Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы міністар абароны Расеі ў Менску заявіў, што хоча дадатковых захадаў бясьпекі для «саюзнай дзяржавы»

абноўлена

Сустрэча міністраў абароны Беларусі і Расеі ў Мачулішчах 24 траўня 2024
Сустрэча міністраў абароны Беларусі і Расеі ў Мачулішчах 24 траўня 2024

Віктар Хрэнін сустрэў свайго расейскага калегу на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.

На сустрэчы ў Міністэрстве абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што візыт расейскага міністра ў Беларусь зьяўляецца чарговым пацьверджаньнем «братэрскіх сувязяў і стратэгічнага партнэрства Беларусі і Расеі».

«Гэта асабліва важна ў вельмі складаных умовах ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая складаецца вакол нашых краін», – сказаў Віктар Хрэнін.

Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў у сваю чаргу назваў Беларусь «верным хаўрусьнікам і надзейным партнэрам Расеі» і заявіў аб неабходнасьці дадатковых захадаў бясьпекі для «саюзнай дзяржавы».

«Сёньня як ніколі неабходныя наша цесная супраца для своечасовага рэагаваньня на ваенна-палітычную абстаноўку і ўхваленьня дадатковых захадаў у гарантаваньні бясьпекі саюзнай дзяржавы», – працытавала Андрэя Белавусава прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, які на гэтай пасадзе нядаўна зьмяніў Сяргея Шайгу, прыбыў у Менск раніцай 24 траўня, каб перад сустрэчай Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна правесьці перамовы зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным.

Віктар Хрэнін сустрэў свайго расейскага калегу на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.

«У Менску міністры правядуць працоўную сустрэчу. На парадку дня пытаньні двухбаковай вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы», – паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі.

Гэта першы візыт у Беларусь расейскага міністра.

Напярэдадні позна ўвечары Аляксандра Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмеркавалі пытаньні «бясьпекі» і правядзеньне другой фазы вучэньня сродкаў і носьбітаў ядзернай зброі.

«Я думаю, што, як звычайна, мы пытаньні бясьпекі [вынесем] на першы плян, а заўтра абмяркуем эканамічныя пытаньні разам з нашымі калегамі з урадаў», — заявіў Лукашэнка позна ўвечары 23 траўня.

«Усё ў нас стабільна, усё складаецца добра. Пагаворым, вядома, і пра вучэньні — пра другую фазу вучэньняў, гэта зьвязана зь непасрэдным удзелам у гэтых мерапрыемствах нашых беларускіх сяброў, калег у вайсковай сфэры. Увогуле, у нас вельмі вялікі парадак дня», — адказаў яму Ўладзімір Пуцін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG