На прэсавай канфэрэнцыі яны расказалі пра некаторыя вынікі перамоваў.
Пуцін:
«З улікам напружанай абстаноўкі на зьнешніх межах саюзнай дзяржавы падчас перамоваў падрабязна абмеркавалі пытаньні фармаваньня адзінай абароннай прасторы. На беларускай тэрыторыі разгорнутая сумесная рэгіянальная групоўка войскаў, расейскія сучасныя абаронныя комплексы і тактычная ядзерная зброя. Усё гэта надзейна абараняе заходнія межы нашых краін і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы».
«Расея праводзіла вучэньні ядзерных сілаў рэгулярна, цяпер яны праводзяцца зь беларускімі саюзьнікамі».
«Расея цалкам выконвае свае абавязаньні ў сфэры ядзерных узбраеньняў, нічога не парушае. У ядзерных вучэньнях РФ і Беларусі няма нічога незвычайнага, у NATO праходзяць такія ж вучэньні».
Лукашэнка:
«Мы нічога асаблівага ня робім. Мы рыхтуемся, мы трэніруемся, мы павінны быць гатовыя. Сьвет нестабільны, небясьпечны. Нам нельга прапусьціць удар, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Мы не дапусьцім гэтага. Яны павінны пра гэта ведаць».
Абодва выказаліся і наконт легітымнасьці прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Пуцін:
«Легітымнасьць Зяленскага скончылася, пытаньне, з кім весьці перамовы ва Ўкраіне, — не пустое».
«Расея — за перамовы па Ўкраіне, яна нікому не забараняла іх весьці, у адрозьненьне ад Захаду, які ставіў мэту перамогі над РФ».
«Вяртацца да перамоваў па Ўкраіне можна толькі зыходзячы зь сёньняшніх рэалій у зоне спэцапэрацыі».
Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра легітымнасьць Зяленскага ў якасьці кіраўніка дзяржавы, сказаў:
«Юрыдычнай чысьціні тут няма і быць ня можа».
На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка таксама ўсклаў на ЗША ўскосную віну за гібель прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі:
«Агідная палітыка ЗША прывяла да гэтага. Перш за ўсё — санкцыі. Гэтыя нягоднікі ня мелі права ўводзіць санкцыі супраць паветраных суднаў, якія перавозяць людзей. У гэтым іх віна ў тым ліку. Яны забаранялі абслугоўваць гэты верталёт. Гэта дакладна».
Раней сёньня ў Менску прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
Перамовы сам-насам доўжыліся гадзіну і 45 хвілінаў, пасьля іх адбыліся перамовы дэлегацыяў у пашыраным складзе.
БЕЛТА дае некалькі заяваў, зробленых падчас перамоваў Лукашэнкам:
«Нягледзячы ні на што, Менск і Масква захоўваюць курс на ўзмацненьне інтэграцыі. Мы падтрымліваем адзін аднаго і будзем падтрымліваць па ўсіх напрамках. Прычым нашы праекты выйшлі ўжо за межы зямной паверхні».
«Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта ня першы год, і сёньня Ўладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэньне. Думаю, урады ў бліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненьні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы».
Лукашэнка адзначыў, што многія канвэеры на прадпрыемствах Беларусі і Расеі працуюць на кампанэнтах адзін аднаго.
«На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных мер ад сваіх партнэраў. Абараняцца, як мы дамовіліся, трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі. І ад тых, хто не садзейнічае разьвіцьцю эканомік дзьвюх дзяржаў», — сказаў ён.
ТАСС прыводзіць словы Пуціна, сказаныя падчас перамоваў:
«Захад праяўляе варожасьць у дачыненьні да РФ і Беларусі, але стрымаць разьвіцьцё дзьвюх краін не атрымаецца».
РИА Новости паведамляе яшчэ некалькі тэзаў з выступу Пуціна:
- Пытаньні бясьпекі заўсёды знаходзяцца ў полі ўвагі Масквы і Менску.
- Расея і Беларусь будуць умацоўваць узаемадзеяньне ў сфэры абароннай бясьпекі.
- Санкцыі ствараюць пэўныя праблемы для Расеі, яны адчувальныя, але ёсьць і магчымасьці для разьвіцьця.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў з двухдзённым візытам у Менск 23 траўня вечарам. Гэта яго другі замежны візыт пасьля інаўгурацыі на пачатку траўня. Першы Пуцін зрабіў у Кітай.
Форум