Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белавусаў будзе ўбудоўваць беларускую эканоміку ў расейскі ВПК больш актыўна, чым гэта рабіў Шайгу, — расейскі палітоляг Марозаў


Андрэй Белавусаў і Ўладзімір Пуцін
Андрэй Белавусаў і Ўладзімір Пуцін

Што азначае прызначэньне міністрам абароны Расеі эканаміста Андрэя Белавусава? У якіх абставінах Крамлю можа спатрэбіцца ўдзел беларускага войска ў вайне? Што азначаюць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра падрыхтоўку да вайны? Ці выкарыстае Лукашэнка ў выпадку наступу на Менск палка Каліноўскага ці іншых падобных злучэньняў з тэрыторыі суседніх зь Беларусьсю краінаў тактычную ядзерную зброю?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў.

Сьцісла

  • Белавусаў будзе ўбудоўваць Беларусь, беларускія прадпрыемствы ў расейскую ваенную машыну значна больш актыўна, чым гэта было пры Шайгу.
  • Пуціну можа спатрэбіцца ўдзел у вайне беларускага войска ў выпадку буйной няўдачы Расеі на полі бою.
  • Лукашэнка рыхтуе беларусаў да ўдзелу ў вайне Расеі з NATO, якая можа адбыцца не пазьней за 2026 год.
  • У выпадку рэйду на тэрыторыю Беларусі груповак кшталту палка Каліноўскага Лукашэнка аддасьць перавагу адпору звычайнымі сіламі, у скрайнім выпадку папросіць дапамогі канвэнцыйнымі ж сіламі ў Расеі.

— Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зрабіў маштабныя перастаноўкі ў сілавым блёку расейскай улады. Першы віцэ-прэм’ер Андрэй Белавусаў стаў міністрам абароны, былы кіраўнік міністэрства Сяргей Шайгу прызначаны сакратаром Савету бясьпекі, колішні сакратар Рады Мікалай Патрушаў прызначаны памочнікам прэзыдэнта. Самае адметнае — прызначэньне Белавусава. Ён наагул не служыў у войску, ня меў непасрэднага дачыненьня нават да вайсковай прамысловасьці, да ВПК. Ён прафэсійны эканаміст, адмысловец хутчэй у макраэканоміцы. У чым сэнс такога прызначэньня?

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў

— Гэта сапраўды маштабная кадравая перастаноўка. Усе перастаўленыя — і Шайгу, і Патрушаў — захавалі даволі важныя пазыцыі. Пуцін перафарматаваў сваю каманду. І перафарматаваў яе з трыма відавочнымі пасьлядоўнымі задачамі. Па-першае, уся перазборка накіраваная на тое, каб весьці працяглую вайну, пра што слушна кажуць усе. Па-другое, перастаноўка паказвае, што Пуцін узмацняе сваё ўласнае ручное кіраваньне. І трэці момант важны: мэта перастаноўкі — «патрыятызаваць» алігархаў, гэта значыць падпарадкаваць сабе тую частку эканомікі, якая яшчэ не ўваходзіць у склад дзяржкарпарацый. Ёсьць даволі буйныя кампаніі, якія зьвязаны і з мэталюргіяй, і са здабычай карысных выкапняў рознага кшталту. Ёсьць намер узмацніць кантроль над гэтай групай уплывовых бізнэсоўцаў са сьпісу Forbes.

Фігуральна кажучы, Белавусаў прызначаны мэнэджарам так і ня створанага Савету абароны. Да пуцінскіх выбараў гучала прапанова стварыць такую інстытуцыю, кшталту той, што дзейнічала ў гады Другой сусьветнай вайны ў СССР. Гэтую прапанову выказвалі дастаткова ўплывовыя асобы, у тым ліку і ў Дзяржаўнай Думе, якія казалі, што ва ўмовах вайны неабходна стварыць надведамасную камісію, якая будзе кіраваць усім вайсковым заказам, у першую чаргу ўсёй лягістыкай, зьвязанай з войскам. Меркавалася, што стварэньне такога Савету спыніла б жахлівую карупцыю ў самім Міністэрстве абароны на дзяржаўныя заказы. Але Пуцін выбраў іншы сцэнар. Ён замест стварэньня Савету абароны вырашыў проста прызначыць Белавусава міністрам абароны і ўскласьці на яго адказнасьць за каардынацыю працы ўсёй эканомікі для вайны.

— А зараз аб беларускім аспэкце гэтай новай ваеннай палітыкі Расеі. Апошнім часам беларускае садзейнічаньне расейскай вайне зводзілася ў асноўным якраз да супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай галіне, да працы беларускай эканомікі на расейскі ВПК. Вы сказалі, што мэта прызначэньня Белавусава — сабраць усе эканамічныя рэсурсы Расеі пад вайсковы «дах». Ці можа гэта датычыцца і эканомікі Беларусі?

— Хоць і да гэтай кадравай «ракіроўкі» ў РФ беларускія прадпрыемствы актыўна супрацоўнічалі з расейскім вайскова-прамысловым комплексам і з Міністэрствам абароны, выконваючы заказы, але Белавусаў, несумненна, будзе праводзіць вялікую рэвізію ўсёй гэтай сыстэмы ўзаемадзеяньня. Гэта несумненна. Ужо на гэтым тыдні зьявіліся паведамленьні, што Белавусаў ініцыяваў вялікую праверку ў Міністэрстве абароны — усіх абсалютна кантрактаў і ўсіх папярэдніх лініяў узаемадзеяньня. Таму чакаецца вялікае пераацэньваньне таго, што Беларусь робіць для расейскай ваеннай машыны, што яна можа рабіць яшчэ. І, наколькі можна зразумець, Белавусаў будзе ставіць больш амбіцыйныя задачы, чым гэта рабіў Шайгу.

Мэта новай перастаноўкі — назапашваньне вялікіх вайсковых рэсурсаў на працягу наступных двух гадоў. І роля Беларусі, беларускай эканомікі будзе ў гэтым павялічваецца. У Аляксандра Лукашэнкі няма ўжо ніякіх іншых опцыяў, каб пазьбягаць гэтага, каб адстойваць сувэрэнітэт. Ён перайшоў у статус суагрэсарства з Пуціным. Лукашэнка на гэты конт ужо нават жартуе, маўляў, мы з Пуціным суагрэсары. Зразумела, Беларусь ня можа даць больш, чым у яе ёсьць. І вытворчыя, і вайсковыя магчымасьці Беларусі не бязьмежныя. Але можна сказаць, Белавусаў будзе ўбудоўваць Беларусь, беларускія прадпрыемствы ў расейскую ваенную машыну значна больш актыўна, чым гэта было пры Шайгу.

— У Беларусі, ды і ў сьвеце, з 24 лютага 2022 году задаюць пытаньне: ці будзе беларускае войска ўцягнутае ў вайну? Цяпер адбываецца расейскі наступ у Харкаўскай і ў Данецкай вобласьцях Украіны. Што гавораць вайсковыя экспэрты? Ці патрэбная Крамлю падтрымка з поўначы, зь Беларусі? Ці ўваходзіць у апэратыўныя пляны Генштабу РФ непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне? Ці адбываецца нейкая перадыслякацыя сурʼёзных расейскіх вайсковых кантынгентаў у Беларусь?

— Мне здаецца, што ёсьць некаторая еднасьць думак адносна месца Беларусі на мапе вайны. Фундамэнтальным чыньнікам зьяўляецца перадысьлякацыя тактычнай ядзернай зброі. Гэты момант усё мяняе ў адносінах успрыманьня Беларусі. Гэта ўспрымаецца як рэальная пагроза, якая ў пэўны момант можа быць ажыцьцёўлена Пуціным з тэрыторыі Беларусі. Другі важны момант палягае ў тым, што, незалежна ад таго, ці ёсьць зараз расейскія кантынгенты на тэрыторыі Беларусі, усе разумеюць, што Пуцін будзе нападаць на Ўкраіну з поўначы ў тым выпадку, калі справы на фронце ў Крамля пойдуць дрэнна. І гэта можа адбыцца і ў тым выпадку, калі вайна набудзе характар «экзыстэнцыйнай небясьпекі», як Крэмль гэта называе. А гэта можа здарыцца ў любы момант і з розных прычынаў. Можа адбыцца вялікі посьпех украінскай арміі. І адказам на гэты посьпех можа стаць удар Крамля па Ўкраіне зь Беларусі.

— Але падчас гэтай вайны былі і вялікая няўдача Расеі, і вялікі посьпех Украіны. Гэта восень 2022 году — вызваленьне значных частак Харкаўскай і Херсонскай вобласьцяў, вельмі важнае сымбалічнае вызваленьне Херсона — адзінага абласнога цэнтру Ўкраіны, які расейцы занялі ў пачатку вайны. Для таго, каб беларускае войска ці ядзерная зброя спатрэбіліся, патрэбная параза такога ж маштабу ці нават большага?

— Прыкладна такога ж маштабу. У 2022 годзе, калі Крэмль нёс паразы ў Харкаўскай і Херсонскай вобласьцях, сытуацыя была іншай. З таго часу значна больш маштабна сфармаваўся глябальны альянс падтрымкі Ўкраіны. Крэмль хваравіта да гэтага ставіцца. Выбудоўваюцца структуры рэсурснага забесьпячэньня вайны для Ўкраіны з боку Эўразьвязу і асобных краін. Ёсьць адчуваньне, што Пуціну сёлета неабходны посьпех. Таму няўдача будзе больш балючай, чым была ў канцы 2022 году. Я б не арыентаваўся на рэакцыю, якая была ў Крамля на падзеі пад Харкавам і ў Херсонскай вобласьці два гады таму. Рэакцыя будзе іншая.

Немагчыма сьцьвярджаць на 100%, які сцэнар адказу Крэмль выбера ў выпадку нейкай няўдачы. Ды і сама такая няўдача яшчэ не відавочная. Але сёлета ангажаваньне Беларусі ў вайну і ўжываньне ядзернай зброі ў адказ на паразу нельга выключаць. Калі сёлетні летні наступ Крамля дасьць Пуціну тое, чаго ён хоча, то ў такім выпадку пытаньне аб выкарыстаньні Беларусі адпадзе. Беларусь проста будзе заставацца эканамічным проксі Крамля. І вайсковым рэзэрвам.

— Апошнім часам Лукашэнка шмат разоў казаў, што рыхтуе Беларусь да вайны. Што азначаюць гэтыя заявы? Гэта сапраўды падрыхтоўка да непазьбежнай вайны? Ці гэта падрыхтоўка да вайны, якая, на думку Лукашэнкі, вельмі імаверная? Ці гэта ўвогуле не падрыхтоўка да рэальнай вайны, а спосаб узьдзеяньня на насельніцтва? Паводле дадзеных Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў міру (SIPRI), абарончыя выдаткі як доля ВУП у Беларусі ў 2023 годзе былі самыя нізкія ў параўнаньні з усімі суседзямі. Ня толькі з Расеяй і Ўкраінай, якія ваююць, але і ў параўнаньні з Польшчай, Літвой, Латвіяй. Што ня сьведчыць аб скрайняй мілітарызаванасьці Беларусі. А Лукашэнка гаворыць, што Беларусь рыхтуецца да вайны. Якія суадносіны абʼектыўных паказьнікаў і рыторыкі?

— Калі я пачуў гэтыя заявы Лукашэнкі, то зрабіў для сябе выснову, што ён кажа сваёй цывільнай і вайсковай эліце: мы з Пуціным рыхтуемся да вайны.

— У сэнсе? Расея і так ужо два гады вядзе вайну. Да якой вайны Пуцін яшчэ рыхтуецца?

— Да больш маштабнай вайны. Да вайны з краінамі, якія непасрэдна мяжуюць зь Беларусьсю. Расея рыхтуецца да вялікага сутыкненьня з NATO.

— Калі? Сёлета, налета, праз два гады?

— Кантакты Лукашэнкі з Крамлём гавораць яму, што Пуцін пачне вайну з NATO да 2026 году. І ў гэтай вайне Крамлю спатрэбіцца і беларуская армія, але найперш беларуская тэрыторыя. Насамрэч перадыслякацыя вялікага расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусь зойме 10-14 дзён, калі адпаведнае рашэньне будзе прынятае.

— І яшчэ адно пытаньне, пра якое вы ўжо пачалі гаварыць. Гэта ядзерная зброя, якая мяняе сытуацыю. Днямі ў Расеі былі праведзеныя вучэньні ў выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі. І ў Беларусі яны таксама прайшлі. Лукашэнка сказаў, што гэта ён вырашыў правесьці такія вучэньні ў Беларусі. Пуцін сказаў, што Беларусь проста паўдзельнічала ў расейскіх вучэньнях. Нядаўна на Ўсебеларускім народным сходзе была прынятая новая ваенная дактрына. У кулюарах сходу Лукашэнка сказаў журналістам, што парадак выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі, — гэта яго з Пуціным справа. Расейскі пракрамлёўскі інфармацыйны рэсурс «Россия в глобальной политике» пракамэнтаваў гэта словамі : «Два пальцы на кнопцы. Трывожна». Незразумела, каму трывожна. Ці то «России в глобальной политике», ці Захаду павінна быць трывожна. Дык колькі пальцаў на ядзернай кнопцы?

— Несумненна, у Лукашэнкі будзе захоўвацца права голасу ў гэтым пытаньні. Ва ўсякім разе, ён на гэта разьлічвае. Даўшы згоду на разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі, Лукашэнка атрымаў гарантыі Пуціна, што толькі ў выніку сумеснага рашэньня яна можа быць скарыстаная. Але гэта, вядома, гарантыі, якім цана 5 капеек. Таму што ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі (а толькі ў такой сытуацыі ТЯЗ і можа быць выкарыстаная) у Лукашэнкі ня будзе магчымасьці проста адмовіцца ад рашэньня Масквы. І тут ствараецца складаная сытуацыя.

У выпадку маштабнага ядзернага ўдару з тэрыторыі Расеі ў Захаду ёсьць распрацаваныя пратаколы, альгарытмы дзеяньняў. І яны ўступаюць у дзеяньне аўтаматычна ў выпадку такога нападу. Але сытуацыя, калі гэтая зброя ўжываецца з тэрыторыі трэцяй краіны, да пэўнай ступені няпэўная. Нягледзячы на ўсю залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля, Беларусь усё ж трактуецца як незалежная дзяржава. Я думаю, што зараз заходнія адмыслоўцы ў ядзернай бясьпецы абмяркоўваюць шляхі адказу на такі варыянт разьвіцьця падзеяў.

— А што вы можаце сказаць пра ў пэўным сэнсе адваротную сытуацыю? Скажам, полк Каліноўскага ўчыняе рэйд на тэрыторыю Беларусі, маючы на мэце яе вызваленьне ад дыктатуры. Ці нейкія іншыя беларускія мілітарныя ці парамілітарныя злучэньні зь іншых краінаў-суседзяў Беларусі ўчыняюць падобныя дзеяньні. А Кіеў, Варшава, Вільня кажуць, што ня маюць ніякага дачыненьня да гэтых унутрыбеларускіх працэсаў. Аднак у адказ Лукашэнка націскае на кнопку. Гэта рэальна?

— Я думаю, што не. Гэта, мне здаецца, маларэалістычна. Я думаю, што калі Беларусь зазнае такі напад, то для Лукашэнкі надзвычай выйгрышна разграміць гэтыя парамілітарныя атрады сваімі ўласнымі сіламі, дэманструючы ўласную перавагу. Калі ж у яго ўзьнікне праблема пры гіпатэтычных посьпехах палка Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі, то ў такім выпадку ён проста будзе прасіць вайсковай дапамогі ў Крамля.

Як папрасіў прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у Пуціна ў 2022 годзе. І Крэмль перакіне дэсантныя падразьдзяленьні ў дастатковай колькасьці для таго, каб зьліквідаваць узьніклую для Лукашэнкі пагрозу. Але пры такой сытуацыі ён ня будзе выкарыстоўваць ніякай ядзернай зброі. Бо пэрспэктыва разграміць хутка і прыгожа падобнае ўварваньне настолькі прывабная для Лукашэнкі ў кантэксьце ягонай палітычнай біяграфіі, што ён, несумненна, будзе рабіць гэта звычайнымі сродкамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG