Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных наблізіў, другіх аддаліў. Кім незадаволены Лукашэнка?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пасада кіраўніка Лукашэнкавай адміністрацыі была вакантная амаль паўгода, са студзеня, калі чыноўнік, які яе займаў (Ігар Сергеенка) пайшоў у дэпутаты. Лукашэнка выбіраў доўга. Бо перад новым кіраўніком Адміністрацыі стаіць вельмі адказная задача: забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году з гарантаваным вынікам. Каб не паўтарылася драма 2020 году.

Нельга сказаць, што выбар Дзьмітрыя Крутога быў нечаканы. Такіх цяжкавагавікоў з мэнэджарскімі здольнасьцямі ў атачэньні Лукашэнкі ня так і шмат. Неяк на адной з нарадаў Лукашэнка адзначыў, што амбасада Беларусі ў Расеі — гэта другі беларускі ўрад. Ну, а яго кіраўнік — амбасадар — другі кіраўнік ураду. Тым больш што ён захоўваў за сабой паўнамоцтвы віцэ-прэм’ера. З улікам таго, што Лукашэнка ўвесь час выказвае незадаволенасьць дзейным прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, выбар Крутога на адну з найважнейшых пасад выглядае лягічным.

Дзьмітры Круты адказваў за расейскі кірунак беларускай палітыкі. Цяпер у яго больш магчымасьцяў забясьпечыць падтрымку Расеі падчас чарговага пераабраньня Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.

А вось другое прышэсьце Натальлі Пяткевіч на пасаду першай намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі стала нечаканым. Раней яна двойчы трапляла ў апалу. Першы раз у 2010 годзе, калі адказвала за ідэалёгію і праваліла прэзыдэнцкую кампанію 2010 году. Тыя выбары скончыліся масавым пратэстам, разгонам, арыштам 7 з 10 кандыдатаў у прэзыдэнты, рэзкім пагаршэньнем адносін з Захадам. Тактыка рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў ад апазыцыі аказалася памылковай. Адказнымі абвясьцілі Натальлю Пяткевіч і кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага.

Потым Натальля была прызначана памочніцай прэзыдэнта, а ў 2014 годзе зноў пракалолася. Яна «павялася» на розыгрыш пранкера Вавана, які пад выглядам сына Віктара Януковіча зьвязаўся з Лукашэнкам празь ягоную памочніцу і нават паабяцаў падарыць яму «залаты батон».

Лукашэнка ня першы раз вяртае на высокую пасаду чыноўнікаў, якія праштрафіліся. Магчыма, лічыць, што апала спрыяе большай адданасьці і эфэктыўнасьці. Як сьпяваў Высоцкі, «у прарыў ідуць штрафныя батальёны». Але гэта і сьведчаньне кароткай лаўкі запасных.

Вонкава трохі нечаканай стала адстаўка міністра замежных спраў Сяргея Алейніка. Як камэнтуе гэтую адстаўку Павал Латушка, «больш слабога і бязвольнага міністра замежных спраў ня ведала гісторыя сучаснай беларускай дыпляматыі, у Алейніка самы кароткі тэрмін знаходжаньня на пасадзе кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства — 1,5 года». Я б адзначыў, што не было і больш правальнага і безьзьмястоўнага пэрыяду ў беларускай дыпляматыі. Супрацоўніцтва з расейскімі губэрнатарамі стала яе галоўным кірункам. Таму — якая замежная палітыка, такі і міністар.

Лукашэнка не хаваў свайго незадавальненьня дзейнасьцю Міністэрства замежных спраў: «МЗС трэба прыводзіць у прытомнасьць. Кажу адкрытай мовай: ускалыхнуць МЗС трэба, каб яно пачало працаваць». Згадаў ён і пра кадры ў міністэрстве: «Шанец дайце ўсім. Ведаю, што там няпростая абстаноўка. Усім дайце, але той, хто ня хоча працаваць і той, хто мяне сёньня не пачуе, яны працаваць не павінны». На тле раптоўнай сьмерці вядомага дыплямата Дзяніса Сідарэнкі, якая абрастае рознымі чуткамі, незадаволенасьць Лукашэнкі кадрамі МЗС вельмі адметная. Гэта ўсё яшчэ рэха 2020 году.

МЗС на чале з Алейнікам не змагло наладзіць адносіны з Захадам, ня здолела забясьпечыць эканамічны эфэкт ад візытаў Лукашэнкі ў розныя экзатычныя краіны. Хоць карэнныя прычыны неэфэктыўнасьці замежнай палітыкі Беларусі хаваюцца зусім ня ў дзейнасьці міністэрства.

Ня варта чакаць, што прыход на пасаду міністра Максіма Рыжанкова нешта моцна памяняе. Новы кіраўнік МЗС вядомы як эфэктыўны мэнэджар, не запэцканы ў нейкіх адыёзных дзеяньнях ці выказваньнях у духу Азаронка.

А Алейніка адправілі ў ганаровую ссылку, то бок у Савет Рэспублікі. Такая цяпер функцыя верхняй палаты парлямэнту.

На адказную пасаду амбасадара Беларусі ў Расею накіравалі былога міністра прамысловасьці Аляксандра Рагожніка. Паводле традыцыі ў Маскву звычайна накіроўвалі чыноўніка ўзроўню віцэ-прэм’ера ці намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер амбасадарам стаў «усяго толькі» міністар. Але, зь іншага боку, пасада амбасадара ў Расеі — трамплін для намэнклятурнага ўзьлёту. Гэта важна мець на ўвазе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG