Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 абвінавачаных у справе «аналітыкаў Ціханоўскай» выступілі з заявай


Фігуранты справы «аналітыкаў Ціханоўскай»
Фігуранты справы «аналітыкаў Ціханоўскай»

31 траўня 2024 году Менскі абласны суд пачынае завочны разгляд справы супраць дваццаці прадстаўнікоў і прадстаўніц экспэртнай супольнасьці і палітыкаў, у тым ліку журналіста Свабоды Юрыя Дракахруста.

Абвінавачаньні выстаўленыя паводле тыповых для палітычна-матываваных крымінальных справаў у Беларусі артыкулаў, уключаючы змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады; дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці; садзейнічаньне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады; уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня.

Усе «абвінавачаныя» ў «справе» знаходзяцца за мяжой, таму яна разглядаецца завочна.

У сувязі з гэтым фігуранты справы выступілі з заявай:

«Мы лічым гэтую „справу“ палітычна матываваным перасьледам. Усе адвольна згрупаваныя асобы ў „справе“ займаліся выключна прафэсійнай дзейнасьцю, якая ня можа клясыфікавацца ў адпаведнасьці з прад’яўленымі абвінавачаньнямі. Мы лічым гэтую „справу“ працягам бесьперапыннай атакі супраць беларускай незалежнай аналітычнай, экспэртнай і журналісцкай супольнасьці з боку беларускіх уладаў. А таксама зьвяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспэртаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізьме — гэта абсурд.

Судовы працэс адбываецца наперакор беларускаму заканадаўству. Нягледзячы на афіцыйныя запыты, мы так і не атрымалі доступу да матэрыялаў „справы“, таму фармальна так і не ведаем, у чым менавіта заключаецца сутнасьць так званых „абвінавачаньняў“. Акрамя таго, нам не паведамілі пра дату пачатку суду згодна з беларускім заканадаўствам. У парушэньне вызначаных нормаў інфармацыя пра дату разгляду „справы“ ў парадку спэцыяльнага вядзеньня не зьявілася на сайце Вярхоўнага суду, а была апублікаваная толькі на сайце абласнога суду.

Нам не забясьпечанае права на справядлівую абарону ў ходзе крымінальнага працэсу. Тыя з нас, хто не зьвяртаўся з хадатайніцтвамі, не ведаюць нават імёнаў сваіх фармальна прызначаных адвакатаў.

Мы не спадзяёмся на справядлівы суд. На жаль, мы ня маем сумневаў у тым, што будзем „асуджаныя“ на акрэсьленыя ў абвінавачаньнях тэрміны, як і тысячы беларусаў і беларусак, асуджаных у падобных палітычна матываваных справах.
Мы ўдзячныя за падтрымку і салідарнасьць. Мы ўдзячныя за падтрымку з боку грамадзянскай і журналісцкай супольнасьці, беларускіх і міжнародных калегаў».

Заяву падпісалі:

  • Рыгор Астапеня, доктар грамадзкіх навук (PhD), заснавальнік Цэнтра новых ідэй, дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House.
  • Філіп Біканаў, сацыёляг, дасьледчык грамадзкай думкі.
  • Яўген Крыжаноўскі, доктар палітычных навук (PhD), дасьледчык, Страсбурскі ўнівэрсытэт.
  • Алесь Лагвінец, палітоляг, Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт.
  • Вераніка Лапуцька, дасьледчыца, дактарантка Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук.
  • Ганна Любакова, пазаштатная супрацоўніца Atlantic Council.
  • Васiль Навумаў, доктар сацыялёгii (PhD), дасьледчык, Цэнтар перадавых інтэрнэт-дасьледаваньняў / Інстытут сацыяльных рухаў Рурскага ўнівэрсытэту Бохума.
  • Натальля Рабава, дырэктарка дасьледчага цэнтру BIPART.
  • Марыя Рогава, дасьледчыца.
  • Пётр Рудкоўскі, доктар філязофскіх навук (PhD), эксперт.
  • Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэй, дактарантка паліталёгіі ўнівэрсытэту Карлстад.
  • Тацяна Чуліцкая, доктарка сацыяльных навук (PhD), Гарадзкі ўнівэрсытэт Манчэстэру / Віленскі ўнівэрсытэт.
  • Аляксандар Шлык, экспэрт у выбарах.
  • Кацярына Шмаціна, паліталягіня, дасьледчыца Virginia Tech University.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG