Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога, якой не разгледзелі нават свае. Пра выбары ў КР як сыстэмны выклік рэжыму


Канфэрэнцыя кандыдатаў у Каардынацыйную раду. Варшава, 19 траўня 2024
Канфэрэнцыя кандыдатаў у Каардынацыйную раду. Варшава, 19 траўня 2024

Гэтыя выбары сталі ці ня першымі пасьля 1990 году, якія больш-менш адпавядалі міжнародным стандартам і, што самае істотнае, адбыліся. У тэхнічным пляне карэктна і з рэальным вынікам.

Яны выклікалі шырокую абструкцыю сярод пэўнай публікі, але ж сам факт неаспрэчны.

Сьцісла:

  • Адмоўную эмацыйную рэакцыю публікі на выбары ў КР можна зразумець, але яна дакладна такая, якой чакаў рэжым.
  • З другога боку, рэжым найбольш баяўся таго, каб сыстэмныя выбары адбыліся. А яны адбыліся.
  • Маем тое, што проста навідавоку: дэмакратычныя сілы атрымалі сваю першую перамогу, а рэжым — паразу.

Фантомная «нецікавасьць» да выбараў

Іх называлі «нікому не цікавымі», нікчэмнымі паводле «яўкі», «падкопам пад Ціханоўскую»... А я лавіў сябе на думцы, што гэтая крытыка ці кансьпіралёгія зусім не пра выбары, а пра сябе, пра ўласнае жаданьне перастаць спакушацца надзеяй на перамены, каб чарговы раз не расчароўвацца, не наступаць на тыя самыя граблі — сваю ўласную веру ў дэмакратычныя сілы...

Аднак, паўтаруся, гэта не пра выбары. Адзінае, што магло б іх дыскрэдытаваць — тое, што яны інсьпіраваныя рэжымам Лукашэнкі. Але ў тым і рэч, што адбыцца такія выбары маглі толькі на супрацьлеглым ад рэжыму баку.

Зьдзівіла масавасьць аглабельнай крытыкі, якая больш падобная на заклінаньне ад усяго пазытыўнага, што з намі можа здарыцца. Мне таксама даводзілася крытыкаваць КР да выбараў, і я, напэўна, буду крытыкаваць тады, калі Рада пачне сваю працу. Але ня ў гэты момант, калі бачу першую чыстую перамогу дэмакратычных сілаў над рэжымам. Я б нават сказаў, элегантную перамогу.

Якраз «масавая нецікавасьць да выбараў» больш выглядае на інсьпірацыю рэжыму, бо насамрэч нецікавасьць фантомная. Так ці інакш назіралі ўсе, асабліва ў працэсе галасаваньня, пасьля якога многія радасна канстатавалі нікчэмную «яўку» («Я знаў, я знаў!»). Толькі гэта зноў было не пра выбары.

Сыстэма супраць сыстэмы

Зірнем на справу ад адваротнага. Дэмакратычныя сілы ў выгнаньні перажываюць фрустрацыю. Хаатычны рух, праблемы выжываньня, незразумелыя фігуранты і структуры, між якіх і КР, якую ніхто не выбіраў, а ўсё разам — павольная страта пэрспэктывы...

Пасьля абвяшчэньня выбараў рэжым рэзка ўзмацніў рэпрэсіі, якія сталі больш падобныя да адкрытай вайны, да бітвы, бо набылі татальны характар — дзе толькі дацягнуліся рукі: усіх пад крымінал, забудзьце пра сваю маёмасьць, падумайце пра сваякоў... Так немцы калісьці выкурвалі зь лесу партызанскага бацьку Міная... Але працэс пайшоў.

Амаль ніхто (за рэдкім выключэньнем) ня выказаў захапленьня рашучасьцю ўдзельнікаў працэсу. Яны быццам і самі прапусьцілі пагрозы міма вушэй. Проста сказалі, што да бітвы гатовыя. І Лукашэнка гэта зразумеў.

Такіх «цьмяных часоў» у беларускай гісторыі было шмат. Канстанціну Астроскаму ўсе вушы пратрубілі пад Воршай, што ў яго замалое войска... Каліноўскага даставалі — якая там беларуская палітыка? У братоў Луцкевічаў рытарычна пыталіся: вы праўда хочаце абвясьціць незалежнасьць Беларусі? І заўсёды, калі чыясьці воля ператваралася ў чыстую кінэтыку, на выхадзе магла быць сыстэмная перамога. Вось быў насуперак рэжыму хаос, а вось ён ператварыўся ў сыстэму, гэта значыць штосьці ня менш сыстэмнае ў сваёй сутнасьці, чым сам рэжым. Сыстэма супраць сыстэмы.

Вось што адбылося. Не кансьпіралягічны «падкоп пад Ціханоўскую», не «нікчэмна мала галасоў», не «сабраліся жук і жаба». Усё гэта ў часе выбараў ужо ня мела значэньня. Сыстэма перамагла сыстэму — выбары адбыліся. Бачыце, не выходзіла ў нас сваёй футбольнай каманды сабраць, ну ніяк. А тут неяк сабраліся і сэнсацыйна выйгралі ў грандаў таталітарызму.

Чаму ж заўзятары так рашуча накінуліся на гэты пераможны дэбют сваёй каманды? Бо перамога выйшла за рамкі таго, чаго яны чакалі, дакладней, прымушалі сябе не чакаць ад дэмакратычных сілаў. Перамогу не разгледзелі свае. Затое разгледзелі чужыя. Рэпрэсіўны чад ня даў выніку, і чужыя прайгралі.

У адэкватным супрацьстаяньні ўвогуле ня так істотна, колькі чалавек прагаласавала, бо гаворка пра сыстэму ў чыстым выглядзе: на футбольным полі гульцоў заўсёды пароўну.

Што будзе далей

Што будзе далей, ня варта гадаць. Будзе або ня будзе — увесь выбар. У «заштатнай каманды» заўсёды мэта адна — стаць грандам і чэмпіёнам. Па аналёгіі, у КР мэта — стаць парлямэнтам, паралельнай беларускай уладай, яшчэ й выбранай паводле дэмакратычных прынцыпаў. Мінулыя выбары якраз гэта і прадугледжваюць — паралельная сыстэма будзе мацнець, калі не саскочыць з сыстэмнае каляіны.

Пачнуцца «бойкі каля трыбуны», зьявяцца фракцыі, будзе прыняты закон пра неаспрэчнасьць мэтаў, сьціхне абструкцыя ў фэйсбуках...

Добра памятаю двоеўладзьдзе ў Літве, калі мясцовыя бальшавікі з дапамогай маскоўскіх танкаў атакавалі дэмакратычны парлямэнт і тэлевежу ў Вільні. Гэта студзень 1991-га. Парлямэнт выстаяў. Але на дзевяць месяцаў, аж да паразы жнівеньскага путчу, усталявалася двоеўладзьдзе — свой парлямэнт і чужыя танкі. У нас падобнае адбылося ў 1995-м, калі Лукашэнка разграміў Вярхоўны Савет. Парлямэнт ня выстаяў. Далей чаго толькі ні рабіла апазыцыя, але аформіцца ў паралельную сыстэму і адбыцца не змагла. І вось сыстэма адбылася. Перад вачыма — жывы прыклад таго, ландсбергаўскага літоўскага парлямэнту, хоць ты бяры ды пераймай.

Зараз заўважаць: не ў Беларусі адбылася сыстэма, а ў выгнаньні. Калі ж глядзець з гістарычнай пэрспэктывы, дык не ў ЗША ці Аўстраліі адбылася, а ў цалкам сваёй для нашых продкаў Рэчы Паспалітай. Бадай, паўнавартаснай эміграцыяй гэта таксама не назавеш. І, што зусім не малаважна, адбылася сярод сваіх людзей.

Дэмакратычная парлямэнцкая сыстэма мае шмат інструмэнтаў саманаладкі, раўнавагаў, самаачышчэньня... Вядома ж, у камандзе посьпех значна залежыць ад капітана. Не напрасткі, але залежыць таксама і ад рэакцыі заўзятараў на трыбунах на матчы сваёй «заштатнай каманды», якія будуць яе эмацыйна падтрымліваць. А не ўлюлюкаць у адказ на забіты ёю першы пераможны гол.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG