Удзельнікі мітынгу пашкодзілі ахоўны жалезны бар’ер, усталяваны ля будынку парлямэнту. Пасьля гэтага іх пачалі затрымліваць.
Супрацоўнікі МУС Грузіі занялі тэрыторыю перад будынкам парлямэнту, жорстка затрымліваючы дэманстрантаў, паведамляе «Эхо Кавказа».
З 17.00 у парлямэнце Грузіі быў уведзены «чырвоны ўзровень». Гэта значыць, што будынак павінны пакінуць усе дэпутаты і супрацоўнікі, акрамя самага неабходнага пэрсаналу.
Спэцназ і іншыя падразьдзяленьні МУС адціснулі дэманстрантаў ад тэрыторыі перад будынкам парлямэнту і разьмясьціліся па ўсім пэрымэтры парлямэнту, а таксама на праспэкце Руставелі, дзе сабраліся пратэстоўцы.
Пасьля спэцназ пакінуў тэрыторыю ў парлямэнту, пратэстоўцы вярнуліся да будынка заканадаўчага органа. Мітынг працягнуўся. Нягледзячы на дождж, у ім удзельнічалі некалькі тысяч чалавек.
Увечары тысячы маніфэстантаў, якія пратэставалі на перад будынкам парлямэнту Грузіі, перамясьціліся на Плошчу Герояў, дзе паліцыя зноў правяла жорсткія затрыманьні. Сілавікі прымянілі гвалт у дачыненьні да грамадзян, якія перакрылі праезную частку. Былі затрыманыя каля 10 чалавек. Пасьля гэтага Плошчу Герояў запоўнілі тысячы пратэстоўцаў. Транспартны рух быў цалкам паралізаваны, паведамляе SOVA.
Удзельнікі акцыі пратэсту ў Тбілісі пачалі перакрываць розныя вуліцы горада. «Мы павінны ахапіць вялікую тэрыторыю і ўсім даць зразумець, што не дазволім ператварыць нас у расейцаў. Мы — Грузія!», — цытуюць грузінскія СМІ заяву арганізатараў мітынгу.
СМІ паведамлялі пра масавыя затрыманьні 14 траўня. МУС Грузіі заявіла, што за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням паліцыі і дробнае хуліганства затрымалі 13 чалавек, і паабяцала «строгую прававую рэакцыю» на дзеяньні ўдзельнікаў мітынгу. У паведамленьні МУС гаворыцца, што пратэстоўцы пасьля пашкоджаньня жалезнай агароджы «ў выніку здолелі пракрасьціся на тэрыторыю парлямэнту».
У ведамстве сьцьвярджаюць, што пратэстоўцы пачалі кідаць у сілавікоў розныя прадметы, таму «праваахоўнікі прымянілі прапарцыйную сілу і спэцыяльныя сродкі».
СМІ паведамлялі пра прымяненьне сілавікамі пярцовага спрэю ў дачыненьні да ўдзельнікаў мітынгу.
Мітынгі ў Тбілісі працягваюцца ўжо каля месяца. Галоўны лёзунг пратэставага руху: «Не расейскаму закону!».
- Некалькі гадзін таму 14 траўня парлямэнт Грузіі ў трэцім, канчатковым чытаньні зацьвердзіў так званы закон аб «іншаземных агентах». За зацьвярджэньне скандальнай ініцыятывы «Грузінскай мары» прагаласавалі 84 дэпутаты — нягледзячы на пратэсты дзясяткаў тысяч грамадзян краіны, якія выходзяць на акцыі, і крытыку міжнародных партнэраў Грузіі. 30 апазыцыянэраў прагаласавалі супраць.
- Закон, прыняты парлямэнтам, у 10-дзённы тэрмін перададуць прэзыдэнту Грузіі. Саламэ Зурабішвілі раней паабяцала, што накладзе вэта на законапраект.
- Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт у 2-тыднёвы тэрмін падпісвае і публікуе закон або з матываванымі заўвагамі вяртае яго ў парлямэнт. У «Грузінскай мары» ёсьць дастаткова галасоў, каб пераадолець вэта. Калі і пасьля гэтага прэзыдэнт не падпіша закон, яго падпісвае і публікуе старшыня парлямэнту. Як мяркуецца, «Мара» можа канчаткова зацьвердзіць закон у сярэдзіне чэрвеня.
Форум