Супраць былой кіраўніцы горадзенскага дзіцячага госьпіса распачалі спэцвядзеньне, гэта значыць завочнае сьледзтва ў крымінальнай справе, пра што паведамілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.
Вользе Вялічцы гэтым разам інкрымінаваныя:
- ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці);
- арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці);
- ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да пэрсанальных дадзеных);
- ч. 3 арт. 210 КК (намер на завалоданьне маёмасьцю ў буйным памеры службовай асобай);
- ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
- чч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці);
- ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «незаконнае выкарыстаньне спонсарскай дапамогі» і за ўдзел у акцыі пратэсту. Восеньню 2020 году яна разам зь дзецьмі выехала зь Беларусі.
Горадзенскі дзіцячы госьпіс улады зьліквідавалі летась 20 жніўня.
Хто такая Вольга Вялічка
Вольга Вялічка апошнія 13 гадоў жыцьця прысьвяціла працы ў дзіцячым госьпісе ў Горадні. У 2007 годзе яна стварыла грамадзкую арганізацыю і кіравала госьпісам.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Вольга была незалежнай назіральніцай ад штабу Віктара Бабарыкі. З гэтага пачаліся праблемы — ператрусы і праверкі ў арганізацыі. Вольгу затрымлівалі, пакідалі на суткі ў ізалятары, штрафавалі за ўдзел у мітынгу. Калі зьявілася пагроза, што забяруць дзяцей, яна зь сям’ёй пераехала ў Вільню.
Раней у Беларусі на Вялічку завялі ўжо дзьве крымінальныя справы (за нясплату падаткаў і ўдзел у пратэстах) і ўключылі яе ў сьпісы Інтэрполу. У госьпісу забралі памяшканьне, а саму арганізацыю зьліквідавалі разам з сотняй іншых НДА.
У абарону Вольгі Вялічкі і дзіцячага госьпісу ў лістападзе 2020 году выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Быў апублікаваны заклік спыніць перасьлед Вольгі з палітычных прычынаў, аднак выніку ён не прынёс.
Раней Вольга Вялічка ў інтэрвію казала, што пасьля эміграцыі распачала працу ў прыватнай беларускай школе ў Вільні, паралельна спрабавала знайсьці грошы, каб госьпіс у Горадні мог працягваць дзейнасьць.