Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра выбары ў Каардынацыйную раду, чаму Лукашэнка не спыняе «мігранцкі крызіс» і ці верыў Быкаў у Бога


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ва Ўкраіне прапануюць перайменаваць Расею ў Масковію. Ці актуальна гэта для Беларусі?

— Гэта актуальна для ўсяго сьвету — адпаведнасьць назвы краіны яе лякацыі. Да Пятра І, які назваў сябе імпэратарам усяе Русі, расейцаў у нас ніхто рускімі не называў, называлі маскоўцамі, маскавітамі, маскалямі. А русінамі ці рускімі называліся тагачасныя беларусы і ўкраінцы.

Калі Расею перайменаваць назад у Масковію, адразу будзе відаць яе сапраўдны аб’ём, а таксама вялікую колькасьць захопленых ёю «нярускіх» земляў і народаў. Гэта будзе на карысьць і самім маскоўцам — для адэкватнага самаўсьведамленьня і міралюбства.

— Паспрачаліся зь сябрам: ці верыў Васіль Быкаў у Бога?

— На маё ўяўленьне, Васіль Быкаў меў паўнавартасную «базавую камплектацыю» чалавека, дзе паміж іншых «дэталяў» — эмпатыяй і ўменьнем бачыць і ацэньваць сябе збоку — ёсьць і вера. Публічна ён рэлігійнасьці або нерэлігійнасьці ніколі не дэманстраваў. Але згадаю яго знакамітыя словы, якія сталі афарызмам: «Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным».

— Грузіны абураюцца новым законам пра замежнае фінансаваньне. Хіба яны ня хочуць жыць сваім розумам і за свае грошы?

Сваім розумам — так. Але з грашыма праблема — у грузінскага грамадзтва на сваё разьвіцьцё іх няма. Яны ёсьць у Расеі — на адваротныя мэты: каб грузінскага грамадзтва не было.

Гаворка не пра сфэры ўплыву, а пра выбар краіны паміж цывілізацыяй і тыраніяй. Грошы на салідарнасьць, эмпатыю і самавыяўленьне ў Расеі разумеюць як «заходнія інтарэсы», а не інтарэсы ўсяго чалавецтва, чым яны ёсьць насамрэч. За салідарнасьць, найвышэйшую праяву чалавечнасьці, у Расеі садзяць у турму.

— Чаму не відаць мабілізацыйнай кампаніі на выбары ў Каардынацыйную раду?

— Сапраўды, выглядае, што ўдзельнікі выбараў праводзяць іх для сябе, бо не разумеюць сваёй палітычнай місіі або ня вераць у яе. Адсюль сама абраная схема выбараў. Мой голас — гэта мой давер, прычым ня партыі (іх фактычна няма), а канкрэтнаму палітыку, якога я ведаю. Такія ёсьць у прапанаваных сьпісах, але іх меншасьць. Схема патрабуе, каб, галасуючы за таго, каму давяраю, я аўтаматычна «давяраў» і тым, каго ня ведаю ці каму не давяраю. У выніку мае асобы даверу раскіданыя па розных сьпісах, а галасаваць можна толькі за адзін.

— Як разабрацца ў «агентах рэжыму» на выбарах Каардынацыйнай рады?

— Трэба разумець, што, якая б ні была схема, мы выбіраем асобу. На першым месцы чалавечы фактар.

Тыранічны рэжым усімі спосабамі імкнецца сарваць выбары, прычым гэта ўжо ня толькі застрашваньне, а сапраўдная вайна. У вайны два бакі. Або ты за выбары, або за рэжым. Кожны, хто ў гэтай справе кажа ці робіць нешта супраць выбараў — сьвядома ці несьвядома дзейнічае на баку рэжыму. Сытуацыя на піку вастрыні, і ўсе іншыя матывы цяпер ня маюць значэньня.

— Чаму Лукашэнка не спыняе «мігранцкі крызіс»? Гэта ж яўнае парушэньне ўсіх дамоўленасьцяў.

— Гэта насамрэч ня крызіс, а частка «гібрыднай вайны» Крамля, якая праводзіцца з тэрыторыі Беларусі, у адным пакеце з масавай зачысткай беларускай грамадзянскай супольнасьці, расейскімі ракетамі і бамбавікамі, што зь Беларусі запускалі на Кіеў, расейскай ядзернай зброяй, якую разьмясьцілі ў нас... Спыніць мігрантаў можа толькі мір, што, у сваю чаргу, немагчыма без спыненьня імпэрскіх амбіцыяў Крамля. Лукашэнка імкнецца ўдаваць зь сябе адну з вартавых крамлёўскіх вежаў, якая, аднак, нічога не вырашае.

— Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выглядаюць занадта дорага для бюджэту небагатай краіны. Адкуль грошы?

— Відавочная справа: гэта не беларускія, зь якога боку ні вазьмі, а расейскія ўва ўсіх сэнсах рэпрэсіі. Затраты на губазікі, КГБ, аналітычныя цэнтры, прапаганду, сьледчых, пракурораў, суды, турмы, іх забесьпячэньне і інфраструктуру, мабыць, сувымерныя з усім бюджэтам Рэспублікі Беларусь, а паводле сутнасьці — варожыя для прабеларускіх і антываенных настрояў.

Шмат сьведчаньняў таго, што ўся гэтая армія службоўцаў адданая нават не Лукашэнку, а напрасткі Пуціну. Таму, як кажуць аматары шансону, плаціць той, хто заказвае музыку.

— Чаму людзі ў Расеі ўхваляюць відавочна брыдкія рэчы: вайну, гвалт за іншадумства, даносы?

— Нядаўна адна расейская прапагандыстка сваю лекцыю на факультэце журналістыкі ў Маскоўскім унівэрсытэце пачала словамі: аб’ектыўнай праўды не існуе. Гэта базавы прынцып расейскай улады і прапаганды, якому шмат вякоў: ня вер вачам сваім, а вер у нашы інтэрпрэтацыі. Вер, але ня думай, думаем за цябе мы. Тое, чым звычайна кіруюцца ўлада, юрыспрудэнцыя, журналістыка — аб’ектыўнымі фактамі — тут пастаўленае з ног на галаву: вайна — гэта мір, вакол ворагі, праўда ў кожнага свая.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG