Для міліцэйскіх фатаздымкаў існуе неафіцыйны тэрмін — mug shot (ці магшот). З 2020 году сотні тысяч беларусаў і беларусак, затрыманых з палітычных прычынаў, прайшлі праз такія «фатасэсіі» ў РУУСах, СІЗА, калёніях. У праекце «Магшоты палітвязьняў» беларусы і беларускі падзяліліся з праваабаронцамі гісторыямі таго, як іх фатаграфавалі ў месцах няволі.
Атрымаць «на памяць» ад дзяржавы такі фатаздымак могуць толькі былыя зьняволеныя па крымінальных артыкулах пасьля вызваленьня, і то ня ўсе. У некаторых палітвязьняў гэта адзіны фатаздымак за два-тры гады жыцьця. Праваабаронцы спыталі амаль 60 былых палітвязьняў пра такія фатаздымкі — толькі ў паловы зь іх захаваліся магшоты рознай якасьці. Гэта фатаздымкі з даведак аб вызваленьні і «жоўтых бірак», якія рабіліся ў калёніях, сьледчых ізалятарах, на «хіміі» і нават у лячэбна-працоўным прафілякторыі (ЛПП).
Праваабаронцы папрасілі былых палітвязьняў адказаць на адны і тыя ж пытаньні наконт магшотаў: што гэта за фатаздымак, у якіх умовах здымалі, што адбывалася побач і хто фатаграфаваў, што чалавек адчуваў у момант здымкі і што адчувае і ўзгадвае цяпер, калі глядзіць на гэта фота, а таксама што гэтае фота значыць для яго і ці будзе былы палітвязень яго захоўваць.
Пачытаць усе гісторыі і паглядзець магшоты былых палітвязьняў, якімі яны падзяліліся з праваабаронцамі, можна пад спасылкай на сайце праекту. Падаем некалькі такіх гісторый.
«Гэта першыя хвіліны, як я надзела на сябе ружовы мяшок». Жанчыны пра фота на бірку пасьля этапу ў калёнію
Напярэдадні Міжнароднага дня правоў жанчын праваабаронцы «Вясны» апублікавалі некаторыя аповеды жанчын-палітвязьняў, якія паўдзельнічалі ў праекце «Магшоты палітвязьняў».
Фігурантка «справы студэнтаў» Кася Будзько ўзгадвае, што магшот зрабілі 20-22 кастрычніка 2021 году пасьля цяжкага этапу ў жаночую гомельскую калёнію № 4:
«Як толькі ты трапляеш на тэрыторыю калёніі, цябе адразу абшукваюць, усе твае рэчы забіраюць і выдаюць жудасную форму. Як толькі ты надзяеш гэтую форму — адбываецца фатаграфаваньне. Стан, у якім цябе зафіксавалі на гэтай фатаграфіі, вельмі дзіўны. Ты толькі што перажыла этап — больш за восем гадзін транспартаваньня ў аўтазаках, цягніку, кайданках. Ня лепшы перажыты час. І вось ты нарэшце дабралася да калёніі, дзе ў цябе толькі што забралі ўсе твае рэчы, ты пакуль наагул не разумееш, што адбываецца... І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: „Станавіся да сьцяны — мы цябе сфатаграфуем!“ Там нельга зрабіць некалькі дубляў. Адзін дубль — на ўвесь твой тэрмін.
Мне ня вельмі падабаецца гэты фатаздымак. Мне здаецца, што я выглядаю на ёй вельмі па-дурному. Я памятаю, як адчувала сябе ў тым моманце, і гэта непрыемнае адчуваньне. Мне было вельмі непрыемна знаходзіцца ў гэтай сукенцы. Гэта былі першыя хвіліны, як я надзела на сябе гэты ружовы мяшок, і мне было настолькі дыскамфортна... Я ня ведаю, як гэта апісаць — гэта было агідна».
Былая палітзьняволеная Ася Булыбенка распавяла:
«Я досыць цьмяна памятаю гэты момант, бо было вельмі кантрастна пасьля СІЗА — пасьля замерзлага жыцьця — трапіць у калёнію. Гэта было літаральна ў першыя некалькі гадзін, як мы прыехалі. Нам выдалі форму. Гэта адбывалася досыць бязладна. Мы ўвесь час чакалі, каб кудысьці пайсьці, пагаварыць з кімсьці. І ў нейкі з такіх момантаў мне кажуць: „Заходзь у сэкцыю!“ Там стаялі некалькі асуджаных, якія трымалі белую прасьціну. Мне кажуць устаць... І мяне ўжо фатаграфуюць. Я нават не зразумела, што адбываецца. Я заходжу ў гэтую сэкцыю з калідору, там гэты фатограф робіць кадар... На фота ў мяне трохі разгублены погляд, бо я не пасьпела зразумець, што адбываецца, дзе я і што за прасьціна».
Актывістка Алана Гебрэмарыям узгадала цяжкасьці этапу:
«Калі не памыляюся, здымак быў зроблены 09.10.2021 у будынку атраду „карантыну“, дзе мы знаходзіліся 14 дзён па прыбыцьці ў калёнію. Гэтаму моманту папярэднічаў вельмі складаны — эмацыйна і фізычна — шлях: этап з СІЗА-1 на аўтазаку да сталыпінскага вагону (гэта цягнік, які езьдзіць праз усе СІЗА краіны і вязе асуджаных і вязьняў у калёніі ці іншыя далёкія СІЗА) і цягніка да жаночай калёніі.
З чатырма цяжкімі торбамі, якія прымушалі пераносіць на сабе адначасова, пад крыкі і пагрозы сілавікоў, пад забароны дапамагаць мне, я перасоўвалася паміж часткамі гэтай вандроўкі, слухала дзікія гісторыі спадарожнікаў, асуджаных па розных артыкулах, і ня спала ўсю ноч у дрыготкім набітым 15 людзьмі і задымленым вагончыку. Па прыезьдзе ў калёнію абсалютна не адчувалася палёгкі, бо з самага ранку да вечара мы перацягвалі нажытае, хутка прымалі душ, выкідвалі забароненыя рэчы па сьпісе, праходзілі доўгі вобшук, у тым ліку „голы“, і атрымоўвалі свой камплект робы — уніформы.
Пасьля таго як я адзелася і перайшла ў актавую залю атраду „карантыну“ з пакінутымі мне рэчамі, мне „селі на вушы“ і пачалі дыктаваць далейшыя інструкцыі і даваць падпісаць розныя арганізацыйныя паперы. У гэты момант я адчула адчай, злосьць, моцную трывогу, неймаверную стомленасьць і бясьсільле, якія стаялі ў горле камяком. Адчуваньне, што я страціла штосьці вельмі важнае».
Былую палітзьняволеную ў «справе цюкоў» Вольгу Дубовік фатаграфавалі на «жоўтую бірку» ў красавіку 2022 году. Паводле яе, супрацоўнікі калёніі фатаграфавалі ў першы ж дзень па чарзе ўсіх, хто толькі прыехаў.
«Позна ўвечары пачаўся этап з Магілёва ў Гомель. Ехалі ў „сталыпіне“ ўсю ноч, таму нармальна ня выспаліся. Потым як звычайна: „шмон“, душ, сартаваньне рэчаў (што можна браць з сабой, а што ідзе на склад). Нам усім выдалі аднолькавую форму, мы запаўнялі нейкія тэсты і была іншая мітусьня. Затое мы ўбачылі вуліцу — дрэвы і дамы, нармальныя вокны бязь „вейчыкаў“, зь якіх бачны прагулачны дворык і нейкія склады. Убачыла сваё адлюстраваньне ў люстэрку пры нармальным асьвятленьні. І хутка было заканчэньне тэрміну — праз тры тыдні! Але ў гэтым я не была дакладна ўпэўненая, баялася, што маглі адкапаць яшчэ што-небудзь зь мінулага. Так што была стомленая, але настрой быў нядрэнны».