Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра новага міністра абароны Расеі і чаго ад яго чакаюць


Андрэй Белавусаў
Андрэй Белавусаў

Новым міністрам абароны Расеі замест Сяргея Шайгу, які займаў гэтую пасаду амаль 12 гадоў, стаў былы першы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду, эканаміст Андрэй Белавусаў.

Ён адзін з самых ляяльных Пуціну чальцоў эканамічнага блёку кабінэту міністраў, ад яго чакаюць павелічэньня першых посьпехаў расейскай эканомікі ў яе пераводзе на ваенныя рэйкі. Але біяграфія Белавусава і ўспаміны людзей, якія яго ведалі, сьведчаць, што ён выкарыстоўваў дзяржаўную службу для паляпшэньня фінансавага дабрабыту сваіх сваякоў.

Пасьля пераабраньня на пасаду расейскага прэзыдэнта Ўладзімір Пуцін пачаў шэраг перапрызначэньняў ва ўрадзе. У кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны найбольшую ўвагу выклікала рашэньне Пуціна прыбраць з пасады кіраўніка Міністэрства абароны Сяргея Шайгу і прызначыць на яго месца першага віцэ-прэмʼера Андрэя Белавусава, чалавека выключна цывільнага, які ня мае вайсковага досьведу. Шайгу прызначаны на пасаду кіраўніка Рады бясьпекі РФ і ўзначаліць Фэдэральную службу па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, якая выводзіцца зь Міністэрства абароны і пераходзіць пад кантроль расейскага прэзыдэнта.

Афіцыйнае тлумачэньне зьмены кіраўніка расейскага абароннага ведамства — узмацненьне кантролю над міністэрствам, якое адказвае амаль за 7% расейскага ВУП. Бюджэт Міністэрства абароны за апошні час вырас амаль удвая і па абʼёмах наблізіўся да паказчыкаў сярэдзіны 1980-х гадоў, калі доля сілавога блёку складала 7,4% ад усіх выдаткаў дзяржавы.

«Ваенная эканоміка будзе цягнуць за сабой астатнюю»

«Андрэй Белавусаў ніколі не займаўся Ўзброенымі сіламі, — кажа палітоляг Іван Праабражэнскі. — Ён уваходзіў у супольнасьць умоўных мэтадолягаў, эканамістаў і ня толькі эканамістаў, якія прытрымліваліся прыблізна адных і тых жа поглядаў — што і грамадзянскую супольнасьць, і эканоміку неабходна рэгуляваць з боку дзяржавы. У гэтым сэнсе ён не лібэрал. Яго ставяць для таго, каб канчаткова перавесьці расейскую эканоміку на ваенныя рэйкі, ператварыць Расею ў краіну, дзе ваенная эканоміка будзе цягнуць за сабой усю астатнюю, каб эканамічны крах стаў у бліжэйшае дзесяцігодзьдзе нават з улікам цяперашняй вайны немагчымым, а гэтая вайна працягвала б весьціся ўсё больш і больш актыўна і ўсё больш і больш эфэктыўна, можа, за кошт узроўню жыцьця расейцаў», — кажа Праабражэнскі, нагадваючы, што бацька новага кіраўніка Мінабароны быў спэцыялістам па ваеннай мабілізацыйнай эканоміцы.

У Маскве падкрэсьліваюць, што непасрэдна на баявых дзеяньнях сыход Шайгу з пасады кіраўніка Мінабароны не адабʼецца, бо вайна — прэрагатыва Генштабу. Незалежныя аналітыкі таксама адзначаюць, што ўплыў Андрэя Белавусава на вайсковыя аспэкты дзейнасьці міністэрства будзе мінімальны.

Пра тое, што галоўнай задачай Белавусава будзе кантраляваць перавод расейскай эканомікі на ваенныя рэйкі ў чаканьні таго, што вайна з Украінай працягнецца яшчэ доўга, піша і амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны. Дара Масікот, старшы навуковы супрацоўнік карпарацыі RAND, якая займаецца вывучэньнем зьвязаных з Расеяй пытаньняў абароны і бясьпекі, наадварот, лічыць, што знаходжаньне Белавусава на пасадзе міністра абароны можа быць нядоўгім, а ягоныя кампэтэнцыі хутчэй пасуюць да рэгуляваньня абароннай эканомікі на этапе пасьля завяршэньня ваенных дзеяньняў.

Першае абяцаньне новага расейскага міністра абароны — вырашэньне праблемы з выплатамі, льготамі, мэдычным абслугоўваньнем і жытлом для ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне.

Акадэмічная адукацыя Белавусава, кажуць крыніцы расейскіх СМІ, не перашкаджала яму адзначацца ультрапатрыятычнымі ідэямі і прынятым у Крамлі ўяўленьнем, што Расея знаходзіцца «у коле ворагаў». У 2014 годзе, паводле непацьверджаных зьвестак, Белавусаў быў адзіным высокапастаўленым чыноўнікам «эканамічнага блёку» ўраду, які без сумненьняў падтрымаў анэксію Крыму. Магчыма, гэта і дазволіла новаму міністру абароны займець давер Пуціна — аж да таго, што ў красавіку 2020 году, калі Міхаіл Мішусьцін трапіў у шпіталь з каранавірусам, менавіта Белавусаў часова заняў ягонае месца.

«Пуцін сам становіцца міністрам абароны»

«Цяпер з улікам таго, што вайсковае ведамства ўзначаліў эканаміст, Пуцін дэ-факта сам становіцца міністрам абароны і атрымлівае магчымасьць асабіста прымаць рашэньні ў рамках любых кампэтэнцый, аддаючы распараджэньні, напрыклад, наўпрост Генштабу. Адпаведна, Шайгу быў прыбраны з той прычыны, што быў дадатковым зьвяном у сыстэме прыняцьця рашэньняў аб вайне. Пуціна гэта, відаць, не задавальняла. Фармальная прычына зьмены міністра — гэта, відавочна, вялікае антыкарупцыйнае расьсьледаваньне ў Мінабароны, дэманстратыўны арышт намесьніка міністра абароны Цімура Іванова і чуткі пра тое, што Іванова нібыта затрымалі нават не за карупцыю, а за здраду Радзіме, што Мінабароны прагніла, што іншых намесьнікаў Шайгу таксама будуць здымаць», — кажа Іван Праабражэнскі.

Шайгу займаў пасаду міністра абароны амаль 12 гадоў, зь лістапада 2012-га. За гэты час некалькі разоў у падведамных яму ўпраўленьнях і дэпартамэнтах адбываліся карупцыйныя скандалы, але яны ня сталі падставай для адстаўкі Шайгу з пасады міністра абароны.

«Усё гэта ніякім чынам не ўплывала на лёс міністра абароны з адной простай прычыны: Пуцін, відавочна, баяўся прымаць сурʼёзныя кадравыя рашэньні ў той момант, калі сытуацыя на фронце была нестабільная, — кажа Праабражэнскі. — Цяпер, відаць, зь ягонага асабістага пункту гледжаньня ён лічыць, што рукі ў яго вольныя і ён можа зрабіць кадравыя перастаноўкі, якія сьведчаць, што Пуцін гатовы ваяваць яшчэ шмат гадоў, а ня год і ня два. Ён зьбіраецца поўнасьцю перабудоўваць расейскую эканоміку пад вайну».

Рэкордныя сродкі на рахунках фірмы сямʼі

Скандальныя эпізоды ёсьць і ў біяграфіі Андрэя Белавусава, дакладней — ягоных сямейнікаў: сына, Паўла Белавусава, і Паўлавай жонкі (нявесткі новага міністра абароны) Яўгеніі Белавусавай, зь якой ён пазнаёміўся, яшчэ калі вучыўся ў МДТУ імя Баўмана.

Як высьветліла ў 2020 годзе расейскае выданьне «Метла», Павел Белавусаў на пару з жонкай валодае і кіруе кампаніяй Claire&Clarté (ТАА «Клэр энд Клартэ»), якая займаецца інжынэрным кансалтынгам і лічбавізацыяй. Уладальнікам гэтага бізнэсу ён стаў сумесна з жонкай у 2015 годзе, калі Белавусаву-малодшаму быў усяго 21 год. Кліентамі Claire&Clarté зь першых дзён існаваньня сталі расейскія дзяржкампаніі і ведамствы: Міністэрства прамысловасьці і гандлю, Ростех, Роскосмос і Росатом — у назіральныя рады дзьвюх апошніх дзяржкарпарацый у той час уваходзіў Белавусаў-бацька.

Зусім нядаўна, у красавіку 2024 году, выданьне «Важныя гісторыі» падлічыла, што на рахункі фірмы сына новага міністра абароны РФ і ягонай жонкі за 2023 год паступіла рэкордная колькасьць сродкаў — амаль 600 мільёнаў рублёў.

«Аднаго сталага героя маіх расьсьледаваньняў на пасадзе кіраўніка Мінабароны зьмяняе іншы. Замест Сяргея Шайгу міністрам абароны зараз будзе Андрэй Белавусаў. Адзін карупцыянэр пост здаў, іншы — прыняў», — піша ў сацыяльнай сетцы Х журналіст-расьсьледавальнік Сяргей Яжоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG