Кватэру Зьмітра Казакевіча супрацоўнікі КДБ апячаталі 16 траўня. Падрабязнасьці таго, як гэта адбывалася, Казакевіч расказаў Свабодзе.
«Пасьля таго як я выехаў зь Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 траўня „органы“ выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці зьяўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 траўня туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзьверы, паднялі на вушы ўвесь дом», — расказаў Свабодзе Казакевіч.
Паводле суразмоўцы, на дзьвярах кватэры сілавікі пакінулі паперку: «Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь». Фрылансэр дадаў, што ня ведае, ці быў у кватэры ператрус.
Зьміцер Казакевіч кажа, што на акцыях салідарнасьці за мяжой бываў, але па працы, не як актывіст.
Свабода даведалася пра арышты кватэр актывістаў у розных гарадах Беларусі. Іхныя сваякі, якія ў Беларусі, давалі падпіскі аб невыдаваньні. Пра намер канфіскоўваць маёмасьць у апанэнтаў уладаў, якія выходзяць на акцыі за мяжой, Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 16 траўня. Тады стала вядома, што ведамства зьбіраецца прызнаць злачынцамі 104 беларусаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях за мяжой. СК зьвярнуў увагу, што па месцы рэгістрацыі ўцекачоў «праводзяцца ператрусы, накладаньне арышту». Паводле СК, гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Форум