Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПВК «Вагнэр» аднавіла набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку. Стала вядома, хто гэтым займаецца ў Беларусі


Пасьля ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне вагнэраўцы сустракаюцца з моладзьдзю. Сустрэча ў Омскім дзяржаўным унівэрсытэце. Ілюстрацыйнае фота
Пасьля ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне вагнэраўцы сустракаюцца з моладзьдзю. Сустрэча ў Омскім дзяржаўным унівэрсытэце. Ілюстрацыйнае фота

Набор пачаўся зь лютага, а новым камандзірам вайсковай кампаніі зьяўляецца Антон Елізараў.

Прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» аднавіла пасьля гадавога перапынку набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку.

Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода, за апошні месяц афіцыйны Telegram-канал ПВК «Вагнэр» апублікаваў каля двух дзясяткаў паведамленьняў аб пачатку набору.

Выданьне «Вёрстка» супольнага з праектам Nordsint высьветлілі, хто адказвае за вэрбаваньне. Сьцьвярджаецца, што набор ажыцьцяўляецца зь лютага, а новым камандзірам вайсковай кампаніі зьяўляецца Антон Елізараў.

У сакавіку 2023 году ПВК не набірала наймітаў у Афрыку, бо фармавала падразьдзелы для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. Цяпер, калі меркаваць па публікацыях у Telegram-каналах, зьвязаных з «Вагнэрам», набіраюць байцоў для ўдзелу ў апэрацыях у Малі ў Заходняй Афрыцы. У сярэдзіне лютага гэтыя ж рэсурсы паведамілі, што палкоўнік Асімі Гаіта, які прадстаўляе ўладу Малі, прадоўжыў дамову з ПВК «Вагнэр» на разьмяшчэньне яе падразьдзелаў у краіне.

Паводле зьвестак журналістаў, цяпер з наймітаў фармуюць штурмавыя атрады, частку зь іх накіроўваюць у атрад па кіраваньні дронамі. Арганізатары набору абвясьцілі, што прымаюць на кантракт ад 6 месяцаў і больш мужчын ва ўзросьце ад 22 да 50 гадоў і абяцаюць ім заробак ад 240 тысяч рублёў і страхаваньне жыцьця. Аналягічныя ўмовы прапанавалі раней тым, хто хацеў ваяваць ва Ўкраіне.

Набор праводзяць ня толькі сярод грамадзян Расеі, а і Беларусі

У Беларусі набор ажыцьцяўляецца праз Telegram-канал «Отечество» — асабісты блог інструктара групы «Вагнэр» пад пазыўным «Брэст», які, як паведамляецца ў выходных зьвестках каналу, зьяўляецца афіцэрам запасу сіл спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Сьцьвярджаецца, што ён мае сямігадовы баявы досьвед у так званай «ДНР», Сырыі, Судане, Лібіі і «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі ва Ўкраіне.

Пасьля няўдалага паходу на Маскву кіраўніка і спонсара ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў чэрвені 2023 году Ўладзімір Пуцін прапанаваў чальцам ПВК, якія ўсьвядомілі «трагічную памылку», некалькі варыянтаў на выбар, у тым ліку «пайсьці ў Беларусь».

Для іх у вёсцы Цэль пад Асіповічамі стварылі адмысловы лягер. Але пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына 23 жніўня 2023 году лягер пачалі разьбіраць.

Пазьней стала вядома, што інструктары ПВК «Вагнэр» займаюцца падрыхтоўкай вайскоўцаў Унутраных войскаў МУС Беларусі, а перад гэтым праводзілі трэнінгі з Узброенымі сіламі Беларусі і іншымі сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі.

Застаюцца дзейнымі і юрыдычна зарэгістраванымі ў вёсцы Цэль дзьве фірмы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр» — ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога пазначаны Яўгеній Прыгожын, і «Група Вагнэр». Асноўны від дзейнасьці першай — «кіраваньне нерухомай маёмасьцю», а другой — «іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі».

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG