Супраць яго заведзеная крымінальная справа, за што — невядома, піша БАЖ. Барыс Гарэцкі і іншыя лідэры Беларускай асацыяцыі журналістаў вымушана выехалі зь Беларусі яшчэ ў 2021‑м годзе пасьля разгрому сілавікамі офіса арганізацыі ў Менску.
«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я ня ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады.
Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтай прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі», — расказаў Барыс Гарэцкі прэс-службе БАЖ.
У 2023‑м КДБ прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкім фармаваньнем. Нягледзячы на вымушаную эвакуацыю, БАЖ працягвае актыўную працу па падтрымцы беларускіх журналістаў і мэдыя.
Свабода даведалася пра арышты кватэр актывістаў у розных гарадах Беларусі. Іхныя сваякі, якія ў Беларусі, давалі падпіскі аб невыдаваньні. Пра намер канфіскоўваць маёмасьць у апанэнтаў уладаў, якія выходзяць на акцыі за мяжой, Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 16 траўня.
Тады стала вядома, што ведамства зьбіраецца прызнаць злачынцамі 104 беларусаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях за мяжой. СК зьвярнуў увагу, што па месцы рэгістрацыі ўцекачоў «праводзяцца ператрусы, накладаньне арышту». Паводле СК, гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Форум