На цырымоніі ўзнагароджваньня «Вясны» ўнівэрсытэтам Граца 22 сакавіка 2024 году прысутнічалі прадстаўнікі і прадстаўніцы DIGNITY — Дацкага інстытуту супраць катаваньняў, беларускія праваабаронцы, прадстаўнікі Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў (Беларусь), Эўрапейскага камітэту папярэджаньня катаваньняў, Bellingcat, Truth Hounds, Human Rights Watch, а таксама АБСЭ.
На цырымоніі гаварылася пра палітычны перасьлед беларусаў і беларусак. Прысутныя глыбока разумелі кантэкст таго, што адбываецца: напрыклад, калі згадалі Марыю Калесьнікаву, прагучала кампазыцыя з удзелам флейты.
Пасьля ўручэньня прэміі адбылося пленарнае паседжаньне, дзе абмеркавалі падыход, арыентаваны на ахвяр, практыку прымяненьня матэрыялаў з адкрытых крыніц і магчымасьці іх выкарыстаньня ў расьсьледаваньнях, унікальнасьць Плятформы і магчымасьць выкарыстоўваць ейны досьвед у іншых сытуацыях і ў іншых краінах. «Вясна» падзялілася сваім досьведам працы з ахвярамі. Ён грунтуецца на павазе, прыманьні ўсіх пацярпелых, зь якімі спэцыялісты і спэцыялісткі камунікуюць падчас дакумэнтаваньня, і індывідуальным падыходзе да іх. Гэта знайшло водгук у прысутных.
«Для ўнівэрсытэту свабода выкладаньня і дасьледаваньняў мае першараднае значэньне. З гэтым непарыўна зьвязаныя такія каштоўнасьці, як свабода ад незаконных перасьледаў, свабода выказваньня меркаваньняў і свабода фармаваць сваё жыцьцё ў адпаведнасьці са сваімі ідэямі, — сказаў Пітэр Рыдлер, рэктар унівэрсытэту Граца. — Узнагарода IAPB выяўляе гэтую прыхільнасьць і падкрэсьлівае важнасьць правоў чалавека для нашага ўнівэрсытэту».
Расмус Гру Крыстэнсэн, кіраўнік няўрадавай арганізацыі DIGNITY, якая ўзначальвае IAPB, адзначыў, што гэтая ўзнагарода — важнае прызнаньне ўнікальных і інавацыйных асаблівасьцяў IAPB:
«Цяпер у турмах знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў, — нагадаў ён, апісваючы сытуацыю ў Беларусі. — Вызваленыя з турмы працягваюць паведамляць, што іх катавалі ў турме і падвяргалі іншым формам жорсткага абыходжаньня. Беларусы, якія ўцякаюць з краіны, рызыкуюць экспрапрыяцыяй пакінутай імі маёмасьці і стратай грамадзянства».
Прадстаўніца «Вясны» Паліна расказала, што падчас імпрэзы шмат увагі аддавалі росту рэпрэсій, умовам утрыманьня беларусаў у месцах зьняволеньня, практыцы інкамунікада і перасьледу беларусаў за мяжой.
Як працуе Плятформа?
- Плятформа была створаная ў 2021 годзе, каб дакумэнтаваць злачынствы супраць правоў чалавека ў Беларусі і прыцягваць пазьней вінаватых да адказнасьці. Дагэтуль было задакумэнтавана каля 2500 паведамленьняў пацярпелых і сьведак. Умовы, у якіх працуе Плятформа ў Беларусі, унікальныя тым, што ўлады не намагаюцца расьсьледаваць грубыя парушэньні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасьці, не прызнаючы іх факту. Таму Плятформа па меры магчымасьці запаўняе гэтыя прабелы.
- У складзе Плятформы — дзьве беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія знаходзяцца ў кантэксьце ўсіх падзей і маюць прамую даверную сувязь зь беларусамі: Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў.
- Асноўная мэта плятформы — зьбіраць, кансалідаваць, правяраць і захоўваць інфармацыю і доказы сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, уключаючы катаваньні, учыненыя ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі і ў наступны пэрыяд. Ідэя ў тым, каб стварыць «хаб» або сховішча такой кансалідаванай інфармацыі і высакаякасных доказаў з розных крыніц. Мэта гэтага сховішча — падтрымаць органы пракуратуры і крымінальныя працэсы ў нацыянальных судах у адпаведнасьці з прынцыпам унівэрсальнай юрысдыкцыі, а таксама любыя іншыя адпаведныя працэдуры прыцягненьня да адказнасьці. Гэта ўключае і экспэртызу ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, зь якой у «Вясны» наладжанае выдатнае і цеснае супрацоўніцтва.
- «Вясна» пачала зьбіраць гісторыі катаваньняў з 2020 году. На жаль, гэтая праца працягваецца дагэтуль. Арганізацыя просіць сьведак гвалту працягваць знаходзіць мужнасьць і мець зносіны з праваабаронцамі.