Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) высьветлілі, што літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам «пашпарта Новай Беларусі», зьвязана з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым. Гэтую кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС. Пасьля звальненьня зь міліцыі ён езьдзіў за мяжу са сьледчым у справе аб тэракце ў менскім мэтро.
Дасьледаваньне падрыхтавалі ў партнэрстве зь літоўскім выданьнем 15min.lt і пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».
У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасьведчаньні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — там ім можа пагражаць турэмны тэрмін.
Абʼяднаны пераходны кабінэт заняўся распрацоўваньнем «пашпарта Новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасьцю сапраўдных пасьведчаньняў для тых, хто ня можа паехаць на радзіму. На пачатку кастрычніка лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюць. Аднак пазьней высьветлілася, што матэрыялы для іх толькі плянуюць закупіць. Першую партыю блянкаў пашпартоў на момант публікацыі ня выпусьцілі.
Літоўская фірма
Паводле БРЦ, для друку «пашпартоў Новай Беларусі» выбралі літоўскую кампанію UAB Garsų pasaulis (у перакладзе — «сьвет гукаў»), даведалася выданьне 15min.lt. Гэтую інфармацыю журналістам БРЦ пацьвердзіў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі. Паводле яго, кантракту з Garsų pasaulis пакуль няма, але ўжо падпісаны мэмарандум аб супрацы і праведзена вялікая падрыхтоўчая праца.
У Garsų pasaulis ёсьць досьвед працы з дакумэнтамі з пэўнай ступеньню абароны. Менавіта яны друкуюць блянкі пашпартоў для грамадзянаў Літвы. Аднак журналісты БРЦ высьветлілі, што Garsų pasaulis фігуравала ў карупцыйных скандалах.
У 2019 годзе Garsų pasaulis выйграла тэндэр на вытворчасьць біямэтрычных пашпартоў для Кіргізстану амаль на $13,5 млн. Але ў тым жа годзе Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану распачаў дасудовае сьледзтва, выявіўшы, што пераможца аплачваў чыноўнікам паездкі за мяжу. Першамайскі раённы суд Бішкеку ў 2020 годзе вынес абвінаваўчы прысуд у справе аб парушэньнях пры правядзеньні тэндэру тром былым чыноўнікам.
Як далей піша БРЦ, паралельна ішоў іншы разбор. Спачатку міжраённы суд Бішкеку ў траўні 2019 году прызнаў рашэньне тэндэрнай камісіі аб перамозе Garsų pasaulis несапраўдным. Потым кампанія падала апэляцыю ў Бішкецкі гарадзкі суд і ў верасьні 2019 году выйграла спрэчку. Міжнародны арбітражны суд Стакгольму ў красавіку гэтага году таксама вынес рашэньне на карысьць Garsų pasaulis і абавязаў Кіргізстан выплаціць 3 мільёны эўра кампэнсацыі.
Таксама Garsų pasaulis фігуруе ў карупцыйных скандалах у Зымбабве, Малдове і Дэмакратычнай рэспубліцы Конга. Але для Літвы гэта ня стала падставай пазбавіць кампанію ліцэнзіі на настолькі важную справу, як друк пашпартоў.
А што зь Беларусьсю?
Каб разабрацца ў сувязях Garsų pasaulis зь бізнэсоўцамі, набліжанымі да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, БРЦ згадвае Леаніда Таніна — навукоўца і суаўтара шматлікіх патэнтаў у сфэры аптычнай фізыкі. Ягоная кампанія ЗАТ «Галяграфічная індустрыя» выпускае ахоўныя галяграмы ў Беларусі. Іх шырока выкарыстоўваюць для аховы дакумэнтаў ад падробак і для маркаваньня тавараў.
Віктара Шаўцова мэдыя называлі «гаманцом» Лукашэнкі. Расьсьледаваньне паказала, як гэты прадпрымальнік разам зь дзяржавай з 2007 году да пачатку 2020-х зарабляў на праектах ЗАТ «Белзамежбуд» у Вэнэсуэле. Там кампанія выканала замовы як мінімум на паўмільярда даляраў.
Шаўцоў быў адным з канцавых уладальнікаў «Трастбанку», які ў 2004 годзе называўся ЗАТ «АКБ „Інфабанк“». ЗША западозрылі «Інфабанк» у адмываньні грошай для рэжыму Садама Хусэйна і ўвялі супраць яго санкцыі. Праўда, пазьней іх зьнялі.
З 2011 году ў Вільні працуе сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства UAB GP Holographic. Яно вырабляе ахоўныя галяграмы для эўрапейскага рынку. Да 9 лістапада 2023 году 70% акцыяў належала беларусам: 40% — Віктару Шаўцову, 15% — дырэктару «Галяграфічнай індустрыі» Аляксандру Бабарэку, 10% — самой «Галяграфічнай індустрыі» і 5% — Аляксандру Грыбоўскаму, былому супрацоўніку «Трастбанку».
Кавалеўскі: «Зьвесткі будуць захоўвацца на сэрвэрах, якія ня будуць знаходзіцца пад кантролем Garsų pasaulis»
Журналісты БРЦ і 15min.lt зьвярнуліся ў ведамствы Літвы з пытаньнем, ці ведалі яны пра сувязі Garsų pasaulis зь беларускім бізнэсоўцам. У адказе паведамляецца, што цэнтру выдачы асабістых дакумэнтаў і Міністэрству ўнутраных спраў гэтая інфармацыя раней не была вядомая. Чыноўнікі адзначылі, што надзейнасьць пастаўшчыка паслуг і адсутнасьць пагрозы нацыянальнай бясьпецы ацэньвае Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, і што «МУС ужо зьвярнулася ў ДДБ з просьбай ацаніць пададзеную інфармацыю».
Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі таксама паабяцаў правесьці праверку Garsų pasaulis.
«Тая інфармацыя, якую вы агучылі, заслугоўвае самай пільнай увагі, — адзначыў Кавалеўскі. — Мы зыходзім з таго, што давер да пашпартнага праекту — гэта 99% посьпеху самога праекту».
У выпадку з блянкамі пашпартоў для грамадзянаў Літвы пэрсанальныя зьвесткі ў іх уносіць не вытворца дакумэнтаў, а дзяржаўная ўстанова. Паводле плянаў, якія ў размове з БРЦ агучыў Валер Кавалеўскі, у межах праекту пашпарта «Новай Беларусі» Garsų pasaulis будзе працаваць у тым ліку і з пэрсанальнымі зьвесткамі.
Кавалеўскі запэўніў, што Garsų pasaulis будзе выдаляць атрыманыя зьвесткі пасьля пераносу іх у пашпарт. Але хто і як гэта пракантралюе, незразумела. «Зьвесткі будуць захоўвацца на сэрвэрах, якія ня будуць знаходзіцца пад кантролем Garsų pasaulis», — запэўнівае Кавалеўскі.
Гендырэктар Garsų pasaulis Ана Янаўскіене паведаміла, што кампанія мае ўсю неабходную інфраструктуру для бясьпечнай выдачы дакумэнтаў.
Форум