Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі абмежавалі доступ у парлямэнт, апазыцыйныя партыі абвясьцілі байкот на ўдзел у яго працы


Акцыі пратэсту ў Грузіі супраць закону аб «іншаземных агентах»
Акцыі пратэсту ў Грузіі супраць закону аб «іншаземных агентах»

14 траўня парлямэнт Грузіі ў трэцім, канчатковым чытаньні зацьвердзіў закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву».

Чатыры апазыцыйныя партыі абвясьцілі байкот на ўдзел у працы парлямэнту.

Як паведаміў праект Радыё Свабоды «Эхо Кавказа», да байкоту далучыліся і некаторыя незалежныя дэпутаты.

«У сытуацыі, што склалася ў краіне, засталося некалькі інстытутаў — інстытут прэзыдэнта і парлямэнцкая апазыцыя, якая сёньня прадстаўляе голас народу і інтарэсы народу. Ва ўмовах, калі ў краіне ўсталяваўся расейскі рэжым, нармальную парлямэнцкую дзейнасьць немагчыма ўявіць. Сёньня мы пабачылі, што парлямэнцкая большасьць была практычна працягам паліцыі ў залі парлямэнту, калі ніводнаму дэпутату ад апазыцыі не дазволілі нармальна выступіць з прамовай», — заявіў адзін зь лідэраў фракцыі «Адзіны нацыянальны рух» Леван Бежашвілі.

Да байкоту далучыліся партыі «Лэло», «Стратэгія Агмашэнэбэлі», «Грамадзяне» і шэраг незалежных дэпутатаў.

Выданьне newsgeorgia.ge паведаміла, што раніцай у парлямэнце Грузіі зьнялі «чырвоны ўзровень бясьпекі» і з 9:30 абвясьцілі «жоўты» ўзровень. Гэта азначае абмежаваны допуск наведнікаў у парлямэнт, у тым ліку журналістаў. Паводле выданьня, допуск атрымаюць толькі прадстаўнікі тэлеканалаў — ня больш за два журналісты ад кожнага.

Пленарнае пасяджэньне пачнецца а 12:00 паводле мясцовага часу.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла аб намеры кансалідаваць праэўрапейскі фронт на наступных парлямэнцкіх выбарах, хоць сама не плянуе ў іх удзельнічаць.

«Гэта крытычны момант для Грузіі, таму што, вы ведаеце, летась у сьнежні Грузія атрымала статус кандыдата [на ўступ у ЭЗ] і апынулася блізка перад пачаткам перамоў аб уступленьні да канца году. Цяпер мы пасярэдзіне гэтага шляху, паколькі ёсьць новы ціск з мэтай паўторнага ўхваленьня „расейскага“ закону. Гэта менавіта расейскі закон. Апроч таго, прадстаўлены і іншыя законы, якія выклікаюць трывогу, бо адводзяць нас ад рэкамэндацый Эўракамісіі і эўрапейскага шляху ў цэлым», — заявіла Саламэ Зурабішвілі ў інтэрвію тэлеканалу CNN.

У Тбілісі прыбылі міністры замежных спраў краін Балтыі і Ісьляндыі, якія плянуюць сустрэцца з прадстаўнікамі ўраду, апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Пасьля сустрэчы са сваім грузінскім калегам кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў эўрапейскіх краін заявілі, што ўхвалены парлямэнтам закон аб «іншаземных агентах» парушае правы чалавека, грамадзянскія свабоды і ўсе, за што выступае Эўрапейскі зьвяз. Яны адзначылі, што такія мэханізмы характэрныя толькі для «недэмакратычных рэжымаў», якія выкарыстоўваюць рэпрэсіі, каб захаваць уладу.

Напярэдадні, 14 траўня, прадстаўнікі ўлады адмовіліся сустракацца з двупартыйнай дэлегацыяй Кангрэсу ЗША, якая назвала ўхваленьне закону аб «іншаземных агентах» чорным днём для грузінскай дэмакратыі.

Напярэдадні паліцыя жорстка затрымала лідэра «Антыакупацыйнага руху» Давіда Кацараву — яго шпіталізавалі з шматлікімі траўмамі — пераломам носа і касьцей твару. Яму зрабілі апэрацыю. Спэцыяльная сьледчая служба Грузія пачала расьсьледаваньне па факце перавышэньня службовых паўнамоцтваў.

Шэраг грузінскіх СМІ паведамілі, што ўдзельнікі пратэстаў разышліся ўначы. За ўвесь час акцый, якія працягваліся месяц, паліцыя затрымала больш за 160 пратэстоўцаў.

Што папярэднічала

  • 14 траўня парлямэнт Грузіі ў трэцім, канчатковым чытаньні зацьвердзіў так званы закон аб «іншаземных агентах». За зацьвярджэньне скандальнай ініцыятывы «Грузінскай мары» прагаласавалі 84 дэпутаты — нягледзячы на пратэсты дзясяткаў тысяч грамадзян краіны, якія выходзяць на акцыі, і крытыку міжнародных партнэраў Грузіі. 30 апазыцыянэраў прагаласавалі супраць.
  • Закон, прыняты парлямэнтам, у 10-дзённы тэрмін перададуць прэзыдэнту Грузіі. Саламэ Зурабішвілі раней паабяцала, што накладзе вэта на законапраект.
  • Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт у 2-тыднёвы тэрмін падпісвае і публікуе закон або з матываванымі заўвагамі вяртае яго ў парлямэнт. У «Грузінскай мары» ёсьць дастаткова галасоў, каб пераадолець вэта. Калі і пасьля гэтага прэзыдэнт не падпіша закон, яго падпісвае і публікуе старшыня парлямэнту. Як мяркуецца, «Мара» можа канчаткова зацьвердзіць закон у сярэдзіне чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG