Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай працягвае скарачаць імпарт беларускага калію


Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

У студзені — красавіку 2024 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага 2023 году аб’ёмы імпарту калію ў Кітай зь Беларусі прыкметна скараціліся, а з Расеі і Канады — вырасьлі, паведамляе MyFin.

Паводле папярэдніх зьвестак мытні кітайскага боку, на якія спасылаецца MyFin, у студзені — красавіку 2024 году Беларусь у сьпісе краінаў, зь якіх Кітай імпартуе калійныя ўгнаеньні, знаходзіцца на трэцяй пазыцыі. Па выніках чатырох месяцаў 2024 году КНР увезла беларускага калію на суму 292,8 мільёна даляраў.

Найбольшы абʼём закупак калію (у коштавым выражэньні) Кітай меў з Расеі — на амаль 504 мільёны даляраў. Імпарт з Канады за гэты пэрыяд склаў 362,4 млн даляраў.

У адносінах да студзеня — красавіка 2023 году кошт імпарту калійных угнаеньняў у Кітай з Расеі (на 77,8 млн даляраў у коштавым выражэньні) і Канады (на 24,8 млн) вырас, а зь Беларусі, наадварот, прыкметна скараціўся (на 325,5 мільёна даляраў).

Акрамя імпарту з Расеі, Канады і Беларусі, у студзені — красавіку 2024 году Кітай увозіў калійныя ўгнаеньні з Лаосу ($192,1 млн), Ізраілю ($72,7 млн), Ярданіі ($34,5 млн), Нямеччыны ($6,4 млн), Узбэкістану ($4,5 млн). Таксама невялікія (па кошце) абʼёмы імпарту зафіксаваныя з ЗША, Італіі, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Нарвэгіі і іншых краін.

У сьнежні 2023 году паведамлялася, што па выніках студзеня — кастрычніка 2023 году Беларусь выступіла ключавым экспартэрам калію ў Кітай (за 10 месяцаў яна экспартавала яго на 1,32 млрд даляраў, гэта на 545 мільёнаў больш, чым за 10 месяцаў летась).

А вось за студзень-люты 2024 году пастаўкі калійных угнаеньняў у Кітай зь Беларусі скараціліся амаль удвая ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023 году.

Як зьмяніліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў

У 2020 годзе, да ўводу заходніх санкцыяў, Беларусь прадавала свае калійныя ўгнаеньні як у краіны Азіі, Індыю, так і ў Эўропу. Топ пакупнікоў у грашовым аб’ёме за 2020 год выглядаў наступным чынам:

  • Бразылія — 520,7 мільёна даляраў за год
  • Кітай — 319,7 мільёна даляраў за год
  • Індыя — 289,7 мільёна даляраў за год
  • Краіны ЭЗ — 195,7 мільёна даляраў за год
  • Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў за год

Тады Беларусь прадала за год калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў, сярэдняя цана 337 даляраў за тону. Гэта быў апошні год, калі беларускія дзяржаўныя органы публікавалі такую статыстыку. Пасьля палітычнага крызісу 2020 году і ўвядзеньня санкцыяў яе проста закрылі. Цяпер, калі дзяржаўныя чыноўнікі паведамляюць пра кантракты на пастаўку калійных угнаеньняў, то абмяжоўваюцца самім гэтым фактам, без падрабязнасьцяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG