21 сакавіка ў Вільні трагічна загінуў былы беларускі добраахвотнік, паведаміла ў тэлеграме добраахвотніцкае аб’яднаньне беларусаў у Літве «Ліцьвіны». Гэта дабраахвотнік «Туз». Таксама здарэньне Свабодзе пацьвердзілі іншыя крыніцы.
Паліцыя высьвятляе абставіны трагедыі.
Імя і прозьвішча дабраахвотніка не называецца ў мэтах бясьпекі.
«Туз» вярнуўся ў Вільню з фронту ў канцы лютага, апошнім часам ён ваяваў у складзе 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. Свабода запісвала ягоныя развагі пра вайну і сябе да другой гадавіны паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Можа гэта пэсымізм, а можа рэалізм. Мне хочацца верыць, што я ня моцна зьмяніўся. У нейкіх пытаньнях я стаў больш упэўнены ў сабе, чым гэта было ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Тады я, як і большасьць, хаваўся, уцякаў. Сёньня я бачу шмат непрыемных і жудасных рэчаў, і нейкі АМАП цяпер ужо не такі страшны, як раней.
Я стаў больш патрабавальным. Людзі, якія вакол мяне сёньня, павінны быць адказнымі нават у дробных пытаньнях. Бо ад гэтага можа залежаць жыцьцё тваё і тваіх пабрацімаў.
Хочацца верыць, што больш жорсткім я ня стаў. Я разумею, што ёсьць нейкае разьмежаваньне між вайной і цывільным жыцьцём. І гэта зусім розныя рэчы», — казаў ён.