Паліцыя Кома, гораду ў італьянскім рэгіёне Лямбардыя, затрымала 54-гадовага грамадзяніна Беларусі. Яго абвінавацілі ў пагрозе з ужываньнем зброі і незаконным захоўваньні зброі, паведамляе прэс-служба паліцыі Кома.
Як расказалі ў паліцыі, у ноч з 1 на 2 лютага 54-гадовы кіроўца грузавіка, раней не судзімы грамадзянін Беларусі, на паркоўцы «Lario Tir» напаў з нажом на іншых кіроўцаў грузавікоў.
А 1.30 ночы паведамленьне пра бойку паміж кіроўцамі грузавікоў, адзін зь якіх узброены, паступіла ў паліцыю — на месца накіравалі патрульную машыну. Супрацоўнікі паліцыі абяззброілі 54-гадовага беларуса і затрымалі яго. Паведамляецца, што мужчына меў нож зь лязом даўжынёй амаль 10 сантымэтраў.
«Афіцэры неадкладна сабралі розныя сьведчаньні пра інцыдэнт, якія пацьвярджаюць, што беларус наўмысна напаў на групу іншых прысутных кіроўцаў грузавікоў і пагражаў забойствам проста таму, што чуў, як яны размаўлялі з украінскім акцэнтам», — гаворыцца ў паведамленьні паліцыі.
Іншыя дэталі і акалічнасьці здарэньня не паведамляюцца.
Беларуса даставілі ў пастарунак. На яго завялі крымінальную справу паводле артыкулаў аб пагрозе пры абцяжваючых абставінах з ужываньнем зброі і аб незаконным захоўваньні зброі. Цяпер мужчына на волі.
Таксама ў паведамленьні паліцыі гаворыцца, што беларус прыбыў у Італію ў канцы студзеня на сваім грузавіку.
Форум