Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — пра фініш свайго палітычнага жыцьця


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пасьля абраньня старшынём прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу Аляксандар Лукашэнка расказаў пра свае палітычныя пляны.

«Нам трэба спакойна прайсьці гэты пэрыяд. А я хачу, каб фініш майго палітычнага жыцьця быў годным, як і ўсе вы, і каб мы не загубілі тое, што стварылі сваімі рукамі. Я пайду на спачын толькі тады, калі вы мне ў нейкай форме скажаце: „Усё“. І калі побач будзе стаяць чалавек, які ня здрадзіць, які будзе ісьці на барыкады, не баючыся, які ня будзе лічыцца ні з чым, нават з уласным жыцьцём», — цытуе яго БЕЛТА.

Пры гэтым ён не сказаў, што сыходзіць зьбіраецца бліжэйшым часам: «Калі людзі скажуць, што я павінен ісьці на выбары, я пайду. Але калі скажуць — хопіць, вось ёсьць чалавек, мужчына ці жанчына... Хутчэй мужчына, вядома, таму што галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі. Хоць калі Мірончык-Іванова пойдзе — то нічога. Яна і ў штанах выйдзе, і рубане. Але ўсё ж такі гэта мужчынская пасада».

Анастасія Мірончык-Іванова — праўладная спартоўка.

Выступаючы перад дэлегатамі УНС, Лукашэнка таксама заявіў:

«Зараз выдзелілі вялікія грошы, мільёны даляраў, асобным беглым на тое, каб разгарнуць у сродках масавай інфармацыі атаку, магутную. У канцы яна, вядома, сканцэнтраваная на прэзыдэнце. Не хацеў гэта казаць, але скажу: запомніце, усякія размовы аб тым, што я ці мае дзеці карыстаюцца чымсьці, дабротамі ад дзяржавы за дзяржаўны бюджэт; ці я кагосьці „крышую“ і камусьці дапамагаю; яны мне недзе нечага даюць ці гатовы даць; або маю недзе грошы ці то ў арабскіх краінах, ці то яшчэ недзе — глупства поўнае.

Таму я заўсёды кажу пра тое, вы ведаеце, дзе мае мільярды схаваныя — забірайце. Жадаеце — дам расьпіску. Нікому ня верце. Я ніколі ня быў злодзеем і не дазволю сабе і сваім дзецям ніколі гэтага. Нікому ня верце. Гэта звычайнае напампоўваньне сытуацыі, каб настроіць вас супраць мяне. Я вам ня здраджваў і ніколі ня здраджу, якія б праблемы ў мяне ні былі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG