крыніцах розныя. Напрыклад, на сайце Хатынскага мэмарыялу кажуць, што 186 вёсак так і не аднавіліся, і зараз удакладняюць — у новай справе пра генацыд беларускага народу падаецца лічба 216. Хацеў бы спытацца ў адказных таварышаў і афіцыйных гісторыкаў: вы пра што ўвогуле гаворыце? Гэта ж не пра надоі і прывагі, дзе можна нешта прыпісаць-адпісаць. Гэта ж пра незьберажоныя жыцьці нашых суайчыньнікаў. Урэшце, пра населеныя пункты — абсалютна фіксаваныя паселішчы на зямлі і пра факты таго, што вы самі называеце генацыдам, якія ня могуць аднекуль зьяўляцца праз 80 гадоў. Урэшце, займацца такімі маніпуляцыямі будзе толькі той, для каго трагедыя ўласнага народу і памяць пра гэтую трагедыю, пра загубленае жыцьцё ні ў чым не вінаватага чалавека — пустыя словы.

На тым самым сайце Хатынскага мэмарыялу названая лічба 650 жыўцом спаленых беларускіх вёсак. Калі ўсяго было спалена больш за 9 тысяч вёсак, дык можна сабе ўявіць, колькі народу — тагачасных шматдзетных сем’яў мусілі ўцякаць у лясы, пры самым грубым падліку атрымліваецца мільён. Сапраўды, у Беларусі была «больш чым маштабная» партызанка.

У цытаваным мною расейскім зборніку прыводзяцца наступныя, супастаўныя, лічбы: «Агульная колькасьць савецкіх партызанаў, падпольшчыкаў і так званай „партызанскай рэзэрвы“ (дрэнна ўзброеных груп самаабароны ў партызанскіх краях) за ўвесь пэрыяд акупацыі склала каля 900 тыс. чалавек. Большая частка зь іх — каля 400 тыс. — дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, каля 220 тыс. — на Ўкраіне, прыблізна 350 тыс. — у акупаваных рэгіёнах Расеі. Самым малалікім быў савецкі партызанскі рух у Прыбалтыцы: у Латвіі ўвогуле прыблізна 12 тыс. партызанаў і падпольшчыкаў, у Літве — больш за 10 тыс., у Эстоніі — каля 2 тыс.».

Мяркуючы зь лічбаў, колькасьць спаленых вёсак у розных краінах прапарцыйная колькасьці і актыўнасьці савецкіх партызанаў. Ці былі яшчэ нейкія чыньнікі, якія схілялі нямецкіх акупантаў да гэтых экзэкуцыяў і для таго, каб у Беларусі гітлераўцы гэтак татальна, як болей нідзе, палілі вёскі? Сэнсава блізкае пытаньне: чаму Беларусь была выбраная немцамі як месца зьнішчэньня габрэяў з Заходняй Эўропы? Чаму яна бачылася ім як краіна-магіла, дзе чалавечае жыцьцё нічога не каштуе? Магчыма, прычына ў тым, што ўжо ў Берасьці ў першыя дні нападу немцы рабілі эксгумацыі масавых пахаваньняў ахвяраў нядаўніх сталінскіх рэпрэсій. Пасьля гэтая практыка працягвалася па ўсёй Беларусі аж да Катыні... Эксгумацыі мусілі пераконваць нямецкіх салдатаў у тым, што яны прыйшлі ў дзікунскі край, дзе гэтак масава не шкадуюць нават «свае» «сваіх», што ўжо казаць пра вас, немцаў.

З другога боку, такія прапорцыі партызанскіх акцыяў і нямецкай помсты відавочна ўхвалялі ў Маскве, адкуль і кіраваўся савецкі партызанскі рух і адкуль даводзіліся стаханаўскія задачы рэйкавай вайны — «100 выбухаў за адну ноч». Што яшчэ магло справакаваць такія прапорцыі? Няма адказу.

Дзіўна чытаць у расейскім зборніку захопленыя словы ў адрас актыўнасьці савецкіх партызанаў і абурэньне масавым тэрорам з боку немцаў, хоць адкрыта прызнаецца, што другое — гэта наступства першага.

Лічбы і факты табу — забаронены бок вайны

У трыкутніку «бакоў» кожнай трагічнай падзеі (партызаны — немцы — вёска) сустракаюцца зьвесткі, калі адзін бок адсутнічае. І гэта немцы. Такія факты афіцыёз з усіх сілаў замоўчвае і адмаўляе. Але бяз праўды пра гэтыя злачынствы нам ніколі не зразумець аб’ектыўнай карціны таго, што ў тую вайну адбывалася ў Беларусі.

Да прыкладу, як трагедыю Хатыні супаставіць з трагедыяй вёскі Дражна Старадароскага раёну, дзе ў выніку партызанскай «апэрацыі» 14 красавіка 1943 году былі забітыя 25 мірных жыхароў, спалена 37 хатаў і вясковая школа?

Альбо як нямецкія экзэкуцыі спалучаюцца з трагедыяй вёскі Налібакі Стаўпецкага раёну, дзе 8 траўня 1943 году савецкія партызаны забілі больш за сотню вяскоўцаў?

Або як быць з трагедыяй вёскі Якімавічы Слонімскага раёну ў красавіку 1943 году, калі партызаны забілі больш за сорак мірных жыхароў?..

Само сабою ўзьнікае пытаньне, а колькі ж такіх партызанскіх спаленьняў адбылося за мінулую вайну?

Расказваюць, што калі пісьменьнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Ўладзімер Калесьнік езьдзілі па вёсках і зьбіралі сотні сьведчаньняў для кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975), магнітафонныя стужкі пра савецкія «подзьвігі» ім давялося зьнішчыць, настолькі небясьпечна было нават проста захоўваць іх.

Як супаставіць? Вынік у абодвух выпадках адзін — забітыя мірныя людзі і спаленыя хаты. Чым кіраваліся немцы, больш-менш ясна: помсьцілі партызанам за іхныя акцыі. Чым кіраваліся партызаны — прычын мноства, яны звычайна блытаныя, іх цяжка прааналізаваць і тыпізаваць. Найчасьцей «канфлікт» мог узьнікнуць, калі партызаны прыходзілі ў вёску па харч або рэчы ці іншыя сродкі жыцьцядзейнасьці, што самі сяляне часьцяком трактавалі як бандытызм і, як маглі, пазьбягалі такіх канфіскацый.

Ці ёсьць шанец на праўду?

Зразумела, што чым далей ад нас мінулая вайна, тым менш шанцаў даведацца пра яе ўсю праўду, вынесьці ўрокі, асабліва калі памерлі ўсе відавочцы, а маніпуляцыі ў прапагандзе і школьных падручніках ператвараюць усё былое ў чорна-белую карціну герояў, ворагаў і ахвяраў, становішча якіх найгоршае, быццам іх і спалілі тады разам з памяцьцю пра іх.

Кніга Адамовіча, Брыля і Калесьніка не магла расказаць пра злачынствы савецкіх партызанаў, але апэлявала да вечных чалавечых каштоўнасьцяў, найперш да самой чалавечнасьці. Мне падумалася, што сёньня ў афіцыйным выдавецтве ў Менску яна б ужо ня выйшла. Згадваецца ў той кнізе, дарэчы, і Пірчупяй-Пірчупіс:

«Мабыць, найбольш хвалююць тыя выпадкі, калі чалавек у сваім натуральным імкненьні ўшаноўваць памяць блізкіх, знаходзіць агульную мову з прыродай, зь яе гатоўнасьцю быць помнікам чалавеку, які пры жыцьці сваім яднаўся зь ёю дзень за днём у працы. Літоўскі скульптар Г. Якубоніс глыбока адчуў сілу гэтай жывой сувязі працоўнага чалавека з прыродай. Славуты мэмарыял у вёсцы Пірчупіс ён склаў з гранітных валуноў, узятых проста з навакольнага поля. Паставіўшы пяць ярусаў гранітных глыбаў, мастак высек у іх незабыўны вобраз Маці, літоўскай сялянкі, простай і велічнай у сваім горы, мужнай у жалобе».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG