9 лютага праваабаронцы шэрагу арганізацый правялі сумесную прэс-канфэрэнцыю, на якой расказалі пра масавы перасьлед родных палітвязьняў, які адбыўся напрыканцы студзеня.
Прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў адзначыў, што ў апошнія два тыдні беларуская грамадзкасьць сутыкнулася з новай зьявай — масавыя рэпрэсіі закранулі сваякоў палітзьняволеных і тых людзей, якія дапамагалі сем’ям пацярпелых.
«Праваабаронцы зафіксавалі ня ўсе выпадкі, мы дакладна ведаем пра 229 чалавек, якіх затрымалі за гэтыя два тыдні. Затрымлівалі людзей па сьпісах Е-дастаўкі, сеткі гіпэрмаркетаў „Гіпа“ — пайшлі па сем’ях палітзьняволеных», — адзначыў Касінераў.
Прадстаўніца «Вясны» Яна Галаган паведаміла, што дакладна вядома пра 24 чалавек, у дачыненьні да якіх заведзеныя крымінальныя справы, людзі знаходзяцца ў статусе падазраваных ці абвінавачаных:
«Мы ведаем і пра крымінальныя артыкулы, якія выстаўляюць людзям: 361-1; 361-2; 361-4 — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».
Па зьвестках праваабаронцаў, мінімум 43 чалавекі былі затрыманыя па адміністрацыйных артыкулах.
«Упершыню суды адбываліся паводле артыкула 24.14 КаАП (парушэньне парадку выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі), які раней ніколі не выкарыстоўваўся ў практыцы палітычнага перасьледу», — кажа Яна Галаган.
Праваабаронцы запэўнілі, што адміністрацыйныя працэсы можна абскарджваць і што трэба даводзіць справу да канца.
Па іх зьвестках, людзі, якія трапілі пад рэпрэсіі, утрымліваліся ў жудасных умовах. На іх чыніўся фізычны, маральны ціск, яны былі пазбаўленыя тэлефонаў.
«Людзі просяць дапамогі, каб зьехаць»
Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак кажа, што вельмі шмат людзей зьвярнуліся з просьбай аб эвакуацыі.
«Пікавыя значэньні ў апошнія два тыдні павялічыліся ў тры разы. Людзі напалоханыя, просяць дапамогі, каб хутчэй зьехаць з краіны. Некаторых ужо ўдалося эвакуаваць, хутка будуць агучаныя імёны, некаторыя ўжо ў бясьпецы. Працы ў нашых валянтэраў цяпер вельмі шмат, бо атака была вельмі магутная», — заўважыў Андрэй Стрыжак.
Прадстаўніца фонду «Страна для жизни» Вольга Зазулінская запэўніла, што дапамога палітзьняволеным ня будзе спыненая. Праваабаронцы цяпер пераглядаюць пратаколы бясьпекі, бо ў ранейшым фармаце працаваць ужо не атрымаецца.
Заснавальнік ByHelp Аляксей Лявончык разглядае магчымасьць ажыцьцяўляць грашовую дапамогу. Ён таксама адзначыў, што атака за гарызантальную салідарнасьць адбываецца па паўночнакарэйскім сцэнары. Мэта — застрашыць людзей.
«Арыштоўвалі нават тых, хто пісаў лісты, хто дасылаў перадачы ў СІЗА і калёніі. Мы запэўніваем, што ня спынім дапамогу. Нягледзячы на тое, што істотна вырасла колькасьць заявак. Грошы ў нас ёсьць, працягваем дапамагаць унутры краіны», — кажа Аляксей Лявончык.
Каманда ByHelp працуе напоўніцу, нікога не арыштавалі, не затрымалі, запэўніў Аляксей.
На аблавах працавалі 174 сьледчыя
Паводле праваабаронцаў, адчуваецца, што да гэтай апэрацыі сілавікі рыхтаваліся доўга.
«На аблавах былі задзейнічаныя 174 сьледчыя. Некаторыя імёны сьледчых вядомыя. Інфармацыю мы зьбіраем, усе факты фіксуем», — заўважыла Вольга Зазулінская.