Мэксыка пагадзілася разьмясьціць на сваёй паўночнай мяжы дадатковыя сілы, каб супрацьдзейнічаць нелегальнай міграцыі і кантрабандзе наркотыкаў, асабліва фэнтанілу, напісаў Трамп у сацыяльных сетках.
Агенцтва Reuters таксама цытуе прэзыдэнтку Мэксыкі Кляўдыю Шэйнбаўм, паводле якой ЗША таксама абяцалі змагацца зь незаконным пастаўкамі зброі ў Мэксыку. Трамп і Шэйнбаўм мелі тэлефонную размову за некалькі гадзінаў да таго, як новыя тарыфы ЗША супраць Мэксыкі, Канады і Кітаю меліся ўступіць у сілу.
Паводле Трампа, цягам наступнага месяца адбудуцца далейшыя перамовы паміж ЗША і Мэксыкай. Трамп таксама сказаў, што размаўляў з прэм'ер-міністрам Канады Джастынам Трудо і правядзе наступную размову а 15-й гадзіне паводле Вашынгтону (22-й паводле менскага часу).
Белы дом анансаваў новыя тарыфы ў канцы мінулага тыдня.
«Прэзыдэнт заўтра ўвядзе 25-адсоткавы тарыф на Мэксыку, 25-адсоткавы тарыф на Канаду і 10-адсоткавы тарыф на Кітай», — паведаміла прэсавая сакратарка адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Кэралайн Лівіт.
Канада і Мэксыка абвясьцілі, што ў адказ увядуць тарыфы на тавары з ЗША.
У нядзелю Трамп таксама заявіў у Вашынгтоне, што наступнымі стануць тарыфы на тавары з Эўразьвязу. Ён, аднак, не назваў канкрэтных тэрмінаў, калі яны будуць уведзеныя.
Форум