У гэты дзень Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў (FIDH/OMCT) і 36 праваабарончых арганізацый па ўсім сьвеце выступілі з супольнай заявай, у якой запатрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча, а таксама сябраў «Вясны» Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка ды ўсіх іншых беларускіх палітвязьняў, і заклікалі міжнародную супольнасьць выкарыстоўваць усе наяўныя дыпляматычныя, палітычныя і іншыя сродкі, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачваньняў.
Праваабаронцы выказалі сур’ёзную занепакоенасьць «высокай рызыкай катаваньняў і жорсткага абыходжаньня», зь якімі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч могуць сутыкацца ў зьняволеньні.
У пачатку траўня 2023 году Алеся Бяляцкага перавялі СІЗА № 1 у папраўчую калёнію № 9 у Горках, якая лічыцца адной з самых суровых турмаў у Беларусі і добра вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня, асабліва для палітвязьняў. У лістападзе 2023 году стала вядома, што Бяляцкага зьмясьцілі ў ПКТ. Доўгі час яму адмаўлялі ў кантакце з адвакатам і сваякамі, якія ня могуць яму тэлефанаваць і пісаць лісты. Бяляцкі, імаверна, не атрымлівае лістоў і пасылак з волі. Адміністрацыя турмы адмаўляецца прымаць пасылкі зь лекамі ад сваякоў Бяляцкага, і стан яго здароўя застаецца невядомым.
У заяве праваабаронцы таксама выказваюць занепакоенасьць становішчам Уладзімера Лабковіча, які знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 17, і Валянціна Стэфановіча, зьмешчанага ў папраўчую калёнію № 15, дзе яго прымушалі выконваць вельмі шкодную і нізкааплатную працу. У студзені 2024 года Валянціна Стэфановіча таксама перавялі ў ПКТ, пры гэтым яму дазваляюць знаходзіцца на сьвежым паветры ўсяго 30 хвілін на дзень. Валянцін Стэфановіч атрымлівае толькі лісты або пасылкі ад сямʼі, званкі і візіыты сваякоў забароненыя.
На працягу 17 месяцаў папярэдняга зьняволеньні (пасьля іх адвольнага арышту 14 ліпеня 2021 году) Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч утрымліваліся ў жахлівых умовах, з моцна абмежаваным доступам да адвакатаў, мэдычнай дапамогі і зносінаў, адзначаюць праваабаронцы. У сьнежні 2023 году ўсіх траіх праваабаронцаў уключылі ў сьпіс «экстрэмістаў» МУС, што прывяло да далейшага ціску на іх.
Заяву падпісалі:
- АДЦ «Мэмарыял»
- Amnesty International
- ARTICLE 19
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава
- Беларускі Хэльсынкскі Камітэт
- Бір Дуйно Кыргызстан
- Цэнтар грамадзянскіх свабодаў
- Інстытут грамадзянскай супольнасьці ў Армэніі
- Civil Rights Defenders
- DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаваньняў
- European Exchange/Europäischer Austausch gGmbH
- FIDH
- Front Line Defenders
- Цэнтар правоў чалавека (HRC)
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Цэнтар абароны правоў чалавека «Мэмарыял»
- Фонд «Дом правоў чалавека»
- Human Rights Watch
- Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI)
- Фонд «Міжнародная праўная ініцыятыва» (ili Foundation)
- Міжнароднае партнэрства правоў чалавека (IPHR)
- Італьянская фэдэрацыя правоў чалавека (FIDU)
- Казахстанскае Міжнароднае бюро правоў чалавека і захаваньня законнасьці (KIBHR)
- Харкаўская праваабарончая група (KHPG)
- Lawtrend
- Праўная ініцыятыва
- Libereco — Партнэрства ў абарону правоў чалавека
- Нідэрляндскі Хэльсынскі Камітэт
- Нарвэскі Хэльсынскі Камітэт
- OMCT
- Östgruppen
- Беларускі ПЭН
- People in Need
- Promo-LEX
- REDRESS
- Respect-Protect-Fulfill
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.