Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК завёў справу на прадстаўнікоў «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа», пачаліся ператрусы


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь, архіўнае ілюстрацыйнае фота

20 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да прадстаўнікоў «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа».

У ведамстве сьцьвярджаюць, што маюць інфармацыю больш як пра 100 прадстаўнікоў «радыкальных дыяспараў».

Справу завялі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

У СК заявілі, што прадстаўнікі «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа» нібыта спрабавалі прычыніць «шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

«Цяпер Сьледчы камітэт мае поўную інфармацыю больш як пра 100 прадстаўнікоў радыкальных дыяспараў. Ужо ўстаноўлена больш як 30 аб’ектаў нерухомай маёмасьці, якія належаць фігурантам на тэрыторыі нашай краіны», — паведамілі ў СК.

Ведамства прыгразіла ўжыць усе магчымыя меры для прыцягненьня фігурантаў справы да адказнасьці і кампэнсацыі імі шкоды, «у тым ліку ў рамках працэдуры спэцыяльнага вядзеньня». Канкрэтныя імёны падазраваных СК не назваў.

«Да дзесяці выпадкаў». Што вядома пра ператрусы ў актывістаў замежнай дыяспары

У Беларусі праходзяць ператрусы па справе супраць актывістаў дыяспары. Пра гэта паведамляе Андрэй Стрыжак з фонда BySol.

Заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак пракамэнтаваў Свабодзе ператрусы ў актывістаў дыяспары 20 сакавіка.

«Пакуль нам вядома да дзесяці выпадкаў. Пакуль гэта не дзясяткі. Справа супраць актывістаў дыяспары перакрыжоўваецца па пэрсаналіях і з чальцамі Каардынацыйнай рады і з Офісам Ціханоўскай. Можа быць дастаткова шмат перакрыжаваньняў. Да часткі людзей могуць прыйсьці ўжо некалькі разоў за апошні час. Ім няважна, што людзі могуць не быць у Беларусі ўжо вельмі доўга», — распавёў Андрэй Стрыжак.

На думку Андрэя Стрыжака, сілавікам гэта патрэбна для ўнутраных справаздачаў.

«Яны павінны неяк дэманстраваць сваю працу. На запужваньне гэта ўжо не працуе, бо людзі ведаюць пра такую пагрозу. Для нас гэта стала ўжо звычайнай працоўнай сытуацыяй», — сказаў Стрыжак.

Адна з з прадстаўніц замежнай дыяспары на ўмове ананімнасьці распавяла Свабодзе дэталі ператрусу.

«Звычайны вобшук па месцы рэгістрацыі, дзе я даўно ўжо не жыву. Ставіліся абыякава, фармальна, бо ведалі, што я даўно там не жыву. Што шукалі, ня ведаю. Можа думалі, што я ў шафе хаваюся. Ніякай маёмасьці я ў Беларусі даўно не маю. Гэта ўжо другі вобшук, першы быў па іншай крыміналцы», — распавяла актывістка.

20 сакавіка стала вядома пра тое, што Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Крымінальная справа распачата па арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Што такое «Народныя амбасады»

  • Калі пад канец восені 2020 году стала зразумела, што ў сьвеце не хапае інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і што афіцыйныя амбасады Беларусі больш ня могуць паўнавартасна выконваць свае абавязкі і прадстаўляць інтарэсы беларускага народу, актывісты ініцыятывы «Беларусы замежжа» вырашылі стварыць так званыя «народныя амбасады» — «дзеля абароны правоў беларускіх грамадзян за мяжой, а таксама прадстаўніцтва інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі».
  • 10 сьнежня 2020 году адкрылі 15 першых народных амбасадаў Беларусі ў розных краінах. Цяпер, паводле афіцыйнага сайту ініцыятывы belarusabroad.org, народныя амбасады і консульствы дзейнічаюць у 24 краінах сьвету.
  • На пачатку сакавіка ініцыятывы «Народныя амбасады» і"Беларусы замежжа" прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG