Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпянкоў дапусьціў, што ўнутраным войскам падчас выбараў дапамогуць вагнэраўцы


Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

Намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў дапусьціў удзел наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у мерапрыемствах МУС у пэрыяд выбараў у Беларусі.

Гэта вынікае зь ягоных заяваў у інтэрвію тэлеканалу СТБ 11 лютага, піша «Позірк». Паводле Мікалая Карпянкова, унутраныя войскі напярэдадні «Адзінага дня галасаваньня» будуць праяўляць асаблівую пільнасьць.

«Нельга чакаць, так бы мовіць, разьвіцьця той ці іншай сытуацыі — мы ня будзем. Мы будзем працаваць толькі на апярэджаньне. Ну і я скажу, што з намі тут знаходзяцца інструктары і дарадцы ПВК „Вагнэра“. Калі што, яны гатовы да гэтай сытуацыі недзе падключыцца, аказаць дапамогу», — адзначыў ён.

Паводле яго, інструктары ПВК за сем месяцаў падрыхтавалі 1,6 тыс. спэцыялістаў унутраных войскаў.

9 лютага тэлеграм-канал унутраных войскаў паведаміў аб завяршэньні шостага сэзону курсу тактыка-спэцыяльнай падрыхтоўкі вайскоўцаў спэцпадразьдзелаў унутраных войскаў з удзелам ПВК «Вагнэр». Кожны ўдзельнік атрымаў адметны знак — шаўрон, «які могуць насіць толькі вайскоўцы, якія прайшлі курс інтэнсіўнай падрыхтоўкі з інструктарамі, якія маюць баявы досьвед».

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаны ў задушэньні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG