Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы Аляксандра Лукашэнкі аб уцягваньні Захадам Беларусі ў ваенныя канфлікты зьяўляюцца часткай расейскіх «інфармацыйных апэрацый».
«Аляксандар Лукашэнка працягвае ўключаць Беларусь у шаблённыя расейскія інфармацыйныя апэрацыі, накіраваныя на тое, каб апраўдаць дзеяньні Расеі і Беларусі як абарончыя ў адказ на меркаваную агрэсію Захаду», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 28 траўня.
Такім чынам экспэрты ацанілі заявы Лукашэнкі ў Магілёве на Форуме мэдыйнай супольнасьці Беларусі 28 траўня аб тым, што «Захад вядзе супраць Беларусі гібрыдную вайну і спрабуе ўцягнуць Беларусь у іншыя ваенныя канфлікты».
«Беларусь зьяўляецца адным з бакоў у вайне Расеі ва Ўкраіне, паколькі Беларусь дазволіла Расеі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для правядзеньня поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну з 2022 году і дапамагае Расеі ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаванай Украіны», — падкрэсьлілі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
Напярэдадні ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны папярэдзілі аб новай інфармацыйна-прапагандысцкай апэрацыі з мэтай выклікаць паніку ва ўкраінцаў і адцягнуць войскі на поўнач краіны.
«Прагназуецца, што варожая прапаганда актывізуе інфармацыйна-прапагандысцкую апэрацыю аб адкрыцьці „другога фронту“ з боку Беларусі. Чакаем неўзабаве шэраг правакацыйных заяў найвышэйшага кіраўніцтва Расеі і Беларусі з пагрозамі ў адрас Украіны», — паведаміў кіраўнік дэпартамэнту мэдыяасьветы Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Іван Слычко.
Форум