Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Кітай ня будзе ўдзельнічаць у «саміце міру» па Ўкраіне


Выступ прадстаўніка Кітая ў ААН, архіўнае фота
Выступ прадстаўніка Кітая ў ААН, архіўнае фота

Кітай не накіруе сваіх прадстаўнікоў на канфэрэнцыю аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, якая пройдзе ў Швайцарыі ў чэрвені. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы.

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі публічна зьвяртаўся да кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна з заклікам узяць удзел у «саміце міру».

Па словах суразмоўцаў агенцтва, Пэкін прыняў такое рашэньне, таму што не былі выкананыя ўмовы, неабходныя для яго ўдзелу. Сярод іх — запрашэньне на саміт і Расеі, і Ўкраіны для «роўнага ўдзелу ўсіх бакоў і сумленнага абмеркаваньня ўсіх прапаноў». Раней такія ўмовы таксама агучваў МЗС Кітая.

Масква не запрошаная на канфэрэнцыю, хаця Швайцарыя «перакананая, што Расея павінна быць уцягнутая ў працэс» урэгуляваньня канфлікту. Украіна ня хоча, каб Масква сарвала працэс, тлумачыў прэзыдэнт краіны Ўладзімір Зяленскі.

Расейскіх прадстаўнікоў плянуюць прыцягнуць праз пасярэднікаў ужо на наступным этапе. Расея, у сваю чаргу, заяўляла, што не прыняла б удзелу ў сустрэчы, нават калі б яе запрасілі, бо ня мае намеру абмяркоўваць вывад войскаў з Украіны.

Усяго, паводле прадстаўніка швайцарскага МЗС, на саміт запрасілі звыш 160 дэлегацый. «Больш за 70 дзяржаў пацьвердзілі свой удзел у мірнай канфэрэнцыі, большасьць зь іх — на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў», — паведамілі ў ведамстве.

Агенцтва Bloomberg раней пісала, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, хутчэй за ўсё, прапусьціць сустрэчу па Ўкраіне дзеля акцыі ў зборы сродкаў на сваю выбарчую кампанію.

Саміт, на якім будуць абмяркоўваць шляхі спыненьня вайны ва Ўкраіне, пройдзе ў Бюргенштоку з 15 па 16 чэрвеня.

  • Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года. Па дадзеных ААН, за два гады вайны ва Украіне былі забітыя больш за дзесяць тысяч чалавек, параненыя амаль дваццаць тысяч. Таксама ААН задакумэнтавала пакараньні, выкраданьні, катаваньні, жорсткае абыходжаньне і адвольныя затрыманьні цывільных асоб з боку расейскіх вайскоўцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG