Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што захады, якія адбываюцца ў межах праверкі баявой гатоўнасьці, будуць нарошчвацца.
«У рамках праверкі прадугледжаны прызыў вайсковаабавязаных з запасу», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.
У часе праверкі асабовы склад павінен выканаць «увесь комплекс захадаў у падрыхтоўцы ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі да выкарыстаньня, а таксама ў заладаваньні на транспарт запасаў матэрыяльна-тэхнічных сродкаў».
Падчас праверкі баявой гатоўнасьці беларускага войска, якая пачалася 11 сакавіка, ва Ўкраіне без папярэдняга абвяшчэньня на мяжы зь Беларусьсю правялі контрадывэрсійныя захады з удзелам Міністэрства ўнутраных справаў, Службы бясьпекі, Сілаў тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны ўведзеныя міжнародныя санкцыі для Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.