Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна спартоўка зь Беларусі атрымала польскае грамадзянства


Карына Казлоўская падчас выступаў у складзе зборнай Беларусі, архіўнае фота
Карына Казлоўская падчас выступаў у складзе зборнай Беларусі, архіўнае фота

Беларуская лучніца Карына Казлоўская атрымала польскае грамадзянства. Пра гэта яна сама днямі расказала ў Інстаграме, заўважыла выданьне Tribuna. Раней Казлоўская ўжо прадстаўляла Польшчу на міжнародных спаборніцтвах.

«Я вельмі шчасьлівая, што мая мара зьдзейсьнілася і што я паўнавартасная полька. Рада, што ў маёй сям’і я першая, у каго ня толькі нацыянальнасьць, але і грамадзянства польскае», — напісала ў сваім Інстаграме Карына Казлоўская.

Нягледзячы на тое, што польскае грамадзянства Казлоўская атрымала толькі цяпер, яна ўжо прадстаўляла Польшчу на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. Напрыклад, у чэрвені 2023-га з польскай нацыянальнай камандай Карына Казлоўская ўзяла бронзу на Кубку Эўропы.

У кастрычніку 2023 году Казлоўская заявіла, што прыпыняе карʼеру праз канфлікт зь Янам Лахам — дырэктарам і трэнэрам клюбу «Лучнік», які прадстаўляла. Спартоўка была незадаволеная нагрузкамі і ўвогуле стаўленьнем да сябе. Паводле яе, дырэктар нават даходзіў да абразаў па нацыянальнай прыкмеце. Казлоўскую звольнілі з клюбу з фармулёўкай «за прагулы», але дзяўчына падала ў суд з намерам зьмяніць фармулёўку. Нядаўна яна заявіла, што выйграла справу.

У лютым 2024-га Карына Казлоўская аднавіла спартовую карʼеру, працягнуўшы выступаць за той самы «Лучнік» з гораду Жывец, але на міжнародныя спаборніцтвы летась зьезьдзіла толькі раз — стала 35-й у асабістым першынстве на турніры ў Славеніі. У алімпійскі склад Казлоўская ня трапіла — як сьцьвярджае лучніца, яе ў клюбе проста не адпусьцілі на адбор у зборную.

Пасьля таго як Казлоўская выйграла ў судзе, яна сказала, што будзе думаць, што рабіць са сваёй карʼерай далей. Зьмяніць клюб няпроста — у кантракце ёсьць пункт, паводле якога ў выпадку сыходу або яна, або яе новы працадаўца мусяць выплаціць вялікую кампэнсацыю.

Зьмена спартоўкамі беларускага грамадзянства на польскае — цяпер ужо не адзінкавая зьява, адзначае выданьне. Ужо некалькі гадоў з польскім пашпартам выступаюць беларускія лёгкаатлеткі Крысьціна Ціманоўская і Марына Жодзік, якія ўжо выступаюць за Польшчу. Увесну 2021 году атрымала польскае грамадзянства і адмовілася ад беларускага бягуха Маргарыта Качанава, яна таксама спрабуе выбудаваць кар'еру ў зборнай Польшчы. У працэсе атрыманьня польскага грамадзянства цяпер парусьніца Анастасія Валькевіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG