Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Баку. Чаму адносіны Беларусі з Азэрбайджанам лепшыя, чым з Армэніяй


Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў у Баку. 16 траўня 2024 году
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў у Баку. 16 траўня 2024 году

Менск больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Азэрбайджанам, чым Баку — у сяброўстве зь Менскам. Рэжым Аліева не знаходзіцца ў ізаляцыі, праводзіць ураўнаважаную палітыку, супрацоўнічае з рознымі цэнтрамі сілы. Лукашэнка такой свабоды дзеяньняў ня мае, у яго зьвязаныя рукі і вузкі калідор для манэўру з аглядкай на Маскву.

Сьцісла:

  • Вытрымаць балянс у стасунках з Азэрбайджанам і Армэніяй у беларускага кіраўніцтва ня вельмі атрымліваецца. Адносіны ў Менску з Баку былі і застаюцца лепшымі, чым зь Ерэванам.
  • Азэрбайджан — больш багатая краіна, чым Армэнія, таму можна атрымаць нямала эканамічных дывідэндаў. Да таго ж у Беларусі і Азэрбайджане роднасныя аўтарытарныя рэжымы.
  • У Беларусі і Азэрбайджану нядрэнны ўзровень гандлю. У 2023 годзе тавараабарот паміж краінамі перасягнуў $400 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў больш як $370 млн.
  • Шматгадовая практыка замежных візытаў Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што яны мала ўплываюць на маштаб эканамічных стасункаў з той ці іншай краінай.

Аляксандар Лукашэнка ладзіць дзяржаўны візыт у Азэрбайджан. З замежнымі візытамі (акрамя Расеі) у яго пэўная праблема. Ня так шмат краін за межамі постсавецкай прасторы хацелі б яго бачыць. За пяць месяцаў 2024 году гэта толькі другі ягоны замежны візыт (першы адбыўся ва Ўзбэкістан у лютым).

Што тычыцца адносін з Азэрбайджанам, то тут важнай задачай было знайсьці балянс стасункаў з гэтай краінай і з Армэніяй. Армяна-азэрбайджанскі канфлікт вакол Нагорнага Карабаху вымагаў ад афіцыйнага Менску тонкай гульні ў нэўтралітэт з захаваньнем добрых адносін з абодвума бакамі.

Аднак вытрымаць такі балянс беларускаму кіраўніцтву ня вельмі ўдавалася. Адносіны Менску з Баку былі і застаюцца лепшымі, чым зь Ерэванам, хоць Армэнія, адрозна ад Азэрбайджану, уваходзіць у АДКБ і ЭАЭС. Было некалькі армяна-беларускіх дыпляматычных скандалаў. Нечага падобнага ў адносінах Беларусі з Азэрбайджанам прыгадаць нельга.

Прычыны падобнага перакосу ў адносінах Беларусі зь дзьвюма закаўкаскімі краінамі навідавоку. Азэрбайджан — краіна багацейшая, чым Армэнія, там шмат нафтадаляраў, таму можна атрымаць нямала эканамічных дывідэндаў.

Да таго ж у Беларусі і ў Азэрбайджане, можна сказаць, роднасныя аўтарытарныя рэжымы. Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў добра разумеюць адзін аднаго. «Мы маем зносіны як браты», — сказаў беларускі ўладар падчас цяперашніх перамоваў. У сваю чаргу, Аліеў канстатаваў: «Беларусь і Азэрбайджан — гэта два надзейныя сябры». Такая рыторыка характэрная хіба што для беларуска-расейскіх адносін.

Абмен візытамі на найвышэйшым узроўні паміж краінамі адбываецца даволі інтэнсіўна. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў зьдзейсьніў пяць візытаў у Беларусь. Для Лукашэнкі цяперашні візыт у Баку сёмы.

Варта адзначыць важную акалічнасьць. Раней узаемныя візыты лідэраў чаргаваліся. А вось цяпер — не. Апошні візыт у Менск Аліеў зьдзейсьніў у 2018 годзе. Пасьля гэтага не прыяжджаў. А Лукашэнка быў у Баку ў 2021 годзе, і вось цяпер зноў прыехаў. Той візыт трохгадовай даўнасьці адметны тым, што тое была першая паездка беларускага ўладара за мяжу (акрамя Расеі) пасьля масавых грамадзкіх пратэстаў у Беларусі 2020 году, якія паставілі ягоную легітымнасьць пад сумнеў. А вось Аліеў стаў першым з замежных лідэраў, які яго прыняў. І гэта дорага каштуе.

Мяркуючы па ўсім, Менск больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Азэрбайджанам, чым Баку — у сяброўстве зь Менскам. Рэжым Аліева не знаходзіцца ў ізаляцыі, праводзіць ураўнаважаную палітыку, супрацоўнічае з рознымі цэнтрамі сілы: Захадам, Турэччынай, Расеяй. Аднак прэзыдэнт Азэрбайджану ня быў на парадзе ў Маскве 9 траўня ні летась, ні цяпер. Гэта досыць дэманстратыўнае дыстанцыяваньне ад Расеі. Лукашэнка такой свабоды дзеяньняў ня можа сабе дазволіць, у яго зьвязаныя рукі і вузкі калідор для манэўру з аглядкай на Маскву.

У Беларусі і Азэрбайджану нядрэнны ўзровень узаемнага гандлю. У 2023 годзе таваразварот паміж краінамі перасягнуў $400 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў больш як $370 млн, павялічыўшыся на 77 працэнтаў да ўзроўню 2022 году. Можна меркаваць, што значную ролю ў такім росьце адыгрывае павелічэньне паставак у Азэрбайджан падсанкцыйных тавараў. Амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Андрэй Раўкоў адзначыў: «Мы абменьваемся таварамі ў дрэваапрацоўчай галіне (мы прадаём у Азербайджане ўсю лінейку прадукцыі: ад падоўжна расьпілаванага лесу да шпалераў і туалетнай паперы)». А якраз прадукцыя дрэваапрацоўкі знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ. Можна падазраваць, што гэтая прадукцыя транзытам праз Азэрбайджан ідзе і ў іншыя краіны.

Падчас перамоваў Лукашэнка і Аліеў адзначылі, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у праекце адбудовы тых раёнаў, якія перайшлі пад кантроль Азэрбайджану ў выніку вайны за Нагорны Карабах.

Калі гаварыць увогуле, то шматгадовая практыка замежных візытаў Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што яны мала ўплываюць на маштаб эканамічных стасункаў з той ці іншай краінай. Аб’ём гандлю ці ўзаемных інвэстыцый залежыць ад іншых чыньнікаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG