У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што з 14 сакавіка да 5 красавіка пад кіраўніцтвам Воранаўскага раённага выканаўчага камітэту Горадзенскай вобласьці адбудуцца навучальныя зборы з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў.
«Мэта збораў — павысіць навыкі адказных асобаў раённага выканаўчага камітэту ў фармаваньні вайсковых частак тэрытарыяльных войскаў, а вайсковаабавязаных — у выкананьні прызначаных задачаў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У часе збораў плянуюць сфармаваць і падрыхтаваць атрад «народнага апалчэньня», аднавіць навыкі каманднага складу ў кіраваньні падначаленымі, а таксама падрыхтаваць вайсковаабавязаных да выкананьня задачаў адпаведна вайскова-ўліковым спэцыяльнасьцям і пасадам.
«Мерапрыемства мае плянавы характар і праводзіцца згодна з плянам падрыхтоўкі да выкананьня задач адпаведна прызначэньню органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абароны і вайсковых частак тэрытарыяльных войскаў у 2023/2024 навучальным годзе», — падкрэсьлілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сілаў .
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі, намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што вучэньні праводзяцца ў адказ на вучэньні NATO паблізу межаў Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі для Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.