Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінсувязі патлумачылі праблемы з інтэрнэтам у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве сувязі Беларусі патлумачылі апошнія праблемы з сувязьзю ў краіне «ўсплёскам ужываньня». Праблемы з доступам да інтэрнэту ў беларусаў пачаліся з пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Гістарычна склалася, што Беларусь спазьняецца з запускам тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў, разам з тым апошнім часам у краіне назіраецца «ўсплёск спажываньня», заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ начальнік упраўленьня электрасувязі і рэгуляваньня радыёчастотнага спэктра Мінсувязі і інфарматызацыі Дзьмітрый Корзун. Так ён патлумачыў праблемы з сувязьзю, якія назіраюцца ў Беларусі.

Корзун нагадаў, што ў Беларусі сувязь пакаленьня 2G пачала працаваць толькі ў 2009 годзе, і гэта, паводле яго, «як мінімум адставаньне ад эўрапейскіх дзяржаў на 8 гадоў».

«Мы ўвесь час як бы даганяем. Але вось апошнія чатыры гады быў проста ўсплёск спажываньня. Зьявілася вельмі шмат відэасэрвісаў, і раптам гэта захапіла аўдыторыю», — канстатаваў прадстаўнік Мінсувязі.

У якасьці прыкладу чыноўнік прывёў рост папулярнасьці TikTok у Беларусі: паводле яго, «усплёск быў прыкладна ў пяць разоў», разам з тым апэратары сувязі за гэты час «павялічылі сваю інфраструктуру ўсяго толькі на 25% у сілу шэрагу аб’ектыўных абставінаў».

Перабоі з інтэрнэтам у Беларусі пачаліся незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году, якія, паводле міжнародных арганізацый, насілі несвабоды і недэмакратычны характар, і вынікі якіх не прызналі ў дэмакратычным сьвеце.

  • Яшчэ ў канцы кастрычніка 2024 году карыстальнікі інтэрнэту ад розных беларускіх інтэрнэт-правайдэраў пачалі скардзіцца ў сацсетках на кепскую сувязь. На сайтах шэрагу правайдэраў зьявіліся паведамленьні пра DDoS-атакі.
  • 22 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыгразіў, што ў выпадку масавых акцыяў пратэсту, аналягічных тым, што адбыліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, цалкам адключыць інтэрнэт. У 2020 годзе, пачынаючы зь дня выбараў 9 жніўня, па ўсёй Беларусі былі перабоі з інтэрнэтам цягам некалькі дзён. Пасьля інтэрнэт «глушылі» ў часе акцый пратэсту, якія праходзілі па нядзелях.
  • 9 студзеня 2025 году Белтэлекам паведаміў аб правядзеньні прафіляктычных работ 10 студзеня і магчымае абмежаваньне доступу да інтэрнэту для абанэнтаў Менску і Гомельскай вобласьці. Пасьля гэтага ў ноч на 10 студзеня карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube, сацыяльных сетак Facebook і Instagram, мэсэнджара Telegram і іншых папулярных сэрвісаў. Пра праблемы паведамлялі жыхары як Менску, так і абласных цэнтраў і раённых гарадоў.
  • 20 студзеня Белтэлекам зноў анансаваў магчымыя праблемы з інтэрнэтам у Беларусі ў сувязі з чарговымі тэхнічнымі работамі.
  • 21 студзеня Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы інфармацыю аб адключэньні інтэрнэту, якую, паводле яго, «распаўсюджваюць ягоныя апанэнты за мяжой», заявіў, што «няма ніякай неабходнасьці ў адключэньні інтэрнэту перад выбарамі і ў дзень галасаваньня» і што ён загадаў «безь ягонага ведама гэтага не рабіць».
  • Напярэдадні асноўнага дня галасаваньня, 25 студзеня, карыстальнікі зь Беларусі сутыкнуліся са складанасьцямі пры выкарыстаньні VPN-сэрвісаў і асобных замежных сайтаў. Праблемы закранулі жыхароў Менску і ўсіх абласьцей Беларусі. Цяжкасьці былі пры выкарыстаньні і хатняга, і мабільнага інтэрнэту.
  • Пра збоі ў працы інтэрнэту і VPN-сэрвісаў у Беларусі карыстальнікі працягвалі паведамляць і пасьля выбараў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG