Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК пачаў «спэцыяльнае вядзеньне» супраць трох вядомых грамадзкіх дзеячоў

абноўлена

Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Сьледчы камітэт Беларусі распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны разгляд справы) супраць трох вядомых беларускіх грамадзкіх дзеячоў, паведаміла прэс-служба ведамства 14 сакавіка.

Сяргея Верамеенку і Ўладзімера Хільмановіча абвінавачваюць паводле артыкула аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яны за мяжой, іх могуць судзіць завочна.

Пазьней стала вядома і пра адкрыцьцё спэцвядзеньня супраць журналіста і праваабаронцы з Воршы Ігара Казьмерчака. Прэс-служба паведамляе, што яму неабходна зьявіцца ў аддзел Сьледчага камітэту. Аднак Казьмярчак з канца 2021 году жыве за мяжой. Ён галоўны рэдактар аршанскага рэгіянальнага парталу Orsha.eu, асноўнага незалежнага выданьня пра Аршаншчыну. Таксама Казьмярчак займаўся прадпрымальніцтвам, але краму ў яго забралі ўлады.

Што такое «спэцыяльнае вядзеньне»

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе могуць пачаць у дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Спэцыяльнае вядзеньне магчымае для 34 складоў злачынства, пераважна залічаных у цяжкія і асабліва цяжкія. Сярод іншых, гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцыяў і інш.

Спэцыяльнае вядзеньне справаў у Беларусі ўвялі для палітычных апанэнтаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой. Яно прадугледжвае завочны суд. Менавіта такім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна — таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Уладзімер Хільмановіч — беларускі гісторык, журналіст, праваабаронца, грамадзкі дзяяч. Адзін з заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі «Заходне-Беларускае згуртаваньне моладзі» (1989). Стаяў ля вытокаў стварэньня Горадзенскай асацыяцыі маладых навукоўцаў «ВІТ» (1995), Горадзенскага рэгіянальнага цэнтру грамадзкіх ініцыятываў «Трэці сэктар» (1996) і інш. З 2002 году сябра праваабарончага цэнтру «Вясна».

Сябра БАЖ і Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, Асацыяцыі спартовай прэсы Беларусі. Друкаваўся ў газэтах «Літаратура і мастацтва», «Гродзенская праўда», «Футбол Беларуси», «Прессбол», «Пагоня», «Наша Ніва», «Биржа информации» і інш. З 2004 году друкуецца ў беластоцкай газэце «Ніва» і на інтэрнэт-сайтах, з 2008 году вядзе перадачы на «Радыё Рацыя».

Сяргей Верамеенка — грамадзкі актывіст, былы гаспадар крамы з нацыянальнай сымболікай «Адметнасьць» у Горадні. Сябра руху «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Ня раз адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG