Гаворачы пра беларусаў замежжа і дэмакратычныя сілы, Лукашэнка заявіў, што «дзеля зьмены ўлады ў Беларусі яны сапраўды гатовыя на ўсё» і цяпер нібыта «карэктуюць асноўныя кірункі сілавога сцэнару адпаведных дзеяньняў» і «арганізацыю «„нацыянальна-вызваленчага руху“ на тэрыторыі Беларусі» — у сувязі з гэтым Лукашэнка згадаў так званы плян «Перамога 2.0».
Таксама Лукашэнка заявіў пра падрыхтоўку «беларускага вызваленчага войска», аснову якога павінны скласьці полк Каліноўскага і іншыя добраахвотніцкія фармаваньні, навучаньне і вайсковую падрыхтоўку беларусаў у Польшчы, краінах Балтыі, «іншых эўрапейскіх дзяржавах» і прыгразіў ім наступствамі, адзначыўшы, што «размова зь імі ня будзе доўгай».
«Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут (у Беларусі. — Рэд.), раю ўжо забыцца пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў», — дадаў Лукашэнка.
- З 2020 году зь Беларусі з прычыны палітычных рэпрэсіяў, паводле розных падлікаў, зьехалі ад 350 да 500 тысяч чалавек. І ў 2024 годзе правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца, асноўныя свабоды знаходзяцца ў крытычна ўразьлівым становішчы, бесперапынна адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў, адзначаюць праваабронцы «Вясны».
- Па стане на 25 красавіка, у Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца 1398 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Акрамя таго, па стане на канец сакавіка сама меней 1 680 палітвязьняў ужо выйшлі зь месцаў зьняволеньня. Рэальная колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць большай, адзначаюць праваабаронцы.
- Палітычных апанэнтаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой, у Беларусі пачалі судзіць завочна ў рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня». Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму) і інш.
- Таксама вядомыя выпадкі, калі праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія знаходзяцца за мяжой або ў зьняволеньні, канфіскоўвалі іх маёмасьць у Беларусі, а пасьля прадавалі з аўкцыёнаў.
Форум